Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найлепшая кніга 1517 году


Калі піць асобна за кожную кніжку, выдадзеную Скарынам (за «Псалтыр» — сьлівовіцу, за «Бібліі» — грушкавіцу, за «Малую падарожную» і «Апостала» — мэрунькавіцу), дык з-за стала можна ўрэшце і не падняцца. Але напоі гэта будуць слушныя: менавіта ў Празе Чэскай 6 жніўня 1517 году Францішак Скарына, сын з Полацку, у лекарскіх навуках доктар, выдрукаваў першую беларускую кнігу — ці, як пішуць перакладчыкі ягонай прадмовы, «загадаў ціснуці „Псалтыр“ рускімі словамі славянскае мовы». І патлумачыў, чаму: «Найперш — для ўшанаваньня і хвалы Бога ў Тройцы адзінага і Прачыстай маці яго Марыі, і ўсіх нябесных чыноў, і сьвятых божых. А таксама — для карысьці паспалітага люду. I асабліва з тае прычыны, што мяне літасьцівы Бог з гэтае мовы на сьвет пусьціў».

Калі б кожны беларускі выдавец кіраваўся такімі матывамі — ён неўзабаве разарыўся б і павесіўся. А Скарына вось нічога — пасьля «Псалтыру» «загадаў ціснуці» яшчэ больш за два дзясяткі кніг і ўвайшоў у гісторыю.

Гісторыю, якая кожнага здольная зрабіць нелегалам. Дзе жыў Скарына ў Празе, невядома. І дзе была тая друкарня, таксама. Чэхі лічаць, што ён мог скарыстацца друкарнямі Сэвэрына або Конача; ёсьць меркаваньне, што Скарына мог замовіць друк у яўрэяў — бо яўрэйская друкарня знаходзілася ў Старым горадзе, а Скарына так пісаў: ціснута, маўляў, у Старым месьце Праскім. З кірылічнымі літарамі ў Празе былі часовыя перабоі, але абачлівы Скарына прывёз іх з сабой з Італіі.

Тое, што першай беларускай кнігай зрабіўся «Псалтыр», зусім ня дзіўна: яго цягаў з сабой кожны, хто ўважаў сябе за культурнага чалавека; заходзячы ў карчму, перш-наперш выкладвалі на стол «Псалтыр» і мераліся ўпотай, у каго круцейшы. Мераліся ня толькі асобныя грамадзяне — мераліся і цэлыя народы. Чэская біблія, вэнэцыянскім выданьнем якой карыстаўся Скарына пры перакладзе, зьявілася ў 1488 годзе, а беларуская ўсяго на нейкія трыццаць гадоў пазьней. Ёсьць чым ганарыцца.

Псалтыры ды Бібліі Скарыны — чыста аўтарскія праекты. Ніводзін біскуп і ніводзін мітрапаліт не ўхваліў дзейнасьці палачаніна, які абыходзіўся са сьвятымі кнігамі так вольна, быццам гэта бэлетрыстыка: разьмяшчаў у выданьнях свае партрэты і друкаваў побач прадмовы ўласнага сачыненьня. Нават цяпер перакладчык, ня кажучы ўжо пра выдаўца, так не рызыкуе. Ну, ды Скарына сам пісаў, што ягоныя кнігі «добрым людзям к навучэньню» — а іншыя самі знойдуць, чым ім заняцца.

Сталася так, што кожны беларускі выдавец — гэта такі сабе Скарына. Дык памятайма пра Псалтыр, ня псуйма паперу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG