Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей у Брусэлі. Апошнія навіны

абноўлена

Пікет Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека супраць прыезду У.Макея ў Брусэль
Пікет Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека супраць прыезду У.Макея ў Брусэль

22 ліпеня міністры замежных справаў Эўразьвязу сабраліся на пасяджэньне, на якім абмеркавалі пэрспэктывы Ўсходняга партнэрства і саміт гэтай ініцыятывы, які мае адбыцца пад канец лістапада ў Вільні.

У пасяджэньні ўзялі ўдзел міністры замежных справаў шасьці краінаў-удзельнікаў Усходняга партнэрства — Азербайджану, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

Супраць удзелу міністра Ўладзімера Макея зь Беларусі ў гэтай сустрэчы пратэставала Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека, якая ў цэнтры Брусэлю зладзіла пікет.​

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей
Пасьля завяршэньня паседжаньня Ўладзімер Макей адказаў на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода Рыкарда Юзьвяка:

Радыё Свабода: Вы прыедзеце ў Вільню?

Уладзімер Макей: Я ня ведаю. Гэта Эўразьвяз будзе вырашаць

РС: Ці вы гаварылі пра гэта сёньня?

Макей: Мы гаварылі пра Віленскі саміт, пра дэклярацыю, мы зрабілі некалькі прапановаў у дэклярацыю, у першую чаргу, тое, што ўсе дзяржавы-партнэры павінны трактавацца аднолькава, не дыскрымінавацца. І мы праявілі нашую зацікаўленасьць у супрацы ва ўсіх сфэрах «Усходняга партнэрства». І мы думаем, што актыўнасьць па канкрэтных праектах павінна быць галоўным кампанэнтам віленскай дэклярацыі, гэта дапаможа палепшыць бачнасьць «Усходняга партнэрства» у краінах Эўразьвязу і краінах-партнэрах. І мы павінны зьвярнуць больш увагі на бізнэс-вымярэньне. Вось гэта нашыя прапановы.

РС: А ці вы гаварылі пра зьняцьце санкцыяў узамен на вызваленьне палітвязьняў?..

Макей (перабіваючы): Мы абмеркавалі ўсе пункты, якія стаялі на парадку дня што да нашай супрацы з Эўразьвязам.



Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус пра сустрэчу з Уладзімірам Макеем:

«Выступаў беларускі міністр замежных спраў. Вядома, заўсёды ёсьць поле для крытыкі, але ў параўнаньні з папярэднімі заявамі і прэзэнтацыямі я заўважыў пэўны канструктыўны падыход і жаданьне размаўляць, супрацоўнічаць, пераймаць досьвед у дэмакратызацыі сsстэмы. Таксама ёсьць разуменьне важнасьці бізнэс-форуму, які мае адбыцца ў межах Саміту „Усходняга Партнэрства“. Вядома, поле для ўдасканальваньня вельмі вялікае, але я бачу канструктыўныя зрухі».


«Мы хочам паслухаць, што яны гатовыя зрабіць»


Карл Більт
Карл Більт
Гэтак міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт адказаў на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода Рыкарда Юзьвяка пра мэту запрашэньня на сустрэчу міністраў замежных справаў ЭЗ і краін Усходняга партнэрства кіраўніка МЗС Беларусі Ўладзімера Макея.

Більт: Больш за ўсё цікава, што яны скажуць. Усходняе партнэрства вылучае прапановы і адкрывае магчымасьці, але мы патрабуем палітычных рэформаў зь іх боку. Мы ладзім гэтыя сустрэчы, каб паслухаць, што яны гатовыя зрабіць.

РС: Што вы хочаце, каб яны зрабілі напярэдадні саміту Партнэрства ў лістападзе?

Більдт: Гэта не абмяжоўваецца пэрспэктывай лістапада. Гэта шырэй, і мы вылучылі вельмі выразныя патрабаваньні — гэта вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў.


Вігенін: Лукашэнку ў Вільні бачыць ня хочуць

Крысьціян Вігенін
Крысьціян Вігенін
Міністар замежных справаў Баўгарыі Крысьціян Вігенін лічыць, што запрашэньне Ўладзімера Макея на сёньняшюю сустрэчу міністраў замежных справаў Эзразьвязу было добрай ідэяй з боку Брусэлю.

«Беларусі трэба даць магчымасьць стаць часткай працэсу Ўсходняга партнэрства. Выключна ад Менску залежыць, як зрэагаваць на тыя станоўчыя сыгналы, якія мы ім паслалі. Я думаю, Беларусь павінна паставіцца да гэтых сыгналаў сур’ёзна, і я маю надзею, што яны зробяць нейкія крокі ў сувязі з гэтым. Калі не, мы застанемся на тым самым узроўні, на якім былі дагэтуль. Адзіным пытаньнем, якое застанецца, будзе пытаньне пра тое, ці трэба нам, і на якім узроўні, запрасіць кіраўніцтва Беларусі на саміт Усходняга партнэрства. У мяне такое адчуваньне, што эўрапейскія кіраўнікі не хацелі б бачыць на гэтым саміце Лукашэнку» — сказаў Крысьціян Вігенін нашаму карэспандэнту Рыкарду Юзьвяку.

Лінкявічус: Чакаю, што Макей будзе канструктыўны

Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус, міністар замежных справаў Літвы, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, выказаў спадзяваньне, што міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей прыехаў на сёньняшнюю сустрэчу ў Бруселі з канструктыўнымі прапановамі.

У прыватнасьці, міністар Лінкявічус сказаў нашаму брусэльскаму карэспандэнту, Рыкарду Юзьвяку:

«Я маю надзею, што ён будзе настроены канструктыўна і будзе гатовы абмяркоўваць пытаньні, якія мы ўздымаем, а не адпіхваць іх. Як я казаў раней, мы хацелі б бачыць Беларусь за сталом перамоваў падчас саміту Ўсходняга партнэрства ў Вільні, але перад сёньняшняй сустрэчай пра гэта яшчэ зарана гаварыць».

Лінкявічус пацьвердзіў, што ўмовай размарожваньня стасункаў Брусэлю зь Менскам зьяўляецца вызваленьне палітвязьняў.


Андрэй Ягораў: Сэнсацый чакаць не выпадае

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў
Ад прысутнасьці спадара Макея ў Брусэлі нічога сэнсацыйнага чакаць не выпадае, — упэўнены дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі ў Менску Андрэй Ягораў:

«Гэта такая працоўная сустрэча напярэдадні саміту ў Вільні. І на ёй будуць абмяркоўвацца пытаньні працоўнага характару ў сувязі з выкананьнем пэўных дамоўленасьцяў, якія былі паміж Эўрапейскім Зьвязам і краінамі-партнэрамі ў ходзе рэалізацыі ініцыятывы. Там будуць абмяркоўвацца магчымая асацыяцыя Ўкраіны, ход дамоўленасьцяў у межах дарожнай мапы ды іншае. У гэтых рамках усё будзе і вагацца. Таму, я думаю, у Макея будуць пытацца пра дамовы аб малым транспамежным руху, пра шэраг энэргетычных і мытных пытаньняў».

Карэспандэнт: «А ці можна спадзявацца на нейкія кулюарныя перамовы»?

Ягораў: «Я думаю, тут асабліва ніякіх чаканьняў ня можа быць. Але, канечне, з Макеем будуць весьціся размовы наконт палітзьняволеных. І наконт рэальнага намеру Менску рухацца ў гэтым пляне і нармалізаваць дачыненьні з Брусэлем. І тут вельмі складана сказаць, якія на гэты конт ёсьць паўнамоцтвы ў Макея».


Раман Якаўлеўскі: Гэта чарговая гульня з Эўразьвязам

«Чарговай гульнёй з Эўразьвязам» называе паездку Макея ў Брусэль міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«Усе публічныя выступы Макея апошнім часам, будзь гэта на ангельскай мове, як у расейсікм часопісе „Глобальная политика и Россия“, альбо заявы на расейскай мове для агенцтва РІА „Новости“, сьведчаць пра адно — зьнешняя палітыка афіцыйнага Менску нязьменная. А фактаў пра тое, што яна нібыта зьмяняцца, я ня бачу.

Макей паехаў у Брусэль на асабістае запрашэньне, падкрэсьліваю, на асабістае. І таму паслаць замест сябе, напрыклад, сваю намесьніцу Купчыну не атрымліваецца. А па-другое, наколькі мне вядома, былі пэўныя пытаньні пра візу для міністра. Макей атрымаў яе толькі ў пятніцу. І толькі пасьля гэтага на афіцыйным сайце МЗС Беларусі зьявілася паведамленьне пра ўдзел Макея ў брусэльскай сустрэчы.

Наколькі мне вядома, шэнгенскую візу міністру ўручыў амбасадар Нямеччыны. Мне невядома, на які тэрмін выдадзена гэта віза. Дарэчы, паводле пэўных дадзеных, з Брусэлю Макей можа заехаць яшчэ ў адну эўрапейскую сталіцу, дзе карыстаюцца нямецкай мовай. Але гэта не абавязкова будзе Бэрлін».

Міжнародныя праваабаронцы: ня верце абяцанкам Менску

Каралін Жыро, актывістка Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, сказала карэспандэнту нашага радыё ў Бруселі, што сёньняшні пратэст яе арганізацыі ў цэнтры бельгійскай сталіцы супраць прыезду міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімера Макея зьяўляецца сыгналам як для Беларусі, так і для Эўразьвязу.

«Мы ня бачым ніякага зруху ў Беларусі ў бок дэмакратыі і павагі для прынцыпаў прававой дзяржавы. Так што наш сёньняшні мэсыдж заключаецца ў падтрымцы праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, а таксама ў закліку да Эўразьвязу заставацца непарушным і не паступацца перад Менскам без нейкіх рэальных зьменаў. Вызваленьне палітвязьняў у Беларусі зьяўляецца адной з умоваў дзеля працягваньня дыялёгу. Эўразьвяз не павінен задавольвацца абяцанкамі з боку Менску, а толькі доўгатэрміновымі зьменамі, якія давялі б да пашаны правоў чалавека і вяршэнства права».

Падобную зьместам і духам заяву распаўсюдзіла сёньня праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch.

«На працягу двух гадоў прэзыдэнт Лукашэнка рабіў выгляд, што яго ня моцна хвалююць адносіны з ЭЗ, а цяпер раптоўна зьмяніў курс. Калі ён сапраўды хоча паляпшэньня адносінаў, то яго ўрад павінен вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць перасьлед палітычнай апазыцыі і грамадзянскіх актывістаў. Эўразьвязу ж трэба жорстка прасачыць за выкананьнем усіх абяцаньняў, якія могуць прагучаць з Мінска» — сказала намесьніца дырэктара Human Rights Watch па Эўропе і Цэнтральнай Азіі Рэйчэл Дэнбэр.

«Ва ўладаў Беларусі было дастаткова магчымасьцяў, каб вызваліць Алеся Бяляцкага. Калі ўрад хоча прадэманстраваць сур’ёзнасьць свайго настрою на паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека, ён павінен вызваліць яго неадкладна і без усялякіх умоваў» — дадала Дэнбэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG