Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцаў Равяку і Лабковіча адпусьцілі. Пакуль

абноўлена

Міліцыя затрымала праваабаронцаў цэнтру «Вясна» Тацяну Равяку і Ўладзімера Лабковіча. Гэта адбылося ў 12.20.

17.00. Пратакол у дачыненьні да Уладзі Лабковіча ў сувязі з працэсуальнымі заганамі таксама адпраўлены на дапрацоўку.

16.50. Пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэньне ў дачыненьні да Тацяны Равякі адпраўлены на дапрацоўку, паколькі мае памылкі. Тацяну адпусьцілі.

16.40. У працэсе над Лабковічам судзьдзя Дзьмітры Паўлічэнка выслухаў бакі і пайшоў у дарадчы пакой пісаць рашэньне. Працэс над Тацянай Равякай яшчэ не пачаўся.

15.55 Праваабаронцаў прывезьлі ў суд Савецкага раёну

«Нас абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаваньні і зараз будуць судзіць па артыкуле 23.34. Доўга гаварыць не магу, бо могуць забраць тэлефон»,— пасьпела сказаць Свабодзе Тацяна Равяка.

Артыкул 23.34. «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў» прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу альбо арышту.

Тацяну Равяку судзіць судзьдзя Марына Фёдарава, Уладзю ЛабковічаДзьмітры Паўлічэнка, вядомы шматлікімі прысудамі апазыцыйным актывістам. Пакуль ён знаёміцца са справай.

15.50 Прадстаўніца Праваабарончага цэнтру «Вясна» Наста Лойка паведаміла, што ніякай новай інфармацыі ад Тацяны Равякі і Ўладзя Лабковіча няма, хоць прайшло больш за тры гадзіны з моманту затрыманьня.

«Верагодна, што сёньня адбудзецца суд над затрыманымі. Мы едзем у суд Савецкага раёну Менску, там ужо знаходзіцца адвакат», — распавяла Свабодзе Наста Лойка.

12.35 Лабковіч паведаміў карэспандэнту Свабоды, што знаходзіцца ў Савецкім РУУСе. На гэтым сувязь зь ім абарвалася.

У Менску ля ЦУМа праваабаронцы раздавалі паштоўкі з выявай палітвязьня Алеся Бяляцкага.

4 жніўня — гадавіна арышту Бяляцкага.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе 2011 году. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць і падтрымку сем’яў палітвязьняў.

Падрабязнасьці — пазьней на сайце Радыё Свабода
Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG