Прамінулы час не прынёс спакою ў сям’ю Шэлегаў. Натальлінага бацьку Вячаслава даймаюць выклікамі да сьледчага, а маці Марыя непакоіцца, як да дачкі пасьля здарэньня будуць ставіцца ў школе. Напад на Натальлю яна зьвязвае з грамадзкай дзейнасьцю мужа. Наш карэспандэнт сустрэўся з бацькамі дзяўчыны й пагутарыў пра здарэньне з жыхарамі мікрараёну, дзе жыве сям’я Шэлегаў.
Бабруйскі мікрараён № 5. Вуліца Батава. Ускраіна гораду. Непадалёк — буйны прамысловы асяродак Бабруйску зь вядомай «Белшынай». Побач з домам, дзе жыве Натальля, — школьны двор, зь якога яе выкралі ранкам 27 ліпеня. Пра цяперашні стан здароўя апавядае ейная маці Марыя:
«Я б сказала, што ня добрае. Яна дрэнна сьпіць. Па начах крычыць. Прачынаецца ўся мокрая. Увесь час баліць галава. Калі яна была ў лесе, у яе забралі ня толькі абутак, але і акуляры. Яна ішла навобмацак, у яе кепскі зрок. Зразумела, стрэс яна атрымала дужа моцны. Я ёй даю болей спаць. Супакаяльныя лекі штодня».
Натальля Шэлег перайшла ў адзінаццатую клясу. Паводле маці, ейная дачка — чалавек таварыскі. У яе шмат сяброў. Кажучы пра вучобу пасьля здарэньня, спадарыня Марыя згадвае выпадак, калі Натальлю запалохвалі:
«Апытвалі настаўнікаў, апытвалі дзяцей, таму ранейшага стаўленьня да яе, мне задаецца, больш ня будзе. Я адразу зразумела, што гэта ніяк не зьвязана зь дзецьмі. Да яе падышлі двое натрэніраваных лысых хлопцаў. Паводле ейнага апісаньня, гадоў па дваццаць пяць. Яе запалохвалі, каб не сустракалася з хлопцамі. Гэта былі надуманыя пагрозы. Я думаю, што гэта зьвязана з бацькам — зь яго палітычнай дзейнасьцю».
Натальлін бацька Вячаслаў кажа, што самае страшнае, што адбылося з дачкой, усё ж перажыта. Яна ў сям’і. Ён дзякуе тым, хто падтрымлівае ягоную сям’ю ў няпросты час. Асаблівых нараканьняў на адрас сьледзтва ў Вячаслава Шэлега няма.
«Я штодня сустракаўся са сьледчым. Усё расказваў, аказваючы садзеяньне сьледзтву. Першыя два дні, нават тры я адчуваў на сабе пільную ўвагу. Чакаў любой правакацыі зь іхнага боку. Цяпер я ўбачыў, што яны пачалі працаваць, прынамсі па тым, што я бачу, у іншых напрамках. Знаёмячыся з матэрыяламі справы, можна будзе ўбачыць, у якіх напрамках яны працавалі і які аб’ём працы выканалі».
Паводле спадара Шэлега, яму і дачцэ прапаноўвалі прайсьці дэтэктар хлусьні:
«Я езьдзіў да адваката. Адвакат патлумачыў, што гэтая працэдура не абавязковая, яна не прадугледжаная Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Я адмовіўся, каб не траўмаваць дзіця. І Натальля адмовілася. Бо там, як мне сказалі, пытаньні задаюцца розныя жыцьцёвыя і не абавязкова пра гэтую сытуацыю. Многіх яе сяброў выклікалі на дэтэктар хлусьні», — тлумачыць Вячаслаў Шэлег.
Высьветліць новыя акалічнасьці справы ў Сьледчым камітэце па Магілёўскай вобласьці не ўдалося. Справу аб зьбіцьці Натальлі Шэлег расьсьледуе Бабруйскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту. Узбуджаная яна паводле артыкула «Хуліганства».
Жыхары мікрараёну не прыгадваюць здарэньняў, падобных да таго, якое адбылося з Натальляй Шэлег. Бальшыня людзей даведаліся пра яго з публікацыяў у інтэрнэце альбо ад суседзяў. Што кажуць жыхары раёну?
Спадар: «Неадназначна ўспрынялося гэта ўсё. Я пакуль толькі прачытаў на адным сайце. Каб было больш інфармацыі з тых афіцыйных СМІ, то можна б было аналізаваць».
Спадарыні: «Я гэтаму спачатку не дала веры. Адразу падумалі, што гэта нейкі жарт. Цяпер нават ня ведаем, як рэагаваць. Вядома ж, страшна, калі гэта насамрэч адбылося. Гэта ж дзіця. Які там бацька і чым займаецца — гэта ж праблемы бацькі. А дзіця пры чым тут?»
Спадар: «Гэта ня выдумка. Яна ж ужо сама казала сьледчым, што нейкія мужыкі раней пагражалі. У нас тут такога не было. Упершыню такое».
Натальлю Шэлег невядомыя ўдарылі па галаве падчас ранішняй гімнастыкі, а калі яна страціла прытомнасьць, вывезьлі ў лес, дзе пакінулі, выпацкаўшы ў чорную фарбу ды забраўшы абутак. Дзяўчына, апрытомнеўшы, доўга блукала па лесе, пакуль ня выйшла на дарогу. Ёй удалося спыніць машыну. Праз тэлефон кіроўцы яна зьвязалася зь сям’ёй.
У Бабруйску прадстаўнікі грамадзкасьці стварылі камітэт «Абаронім нашых дзяцей». Як заяўляецца, ён будзе інфармаваць жыхароў гораду пра ход расьсьледаваньня справы, зьвязанай з нападам на Натальлю Шэлег.
У Вячаслава Шэлега свой бізнэс. У 2006 годзе, пасьля таго як у яго канфіскавалі партыю тавару, Вячаслаў заняўся грамадзкай дзейнасьцю. У 2008-м балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў. У звароце да выбарцаў казаў пра карупцыю ў структурах мясцовай улады. Пазьней стаў сябрам аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».