Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі 36 алігархаў падтрымалі Навальнага


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

Шэраг уладальнікаў буйных расейскіх інавацыйных інтэрнэт-кампаній выступілі ў падтрымку апазыцыянэра і кандыдата ў мэры Масквы Аляксея Навальнага.

Бізнэсоўцы заключылі з Навальным сацыяльны кантракт. У абмен на падтрымку фінансавымі і інфармацыйнымі сродкамі з боку прадпрымальнікаў Навальны абавязваецца абараняць вяршэнства закону, незалежнасьць судоў і падсправаздачнасьць чыноўнікаў грамадзтву.

Адпаведнае рашэньне было прынятае на сустрэчы палітыка з прадпрымальнікамі, якую арганізавалі заснавальнікі інтэрнэт-крамы Wikimart Каміль Курмакаеў і Максім Фалдзін.

«Маючыя адбыцца выбары – гэта шанец на зьмены і для нас, і для кандыдата ў мэры Масквы Аляксея Навальнага. Маючы ўсе магчымасьці для камфортнай кар'еры адваката, Навальны шмат гадоў вядзе адкрытую барацьбу з карумпаванымі чыноўнікамі. Нават сутыкнуўшыся зь ціскам і пагрозамі, Аляксей не адступіўся ад сваіх перакананьняў. І мы, і палітык Навальны зацікаўленыя ў тым, каб паставіць дзяржаўны апарат на службу закону. Таму мы падтрымліваем на сталічных выбарах менавіта гэтага кандыдата», – гаворыцца ў заяве.

Сярод падпісантаў пагадненьня, у прыватнасьці, прэзыдэнт кампаніі HeadHunter Юры Віравец, уладальнікі інтэрнэт-крамы Wikimart Каміль Курмакаеў і Максім Фалдзін, генэральны дырэктар сайту sports.ru Дзьмітры Навоша, заснавальнік праекту «Кинопоиск» Віталь Тацый.

У Беларусі не было выпадкаў, каб прадстаўнікі буйнога бізнэсу адкрыта выказвалі падтрымку апазыцыйнаму палітыку. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка неаднаразова пагражаў, што найменшая спроба прадпрымальнікаў узяць удзел у палітыцы выкліча рэпрэсіі адносна іх.

У лютым сёлета ён заявіў: «Калі хто-небудзь зь бізнэсоўцаў будзе фінансаваць пятую калёну ці нейкім іншым спосабам аказваць нэгатыўны ўплыў на грамадзтва, то я буду лічыць, што яны ўключыліся ў палітычную барацьбу – барацьбу супраць дзяржавы. А там свае законы, няхай потым не крыўдзяцца падобныя бізнэсоўцы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG