Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сьвету нагадалі пра палітвязьняў


У Менску завяршыўся Шосты зьезд беларусаў сьвету, арганізаваны Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». У заключных дакумэнтах форуму ўдзельнікі заклікалі ўлады краіны бараніць нацыянальную мову і культуру, падтрымліваць беларусаў у замежжы і вызваліць палітвязьняў у Беларусі.

Другі дзень Шостага зьезду беларусаў сьвету распачаўся з таго, што дэлегаты распавядалі пра досьвед жыцьця і дзейнасьці беларускіх супольнасьцяў у сваіх краінах, а таксама аб праблемах сувязі беларусаў замежжа з уладамі Беларусі. Сярод іншых — кіраўніца беларускай супольнасьці ў польскім Гданьску Алена Глагоўская:

«Для беларусаў Польшчы цяпер ёсьць асноўная праблема. Ня ведаю, чым гэтак не дагадзілі ўладам Беларусі, але ня ўсе тут ёсьць. Да прыкладу, мой сябар Яўген Вапа — старшыня беларускага зьвязу ў Польшчы, галоўны рэдактар газэты „Ніва“ і дырэктар „Радыё Рацыя“ — неўязны ў Рэспубліку Беларусь. Ягоная непрысутнасьць тут шмат пра што кажа. І ўезд беларусаў Польшчы, якія цяпер тут, таксама да апошняга моманту стаяў пад знакам пытаньня. Калі чалавек увесь дзень мусіць правесьці ў консульстве ў чаканьні таго, што нехта дасьць дазвол паехаць на Шосты зьезд беларусаў ці не, то гэта адназначны паказчык стаўленьня да беларусаў за мяжой, у гэтым выпадку — у Польшчы».

Пра тое, што афіцыйныя ўлады дзеляць беларусаў на «сваіх» і «чужых» ня толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны, казалі многія прадстаўнікі нацыянальных суполак. У тым ліку — прэзыдэнт таварыства беларусаў Эстоніі Ніна Савінова:

«Да прыкладу, цягам апошніх трох гадоў я адчуваю такую зьнявагу з боку беларускага дыпляматычнага корпусу ў Эстоніі, што я зьвярнулася да Лукашэнкі з запытам: ці гэта ёсьць пазыцыя дзяржавы да беларусаў замежжа? Гэта жах, проста жах! Яны выяжджаюць на шыкоўных аўтамабілях, маюць добры аклад, маюць вялікі штат супрацоўнікаў. Дык чаго вы сюды прыехалі? Адседзець свой тэрмін і паглядзець, у якую багацейшую краіну паехаць? Ведаеце, гэта гвалт, проста гвалт».
Я адчуваю такую зьнявагу з боку беларускага дыпляматычнага корпусу ў Эстоніі, што я зьвярнулася да Лукашэнкі з запытам: ці гэта ёсьць пазыцыя дзяржавы да беларусаў замежжа?

Адначасна прадстаўнікі беларускіх суполак з Крыму і Малдовы выказвалі падзяку афіцыйным беларускім уладам, прамаўляючы па-расейску, а таксама ўхваляючы расейска-беларускае двумоўе. Былы старшыня Вярхоўнага Савету і ўдзельнік ранейшых зьездаў беларусаў сьвету Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што ў гэтым сэнсе цяперашні зьезд стаўся адрозным ад усіх папярэдніх:

«Я ў пэўнай роспачы, бо тут вельмі шмат людзей, якія ня ведаюць, што адбываецца ў Беларусі. У нядаўнім мінулым яны — этнічныя беларусы, і сталі гэткімі антыбеларускімі, што мне сорамна за іх. Выніковыя дакумэнты падрыхтаваныя нядрэнна, але і тут ёсьць недахопы. Бо калі, да прыкладу, пішацца пра вызваленьне палітвязьняў, але ня пішацца пра тое, што іх неабходна цалкам рэабілітаваць, то гэта азначае, што і тут, на месцы, мы забыліся, хто і чаму пакуты за нас прымае. А мы сядзім, праводзім зьезд і пляскаем у далоні трывіяльным і прымітыўным выступам. Мне падаецца, што трывіяльшчыны на гэтым зьезьдзе больш, чым на ўсіх папярэдніх разам узятых».

У другі дзень зьезду працавалі і сэкцыі, якія мелі на мэце выпрацоўку адзінага падыходу да вырашэньня шэрагу праблемаў, характэрных як для нацыянальных суполак за мяжой, так і для беларусаў на радзіме: асыміляцыя, пераемнасьць пакаленьняў, адсутнасьць дзяржаўнай падтрымкі. Акрамя праблемаў, удзельнікі форуму дзяліліся і аптымізмам, як іркуцкі беларус Алег Рудакоў:

«Першае і галоўнае — мы сабраліся разам і мусім усьвядоміць, што мо хопіць жаліцца на нейкія цяжкасьці. Мы ў Іркуцку ня маем падтрымкі ні ўладаў Беларусі, ні ўладаў Іркуцку, тым ня менш мы жывём і дзейнічаем. Проста трэба быць пасіянарнай асобай, прысьвяціць і ахвяраваць частку свайго жыцьця агульнай справе».

У другі дзень зьезду адбылася і прэзэнтацыя кніг беларусаў замежжа, у тым ліку з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» — кнігі «Жывая мова» Юрася Бушлякова.

Карэспандэнт Радыё Свабода Валер Каліноўскі: «Мова нас яднае, бяз мовы няма будучыні ў беларускага народа. І менавіта беларускай мове прысьвечаная апошняя, самая сьвежая кніжка з сэрыі „Бібліятэка Радыё Свабода“ — „Жывая мова“ Юрася Бушлякова. Гэта 41-я кніга ў сэрыі „Бібліятэка Радыё Свабода“. Сёньня, перад пачаткам другога дня Шостага зьезду беларусаў сьвету, я раздаваў гэтую кнігу пераважна прадстаўнікам беларускіх суполак у замежжы, каб яны маглі пазнаёміцца з кнігай Юрася Бушлякова. А таксама каб нешта ўзяць для сябе з гледзішча таго, як правільна і прыгожа гаварыць па-беларуску».

Вынікам Шостага зьезду беларусаў сьвету сталася прыняцьцё шэрагу рэзалюцыяў і зваротаў да ўладаў Беларусі, у тым ліку — аб захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны, беларускай мовы, аб законе ў абарону беларусаў замежжа, а таксама аб вызваленьні палітычных вязьняў. Аднак невядома, ці будуць гэтыя дакумэнты ўспрынятыя афіцыйнымі ўладамі краіны, кажа дэлегат зьезду Лявон Баршчэўскі:

«Беларускае грамадзтва і ўлады жывуць у паралельных прасторах і плоскасьцях. І тое, што сюды прыйшоў міністар культуры сказаць правільныя рэчы, то гэта ніяк не закранае тыя праблемы, якія насамрэч існуюць. А менавіта — сытуацыя ўнутранай асыміляцыі беларусаў. Калі тут будуць зьнікаць асновы беларускай культуры і беларуская мова, то як яны могуць быць захаваныя ў дыяспары? І гэта праблема. Яна найважнейшая, і зьезд ня можа дапамагчы яе вырашыць. Галоўнае з усяго — наколькі хто-небудзь з уладаў прыслухаецца да таго, што дэлегаты зьезду скажуць».

Сёмы зьезд беларусаў сьвету, паводле традыцыі, мае адбыцца ў Менску праз чатыры гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG