Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шпіёну» Гайдукову далі 1,5 гады калёніі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00

«Шпіёну» Гайдукову далі 1,5 гады калёніі

Прысуд «шпіёну» Гайдукову: 1,5 года калёніі агульнага рэжыму

Андрэя Гайдукова прызналі вінаватым у замаху на ўстанаўленьне кантактаў з супрацоўнікам замежнай спэцслужбы без прыкметаў здрады дзяржаве.

10:40 1.7.2013
У будынак не пускаюць журналістаў з фота і відэатэхнікай. Паводле міліцыянтаў, у залі суду няма вольных месцаў.
10:48 1.7.2013
У невялікай, прыкладна на 20 чалавек, залі суду многа студэнтаў. Гайдукова пакуль не прывялі. У залю прапусьцілі маці Гайдукова і ягоную сястру Марыю. Не змаглі прайсьці праваабаронца Павал Левінаў, а грамадзкай актывістцы Тацяне Севярынец гэта ўдалося. У залі таксама прадстаўнікі ЭЗ і амбасады Вялікабрытаніі. Нягледзячы на тое, што забаранілі фота і відэаздымкі, у залі стаіць відэакамэра БТ. Каля будынку суду шмат людзей ў цывільным.
11:09 1.7.2013
Прысуд: Гайдукову далі 1,5 года ў калёніі агульнага рэжыму.

Яго прызналі вінаватым у замаху на ўстанаўленьне кантактаў з супрацоўнікам замежнай спэцслужбы без прыкметаў здрады дзяржаве.

Прысуд вынесены на падставе часткі 1-й артыкула 14 і часткі прым.артыкула 356 Крымінальнага кодэксу.

Гэты артыкул прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўстанаўленьне супрацоўніцтва на канфідэцыйнай аснове са спэцслужбай, органам бясьпекі ці выведкай замежнай дзяржавы пры адсутнасьці прыкметаў здрады дзяржаве. Гэты артыкул ўнесены ў Крымінальны кодэкс зусім нядаўна - у лістападзе 2011 года, паведамляе праваабарончы цэнтар Вясна.
11:30 1.7.2013
Адвакат Мушынскі сказаў, што прысуд будзе абскарджаны, бо ён занадта жорсткі.

На яго думку, улічваючы станоўчую характарыстыку, Гайдукоў можа выйсьці на волю датэрмінова.
11:47 1.7.2013
Маці Гайдукова сказала, што была перакананая, што Андрэя вызваляць і яна зь ім паедзе дахаты.

Яна не згодная з прысудам, бо ніякага шпіянажу не было.

Яна таксама паведаміла, што спатканьне з сынам дазволенае на ліпень.

Разам са сваякамі яна будзе спрабаваць дамагчыся сустрэчы сёньня.




Андрэя Гайдукова вывезьлі з суду. Людзі апладзіравалі і крычалі: «Андрэй, трымайся!» Каля суду многа людзей у цывільным і цёмных акулярах, міліцыянтаў. Аднак яны не перашкаджалі журналістам весьці здымкі.



Сябра Гайдукова Яўген Канстанцінаў не патрапіў на працэс. Ён сказаў, што справа рассыпалася і ніякага шпіянажу не было.

Праваабаронцы адзначаюць, што БТ вяло відэаздымкі падчас вынясеньня прысуду, а бальшыня жадаючых не змаглі патрапіць у залю.
13:37 1.7.2013

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец — адзіная з грамадзкіх актывістаў, каму ўдалося трапіць у залю суду на абвяшчэньне выраку:

«Андрэй трымаўся вельмі годна, вельмі акуратны. І было дужа прыемна бачыць такога прыстойнага, інтэлігентнага маладога чалавека насуперак таму, у якім бязглуздым злачынстве яго вінавацяць. Яно нават ня высмактана з пальца — надзьмута з паветра! Папіў малады чалавек соку, кінуў пакет у сьметніцу — усё, гэта ён зрабіў закладку для нейкага замежнага шпіёна! Там фігуравала ў справе, што быў пакет з-пад соку... Ну, у нас жа любяць у пакеце з-пад соку ці то выбухоўку знайсьці, ці то закладку для замежнай выведкі... Нават не было названа, зь якой краіны. Судзьдзя зачытала толькі рэзалюцыйную частку, бо ўвесь працэс быў закрыты. І нягледзячы на тое, што ў залі было поўна панагнана нейкіх ці то курсантаў, ці то студэнтаў, ці то яшчэ каго... Адным словам, чужых па духу людзей, і заля ў 10 раніцы ўжо была занятая, што змаглі трапіць толькі родныя — бацька, маці і сястра, і то сястра «з боем», — ён прысуд выслухаў вельмі спакойна. Я крыкнула: «Трымайся, Андрэй!», і ён кіўнуў, памахаў рукой сваякам. Ну, і напрыканцы, калі нас пачалі ўжо выдаляць з залі, я крыкнула: «Жыве Беларусь!» і Андрэй адказаў :"Жыве вечна!" Трымаўся вельмі годна, вельмі спакойна. Але ня так, як авечка на закланьне, а вельмі прыстойна!"
13:57 1.7.2013
Павал Сапелка, юрыст, прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна»:

«Камэнтаваць, на жаль, можна толькі вынік — тое, што малады хлопец накіраваны на паўтара года ў зьняволеньне. А справа як была незразумелая, так і засталася незразумелая. За што ён асуджаны, так ніхто і ня ведае, хоць старшыня КДБ абяцаў, што ўсім будзе зразумела і нават будзе сорамна... А тут варта сказаць, што малады чалавек асуджаны за злачынства, якое ня мае вялікай грамадзкай пагрозы, да тэрміну пазбаўленьня волі. Гэта ўвогуле не прадугледжана крымінальным заканадаўствам: яно прадугледжвае, што да зьняволеньня павінны асуджаць за злачынствы, якія маюць значную небясьпеку для грамадзтва. Або прымяняецца да тых людзей, хто ў сілу асабістай характарыстыкі ня можа выправіцца ў іншых умовах... Крымінальная справа расьсьледавалася зь яўнымі парушэньнямі нормаў Крымінальна-выканаўчага кодэксу — было прад’яўлена загадзя больш цяжкае абвінавачаньне, якое засталося ранейшым пасьля некалькіх месяцаў папярэдняга расьсьледаваньня. Праваабаронцы ведаюць, што падчас сьледзтва былі праблемы з сустрэчамі адвакатаў з падабаронным, былі абмежаваньні ў перапісцы. Усё гэта дае падставы зрабіць высновы пра тое, што і крымінальная справа, і прысуд маюць палітычна матываваны характар».
14:42 1.7.2013
Сяргей Сідараў, сябар партыі БНФ з Наваполацку, працуе на «Нафтане»: «Мы ўжо ведаем пра прысуд, усе „Нафтане“ ведаюць, усе сябры... І гавораць, што ня вераць у гэтыя казкі! Гэта ж сьмех! Далі хлопцу паўтара гады за нішто! Цяпер кажу ўсім, што можа такое і з табой адбыцца. Не па гэтым артыкуле — дык па іншым, бо ўсё робіцца пад замову. Ясна, гэта ўсё палітычная справа, каб запалохаць нашу моладзь — каб яны ў палітыку ня лезьлі. Але гэта наадварот, здаецца, — іншых толькі раззлуе!»
15:52 1.7.2013
Леанід Аўтухоў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ, у залю суду трапіць ня змог:

«Мы пачулі, які вырак, ужо пасьля — калі людзі пачалі выходзіць з суду. Невядома, за што асудзілі хлопца: дакладна ніхто не сказаў, што ён такога зрабіў. Я мяркую, гэта зьвязана хутчэй за ўсё з апазыцыйнай дзейнасьцю. Або гэта нейкі выклік замежнікам: маўляў, мы тут усё кантралюем і сочым, так што не падтрымлівайце апазыцыю! А больш дакладна мы даведаемся, калі пасьля суду будуць вядомыя матэрыялы... Ды хутчэй за ўсё яны зрабілі працэс закрытым, каб іх не паднялі на сьмех! Патрэбны вораг, а што ты там зрабіў ці не зрабіў — ня важна! Таму грамадзтва будуць увесь час палохаць: вось ворагі хацелі даведацца нешта... Такі судовы працэс — гэта ўвогуле нейкае дзіва!»
15:53 1.7.2013
Павал Левінаў, праваабаронца, сябар БХК:

«Мы ад самага затрыманьня Гайдукова і да моманту абвяшчэньня прысуду ведаем толькі артыкулы, паводле якіх яго ўрэшце і абвінавацілі. І той тэрмін, на які яго асудзілі. На чым грунтаваны прысуд, мы ня ведаем. Справядлівы ён ці не — таксама меркаваць цяжка. Але гледзячы па тым, як паводзяць сябе ўлады, тут ня ўсё так чыста. Бо і суд зрабілі закрытым, і нават абвяшчэньне рэзалюцыйнай часткі прысуду прайшло ў закрытым рэжыме, бо пры наяўнасьці ў будынку абласнога суду вялізнай залі далі маленькую залю ды яшчэ запоўнілі яе нейкімі міліцыянтамі ў цывільным адзеньні... Напэўна, хіба толькі пасьля таго, як Андрэй будзе на волі і загаворыць, мы даведаемся праўду пра суд і ці рабіў ён нейкія дзеяньні, якія супярэчаць Крымінальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь».
16:57 1.7.2013
«Вясна» і БХК патрабуць неадкладнага вызваленьня Гайдукова

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт выступілі з заявай, што асуджэньне Андрэя Гайдукова зьяўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным, паколькі «яно ў значнай ступені мела на мэце павышэньне ролі і значнасьці КДБ у дзяржаве непрымальнымі ў дэмакратычным грамадстве мэтадамі, а пазбаўленьне свабоды было ўжыта ў парушэньне права на справядлівае судовае разьбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, працягласьць пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватна) правапарушэньню, у якім асоба была прызнаная вінаватай».

РПГА «Беларускі Хэльсінскі камітэт» і праваабарончы цэнтар «Вясна» патрабуюць неадкладнага вызваленьня Гайдукова, адмены незаконна вынесенага прысуду і яго перагляду пры захаваньні права на справядлівае судовае разбіральніцтва.
XS
SM
MD
LG