Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі і чыноўнікі: кожны пры сваім


На рынку Ждановічы ў павільёне «Мір моды» сабраліся некалькі сотняў прадпрымальнікаў.

Пасьля ўчорашняга папераджальнага страйку прадпрымальнікаў сёньня рэчавыя рынкі зноў запрацавалі. За выключэньнем менскага рынку «Ждановічы», дзе ў першай палове дня гандляры мелі сустрэчу з прадстаўнікамі дзяржаўных структураў. Аднак пачуць адказы на набалелыя пытаньні так і не ўдалося — чыноўнікі запэўнівалі, што ў дзейнасьці прадпрымальнікаў нічога ня зьменіцца, а тыя лічаць, што іх мэтанакіравана падводзяць да банкруцтва.

Прысутныя на сустрэчы супрацоўнікі адміністрацыі Цэнтральнага раёну, Камітэту стандартызацыі, падатковых органаў ды іншых дзяржаўных структураў запэўнівалі: прадпрымальнікі, якія займаюцца рэалізацыяй тавараў лёгкай прамысловасьці, атрымаюць гадавую адтэрміноўку ад абавязковага афармленьня сэртыфікатаў, неабходнасьць якіх прадугледжвае тэхнічны рэглямэнт краінаў Мытнага зьвязу. Аднак сябра рады аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Вячаслаў Піліпук кажа, што сумесная пастанова Міністэрства гандлю, Мінсельгасхарчу, Міністэрства аховы здароўя і Дзяржстандарту не праясьняе шмат якіх пытаньняў:

«Да пастановы, якая зьявілася ў афіцыйных крыніцах, у нас ёсьць шэраг заўвагаў. Перадусім па суправаджальных дакумэнтах для індывідуальных прадпрымальнікаў — платнікаў адзінага падатку. Прыкладам, ёсьць моманты, не зусім карэктна сфармуляваныя адносна якасьці тавару і гарантыяў спажыўцу. Гэтаксама ёсьць пытаньні па мараторыю — мы б хацелі бачыць, каб ён сапраўды быў да 1 ліпеня 2014 году, то бок да таго часу, пакуль усе спрэчныя моманты ня вырашацца. У прынцыпе, усё гэта неабходна прадпрымальнікам дзеля таго, каб яны сёньня прынялі канчатковае рашэньне — да 1 ліпеня плаціць падаткі, плаціць арэнду альбо не».

Спробы супакоіць гандляроў — маўляў, спрошчаныя мэханізмы адпаведнасьці тавараў патрабаваньням тэхнічнага рэглямэнту Мытнага зьвязу не паўплываюць на іхнюю працу — натыкаліся на гучную рэакцыю натоўпу. Многія казалі, што ў Расеі, адкуль беларусы пераважна і возяць тавар, новыя правілы пачынаюць дзейнічаць толькі ад 2015 году. Чаму тады беларускі ўрад намагаецца бегчы паперадзе паравоза?
Пры такім раскладзе ўсе мы застанемся банкрутамі

Прадпрымальніца: «Як гэта нічога не зьмяняецца? Што вы такое кажаце? Вы што, ня ведаеце, што мы ня можам сэртыфікаваць з аднаго лінейнага шэрагу адразу дзьве рэчы? На кожную рэч патрэбен асобны сэртыфікат. Вы ўяўляеце, ува што гэта ў выніку выльецца? Пры такім раскладзе ўсе мы застанемся банкрутамі. Што, ня так?» (Галасы падтрымкі — «Так!», «Усё правільна!»)

Прадпрымальнік: «Нават у афіцыйных СМІ праходзіла: да 1 студзеня 2015 году ў Расеі нічога падобнага ўжывацца ня будзе — толькі ад пачатку 2015-га. Іншымі словамі, ад 1 ліпеня пачынаюць дзейнічаць новыя нормы толькі па харчовых прадуктах, ня тычачыся лёгкай прамысловасьці. Гэта гаварылі ў нашых СМІ, па двух каналах. Я так разумею, гэта рупары нашага ўраду, і мы гэтаму верым. Але ўзьнікае пытаньне: чаму наш урад бяжыць паперадзе паравоза і прымушае нас гэта рабіць? Калі расейцы нічога ня робяць, то чаму мусім рабіць мы? Навошта вы нас штурхаеце наперад? Едзьце дамаўляйцеся з Расеяй!»

Учора прадстаўнікі прадпрымальніцкіх суполак мелі сустрэчу ў профільным дэпартамэнце Міністэрства эканомікі. Як кажа Вячаслаў Піліпук, іх пазыцыю выслухалі і занатавалі. Застаецца толькі спадзявацца, што прапановы ня лягуць пад сукно:

«Сустрэча, якая была прызначаная на сёньня, плянавалася яшчэ да ўчорашняй сустрэчы ў дэпартамэнце прадпрымальніцтва Мінэканомікі. Там былі прынятыя пэўныя рашэньні, на якія людзі, запрошаныя сёньня, па вялікім рахунку ўжо ніяк паўплываць ня могуць. Узровень вырашэньня праблемаў, скажам так, больш высокі, чым сёньня. Аднак мы не хацелі адмяняць сёньняшнюю сустрэчу: найперш, былі запрошаныя прадстаўнікі розных ведамстваў, і прадпрымальнікам было проста цікава зь імі кантактаваць — не заўсёды такі фармат сустрэчы можа адбыцца. Плюс да гэтага мы скарысталі магчымасьць давесьці да прадпрымальнікаў рашэньні, якія былі прынятыя ўчора ў Мінэканомікі; крыху іх супакоіць, дамовіцца пра тое, што мы чакаем далейшых рашэньняў ураду на нашыя запыты».

На 2 ліпеня ў Маскве заплянаванае паседжаньне Эўразійскай эканамічнай камісіі, якая, сярод іншага, будзе разглядаць і праблему беларускіх прадпрымальнікаў. Пэрсанальна на мерапрыемства быў запрошаны лідэр аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка. Аднак наўрад ці ён пасьпее туды трапіць — за арганізацыю ўчорашняга страйку Шумчанка асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Як удакладняе Вячаслаў Піліпук, сёньня сярод прадпрымальнікаў распачаты збор подпісаў за датэрміновае вызваленьне Шумчанкі, каб той змог адстойваць іх інтарэсы ў Маскве:
На мой погляд, павінны былі падтрымаць і партыі, і рухі, але я пакуль ня маю нікай пэўнай інфармацыі наконт гэтага

«2 ліпеня ў Маскве на паседжаньні эканамічнай камісіі ЭўрАзЭС будуць праходзіць слуханьні па нашых пытаньнях. Плянавалася, што ад аб’яднаньня „Пэрспэктыва“ там прыме ўдзел Анатоль Шумчанка. Аднак у сувязі зь яго затрыманьнем усё застаецца пад пытаньнем. Тым ня меней мы спадзяемся, што ўлады яго ўсё ж вызваляць — зараз ідзе збор подпісаў пад зваротам да начальніка Цэнтральнага РАУС з патрабаваньнем вызваленьня Анатоля Шумчанкі з-пад арышту. Сёньня таксама нам стала вядома, што нашы пытаньні ўжо пачалі разглядацца на розных узроўнях, мы чакаем адказаў адтуль, і толькі пасьля гэтага будзем вырашаць, наколькі неабходны наш удзел у Маскве 2 ліпеня».

Палітычныя партыі і рухі досыць стрымана адрэагавалі на прадпрымальніцкую актыўнасьць, у лепшым выпадку выказаўшы словы падтрымкі арыштаванаму лідэру «Пэрспэктывы». Вячаслаў Піліпук перакананы, што ў дадзеным выпадку адстойваць нацыянальныя інтарэсы трэба супольна:

«На мой погляд, павінны былі падтрымаць і партыі, і рухі, але я пакуль ня маю нікай пэўнай інфармацыі наконт гэтага. Я думаю, што любы чалавек, які цьвяроза мысьліць, любое грамадзкае аб’яднаньне, любая партыя мусяць разумець, што ёсьць рэчы, якія мы ня можам дапускаць у нашым грамадзтве. Бо гэта ж відавочна: правы чалавека існуюць да таго часу, пакуль мы за іх змагаемся».

Прадпрымальнікі папярэджваюць: калі ўмовы працы ў Мытным зьвязе будуць стратнымі для суб’ектаў гаспадараньня, пачнецца збор подпісаў за выхад Беларусі з гэтага наднацыянальнага ўтварэньня.

Прадпрымальнікі зьбіраюць подпісы за вызваленьне Шумчанкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:46 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG