Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская ракета выбухнула на старце


Расейская ракета «Пратон-М», якая павінна была вывесьці на арбіту тры спадарожнікі сыстэмы ГЛОНАСС, зьмяніла траекторыю і выбухнула адразу пасьля старту на касмадроме Байканур у Казахстане. Ахвяр і пацярпелых няма.

На кадрах прамой трансьляцыі запуску, якую вёў канал «Россия 24», відаць, што падзеньне ракеты адбылося цягам трыццаці сэкунд пасьля старту.

«Цяпер праводзіцца ацэнка становішча, дзеля чаго на месца аварыі накіравалася адмысловая група», — адзначыла касьмічнае агенцтва Казахстану Казкосмас.

Паводле прэс-службы Роскосмоса, «на ўчастку вывядзеньня ракеты-носьбіта на 17 сэкундзе яе палёту адбылося аварыйнае выключэньне рухавікоў і падзеньне ракеты на тэрыторыі касмадрома прыблізна ў 2,5 км ад стартавага комплексу».




Адразу пасьля катастрофы МНС Казахстана разглядала магчымасьць эвакуацыі жыхароў бліжэйшых паселішчаў.

Паводле экспэртаў, прыкладныя страты ад крушэньня ракеты і трох касьмічных апаратаў могуць скласьці да 200 млн даляраў.

У сьнежні 2010 года тры спадарожнікі ГЛОНАСС ўпалі ў Ціхі акіян. Неўзабаве пасьля гэтага быў адпраўлены ў адстаўку кіраўнік Роскосмоса Анатоль Пермінаў.

У жніўні мінулага года ракета-носьбіт таксама не змагла вывесьці на арбіту два тэлекамунікацыйныя спадарожнікі.

У мінулым годзе была пачатая крымінальная справа аб крадзяжы больш чым 200 млн даляраў на распрацоўцы ГЛОНАСС.

У траўні гэтага года распрацоўшчыкі сыстэмы ГЛОНАСС, што ствараецца ў якасьці альтэрнатывы амэрыканскай сыстэме спадарожнікавай навігацыі GPS, апынуліся пад падазрэньнем у крадзяжы больш за 3,4 млн даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG