Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варламаў: Найперш мне трэба навучыцца быць свабодным
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:16 0:00
Наўпроставы лінк

Аляксандар Варламаў на волі

Варламаў: Мяне паставілі на месца

Суд Ленінскага раёну Менску прысудзіў Аляксандра Варламава да 5 гадоў абмежаваньня волі. Але залічылі час за кратамі: дзень за два. Яго вызвалілі ў залі суду пад падпіску аб нявыезьдзе.

13:36 23.7.2013
Скрабец: «Справа Варламава не была палітычнай»

Былы прадпрымальнік, дэпутат і палітвязень Сяргей Скрабец, ацэньваючы прысуд Аляксандру Варламаву, вылучае два моманты:

«Па-першае, гэта не палітычная справа. Таму яго і адпусьцілі. Бо калі параўнаць з маёй справай, то мне далі два з паловай гады. Я праседзеў за кратамі пад сьледзтвам 9 месяцаў. І мне можна было ўжо выходзіць на свабоду, на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Але гэтага ня здарылася. Мяне накіравалі на зону. І там мне начальнік сказаў, што я буду сядзець увесь тэрмін — ад званка да званка.

Таму я магу толькі парадавацца за Варламава, што яго адпусьцілі. Адпусьцілі таму, што ў яго справе не было палітычнага складніку.

Па-другое, што тычыцца мадэльных агенцтваў, казіно, клюбаў, то яны абслугоўваюць чыноўнікаў з вышэйшага складу нашай улады. Таму можна сказаць, што справа Варламава пераклікаецца са справай Данькова, з апошнім скандалам вакол абраньня міс Менску...».
12:41 23.7.2013
Сапелка: «Навошта хворага чалавека трымаць у турме?»

Юрыст Павал Сапелка адзначае:

«Я разумею, што па сутнасьці гэта была так званая гаспадарчая справа. То бок крымінальны перасьлед Варламава праводзіўся з-за ягонай гаспадарчай дзейнасьці.

Ведаючы, што стан яго здароўя быў даволі дрэнны, я не зусім разумеў тую меру стрыманьня, якую абралі для яго. Абсалютна не разумею, навошта хворага чалавека трымаць у турме і навошта затым хворага чалавека трымаць у клетцы, як бы на пацеху натоўпу.

Сам па сабе прысуд я камэнтаваць не хацеў бы».
12:20 23.7.2013
Гразнова: «Гэта ўрок іншым прадпрымальнікам»

Кіраўніца грамадзкай арганізацыі «Праваабарончы альянс», зарэгістраванай у Літве, Людміла Гразнова называе справу Варламава гучнай:

«Гэта ўрок ня толькі Варламаву, але і іншым прадпрымальнікам, каб яны ведалі сваё месца, каб яны не пашыралі свой бізнэс, каб яны працавалі ня толькі на сябе, але і, умоўна кажучы, на таго дзядзьку. І самае галоўнае, каб яны працавалі, не выходзячы за рамкі нашай аўтарытарнай, у тым ліку і эканамічнай, мадэлі. Таму ўсё ў справе Варламава лягічна і невыпадкова».
12:04 23.7.2013
Кавалёва: «Гэты суд — перасьцярога іншым творчым асобам»

Юрыст Антаніна Кавалёва, камэнтуючы Свабодзе прысуд Аляксандру Варламаву, адзначае:

«Мне здаецца, што гэта вельмі жорсткі прысуд асобе, якая шмат гадоў была абласканая ўладай. Гэтай асобе ўдзялялася вялікая ўвага ў мэдыях, ёй выдзяляліся сродкі на правядзеньне шэрагу акцыяў. Чалавек стварыў сабе пэўны імідж, і свайму агенцтву, і фэстывалю, які ён праводзіў. І шкада, што ўсё тое, што Варламаў зрабіў, некуды канула. І, як мне здаецца, не ацэнена па-сапраўднаму.

І вельмі шкада, што цаніць творцаў, цаніць тое, што яны зрабілі для Беларусі, мы пачынаем толькі тады, калі супраць іх ужываюцца рэпрэсіі і чыніцца несправядлівасьць. Тое, што падаецца пра гэты судовы працэс незалежнай прэсай і нават афіцыйнымі тэлеканаламі, выклікае адчуваньне несправядлівасьці. А як паказвае мой досьвед, у людзей заўсёды ёсьць адчуваньне, што добра, а што нядобра, што справядліва, а што несправядліва. І з усяго, што робіцца вакол Варламава, узьнікае адчуваньне несправядлівасьці, адчуваньне таго, што гэты працэс нейкі паказальны.

Мне падаецца, што адбываюцца пэўныя разборкі, падзел сфэраў уплыву. І перасьцярога іншым творчым людзям, каб яны не пераступалі пэўную мяжу».
11:45 23.7.2013
Варламаў падзяліўся сваімі першымі жаданьнямі на волі: схадзіць у царкву, а потым памыцца.
11:44 23.7.2013
Варламаў будзе знаходзіцца пад падпіскай яшчэ 8 месцаў.
11:43 23.7.2013
Радыё Свабода: Ці ёсьць у вашай справе палітычны складнік?

Варламаў: Мяне паставілі на месца.

Радыё Свабода: Калі вы былі за кратамі, прагучала вэрсія, што мадэлі з вашага агенцтва мусілі аказваць пэўныя паслугі высокаму начальству, а вы ўспрацівіліся. Такое было?

Варламаў выказаўся ў тым сэнсе, што яму ня варта зараз адказваць такім чынам, каб пагоршыць сваё становішча.
11:34 23.7.2013
Варламаў сказаў, што найперш зоймецца здароўем, «бо там, у СІЗА, ня лечаць».
11:29 23.7.2013
Варламаў сказаў, што фізычна адчувае сябе вельмі дрэнна.

Яму фактычна не давялося два гады хадзіць, ляжаў, толькі падымаўся ў прыбіральню.

«Зараз трэба зноў вучыцца хадзіць», кажа Варламаў.
11:27 23.7.2013
Варламаў паўтарыў, што ня лічыць сябе вінаватым.

Яго спыталіся: ці будзе вяртацца ў мадэльны бізнэс?

Адказ: «А хто мяне там чакае? Здаецца, там ўсё схоплена, размеркавана».

«У турме мне такіх прапановаў не паступала», — заявіў Варламаў.

Ён падзякаваў тым, хто ў яго верыў і падтрымліваў, не здрадзіў.
11:24 23.7.2013
Варламаў выйшаў у калідор.

На пытаньне Радыё Свабода, ці будзе ён абскарджваць прысуд завіў, што ня будзе траціць сілы на гэта, бо іх у яго мала.

«Мне трэба навучыцца зноў быць вольным», — заявіў Варламаў.

Сказаў, што адчувае вялікае задавальненьне, што зараз на волі.
11:12 23.7.2013
Варламаў 2 гады ня мае права займацца кіроўнай дзейнасьцю.

Ён будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам пакуль прысуд не пачне дзейнічаць.
11:10 23.7.2013
Сястра Варламава Рыма: «Быццам, гэта мяне вызваляюць. Нічога больш не магу сказаць».

11:08 23.7.2013
Далі пяць гадоў абмежаваньня волі, але залічылі час за кратамі: дзень за два.Такім чынам вызваляюць.

Наклалі грашовыя кампэнсацыі.

Людзі ў залі плачуць
11:06 23.7.2013
Варламава вызваляюць з-пад варты ў залі суду.
11:06 23.7.2013
Прыйшла судзьдзя.
11:03 23.7.2013
Прыйшоў пракурор Загароўскі.

Адвакат Піваварчык таксама ў залі.

Здымае БТ.
11:02 23.7.2013
Заля поўная журналістамі, сваякамі і сябрамі.

Варламаў сядзіць моўчкі, абапіраючыся на мыліцу.

Фота- і відэажурналісты яго здымаюць.

10:55 23.7.2013
Прысутных запускаюць у залю.
10:43 23.7.2013
Заключнае паседжаньне суду пачнецца аб 11-й гадзіне.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG