Лінкі ўнівэрсальнага доступу

90 гадоў аптымізму Шымона Пэрэса


Шымон Пэрэс, 9-ы па ліку прэзыдэнт Ізраілю, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, былы прэм’ер-міністар, міністар абароны, замежных спраў сваёй краіны, 2 жнiўня адзначае сваё 90-годзьдзе.

Пэрэс сёньня — найстарэйшы дзейны кіраўнік дзяржавы ў сьвеце. Ня кажучы ўжо пра тое, што ён адзіны ў сьвеце прэзыдэнт, які прымаў непасрэдны ўдзел у стварэньні сваёй дзяржавы.

Як усе заснавальнікі Ізраілю, Пэрэс — эмігрант, ён нарадзіўся ў Беларусі, у мястэчку Вішнева Валожынскага раёну, калісьці ён насіў імя Шымон Пэрскі.

Частка яго сям’і пераехала ў Тэль-Авіў ў 1934 годзе. Палітычную кар’еру Пэрэс пачаў яшчэ ў юнацтве і ішоў да ўлады досыць пасьпяхова — нягледзячы на тое, што не служыў у войску, што і тады, і цяпер у Ізраілі лічыцца сур’ёзным мінусам для кар’еры.

Як лічыць ізраільскі гісторык і публіцыст Эфраім Ганорыя, Пэрэс валодае талентам сябраваць з правільнымі людзьмі і наладжваць новыя сувязі, і менавіта гэта і дапамагло яму апынуцца наверсе:

«Шымон Пэрэс у пачатку кар’еры быў такім тыпам, якога вельмі не любілі. Ён ня быў у „Пальмаху“, ён не служыў у войску, ён лётаў у ЗША, калі тут ваявалі ... Гэта рабіла яго вельмі непапулярным. Але пачаткам яго шляху наверх было тое, што ён здолеў знайсьці падыход да Давіда Бэн-Гурыёна. Гэтым ён вельмі адрозьніваўся ад астатняй моладзі свайго пакаленьня — тых, хто лічыў, што яны змогуць прабіцца і паказаць сябе, калі будуць служыць у войску ці ў сілах бясьпекі. А Пэрэс стаў кіраўніком міністэрства бясьпекі, калі быў яшчэ маладым, і гэта абудзіла значны антаганізм да яго ў грамадзтве. Была нават папулярная песенька пра „блыху, якая трапіла наверх“. Нідзе наўпрост не гаварылася, што маюць на ўвазе Пэрэса, але ўсе ведалі, што гэтая песьня пра яго, пра блыху, якую ніхто ня бачыць, ніхто пра яе ня чуе, і раптам яна апынаецца наверсе».

Пэрэс, які, вядома, здаваўся зусім нязначнай пэрсонай на фоне тагачасных палітычных тытанаў, такіх як Бэн-Гурыён, Хаім Вэйцман, Голда Мэір, змог пры гэтым знайсьці карыснае ня толькі яму асабіста прымяненьне свайму таленту заводзіць знаёмствы:

«Узвышэньне Пэрэса па-сапраўднаму пачалося, калі ён стаў сябраваць з французскай палітычнай элітай, з левым урадам Гі Мале. Ён наладзіў зь імі выдатныя сувязі, і менавіта дзякуючы гэтым кантактам у Ізраіля разьвіліся добрыя партнэрскія адносіны з Францыяй. Французы пабудавалі Ізраілю атамны рэактар у Дымоне. Цяпер пра гэта не гавораць, але без спрыяньня французаў мы б рэактар тады не стварылі. Больш за тое, калі Пэрэс толькі дамовіўся пра гэта і далажыў Бэн-Гурыёну пра тое, што французы гатовыя гэта зрабіць, яго прынялі за фантазёра. І толькі калі Бэн-Гурыён сам сустрэўся з Гі Мале, ён зразумеў, што Пэрэс сапраўды ў стане дамагчыся вынікаў. І стаўленьне да яго стала іншым».

Фактычна на ўменьні наладжваць «сяброўства» і пабудаваная ўся палітычная кар’ера Пэрэса. І на прэзыдэнцкай пасадзе ён пачаў рабіць тое, чаго не рабілі ізраільскія прэзыдэнты з часоў Вэйцмана — езьдзіць у госьці і займацца прыёмам гасьцей, пастаянна дамаўляючыся і пастаянна наладжваючы сяброўскія адносіны тут і там. А таксама пастаянна прасоўваючы нейкія ізраільскія ініцыятывы.

Цяпер 90-гадовы Пэрэс па-ранейшаму працуе ізраільскай «цяжкай артылерыяй». Калі становішча краіны на міжнароднай арэне становіцца зусім складаным, дамаўляцца адпраўляецца ня рэзкі экс-кіраўнік МЗС Авігдор Лібэрман і ня добры прамоўца і досыць упарты лідэр Бэньямін Нэтаньягу, а Пэрэс, які валодае харызмай пажылога арыстакрата, зь мяккім польскім акцэнтам гаворыць на ангельскай і францускай мовах.

Ізраільская прэса любіць Шымона Пэрэса, таму аб яго правалах пішуць значна менш, чым маглі б. Як адзначае Эфраім Ганорыя, у вачах СМІ Пэрэс ужо мілы дзядуля, якому ў асноўным даруюць разнастайныя дзівацтвы, тады як прэм’ер-міністар Ізраілю — непаслухмяны хлапчук, якому ўзгадваюць нават дробныя агрэхі. У прыватнасьці, шум у прэсе з нагоды таго, якія сумы канцылярыя прэм’ер-міністра выдаткавала на марозіва за год, быў больш маштабны за абурэньне з нагоды кошту юбілею прэзыдэнта. Пры гэтым у выпадку марозіва гаворка ішла аб 10 тысячах шэкеляў, а прэзыдэнцкі юбілей каштаваў мільёны, уключаючы «падарунак» амаль на паўмільёна шэкеляў былому прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану, які меўся выступіць з прамовай.

Шымон Пэрэс у свае 90 гадоў усё яшчэ кажа тое, што думае. Вельмі верагодна, што гэта — адзін са складнікаў яго посьпеху, разам з уменьнем не засяроджвацца на няўдачах: Пэрэс нязьменна прайграваў на ўсіх прэзыдэнцкіх выбарах, у тым ліку перадапошніх, калі яго абышоў Машэ Кацаў. Пры гэтым цяпер Шымон Пэрэс — прэзыдэнт Дзяржавы Ізраіль і паважаная фігура ў сусьветнай палітыцы, а Машэ Кацаў — арыштант, які адбывае 7 гадоў турэмнага зьняволеньня за згвалтаваньне. Як выказаўся сам Пэрэс: «Паміраюць усе — і аптымісты, і пэсымісты. Гэта жывуць яны па-рознаму. Я аддаю перавагу жыць аптымістам».

______________________________________________

У траўні сёлета ў райцэнтры Валожыне і ў мястэчку Вішневе, на радзіме прэзыдэнта Ізраілю Шымона Пэрэса, прайшлі імпрэзы, прысьвечаныя 90-годзьдзю з дня яго нараджэньня.

З удзелам дачкі Пэрэса Цвіі Вальдэн і амбасадара Ізраіля Іосіфа Шагала была адкрытая выстава «Шымон Пэрэс: шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішневе на Прэзыдэнцкую вуліцу ў Ерусаліме». Быў таксама ўсталяваны памятны знак на месцы, дзе стаяў дом сям’і Пэрскіх і дзе нарадзіўся Шымон Пэрэс.

Ад сядзібы Пэрскіх у Вішневе захаваўся калодзеж, зь якога госьці папілі вады.

Шымон Пэрэс жыў у Вішневе да 11 гадоў, у 1934 годзе разам зь сям’ёю ён эміграваў у Палестыну. Усе ягоныя сваякі, якія засталіся ў Вішневе, загінулі падчас другой сусьветнай вайны.

На пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя Пэрэс, будучы міністрам замежных спраў Ізраілю, наведваў роднае мястэчка.

У год свайго юбілею прэзыдэнт Ізраілю ў Вішнева не прыехаў, затое наведаў днямі Вільню і Рыгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG