Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Шагал: Пэрэс можа наведаць Беларусь у канцы сваёй кадэнцыі


Шымон Пэрэс
Шымон Пэрэс

Ізраільскі прэзыдэнт Шымон Пэрэс можа наведаць Беларусь у наступным годзе.

Пра гэта паведаміў БелаПАН амбасадар Ізраіля ў Менску Ёсіф Шагал.

Камэнтуючы, чаму Пэрэс, наведаўшы Рыгу і Вільню ў канцы ліпеня, не прыехаў у Менск, Шагал сказаў, што візыт ізраільскага прэзыдэнта ў Беларусь ня быў заплянаваны.

«Улічваючы, што яму 90 гадоў, яго візыты звычайна плянуюцца ня менш, чым за год. Гэта цэлая гісторыя, там прадугледжваецца ўсё, аж да тэмпэратуры і мэблі», — патлумачыў дыплямат.

«Я размаўляў зь яго прэс-сакратаром два дні таму, і ён мне афіцыйна сказаў, што прэзыдэнт вельмі перажывае, што не змог прыехаць. Ён плянуе наведаць Беларусь у канцы сваёй кадэнцыі, гэта значыць на наступны год. Мяне, шчыра кажучы, зьдзівіла рэакцыя беларускай прэсы на тое, што ён не прыехаў. Я чуў і чытаў некалькі разоў, што нібыта прэзыдэнт Ізраіля не захацеў прыехаць. Афіцыйна заяўляю, што гэта ня так. Ён вельмі хацеў, але яго візыт у Літву і Латвію быў зьвярстаны за год да гэтага».

У той жа час, адзначыў амбасадар, ёсьць верагоднасьць, што Пэрэс будзе яшчэ раз балятавацца на пасаду кіраўніка ізраільскай дзяржавы і «яго шанцы высокія». Улічваючы, што ў Ізраілі прэзыдэнт абіраецца на сямігадовы тэрмін, жаданьне наведаць Беларусь «у канцы кадэнцыі» можа зацягнуцца, сказаў Шагал.

Незалежна ад таго, ці вырашыць Пэрэс у чарговы раз вылучаць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкую пасаду, ёсьць шанец, што пасада вышэйшага кіраўніка Ізраіля зноў дастанецца ураджэнцу Беларусі.

«Улічваючы шчыльнасьць пападаньня, а ў нас у сукупнасьці пяць прэзыдэнтаў і прэм’ер-міністар родам зь Беларусі, я ўжо не лічу дзеячаў ніжэйшага зьвяна, думаю, што верагоднасьць гэтага вельмі высокая», — адзначыў Ёсіф Шагал.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG