Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікі ва ўласным соку


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Не за гарамі пяцьсот гадоў нашаму кнігадруку. Начальства нават прапанавала загадзя зрабіць Менск сталіцай міжнароднага году кнігі ў 2017-м. Калі Скарыну была важная проста Біблія друкаванымі літарамі — усё о’кей. Калі ня менш важным было рабіць беларускія кнігі, то тут толькі нагода пусьціць пыл у вочы, разрэклямаваць дасягненьні нашага швяца-жняца-дудара. Як у выпадку з тым хакейным чэмпіянатам пахваліцца лядовымі палацамі. Не, кнігі на мове Купалы і Коласа ёсьць, але іх месца ў жыцьці краіны — маргінальнае, нікчэмнае. Улада пільна стаіць на варце: каб у іх было чым меней чытачоў. Беларускія школы зьмянілі хуценька шыльды, беларускай мове нашылі на сьвітку жоўтую зорку. Патрулі строга сочаць, каб нават вочы мінакоў не абражалі шыльды зь «няправільнымі літарамі».

Пісьменьнікі таксама на ўзбоччы. Станоўчае бадай толькі тое, што вярнуліся з савецкіх алімпаў і парнасаў на зямлю. Бо «выйшаўшы з хат» некалі, адчулі сябе пад партыйным крылом вучыцялямі, вешчунамі і прарокамі. І толькі дзякуючы таму, што здолелі ўладкавацца пры партыйнай «цыццы». Вядома: пісалі толькі так і толькі тое, што надрукуюць, за што атрымаеш ганарар. Жаданьне людзкае, жыцьцёвае, але — па-залітаратурнае. Сёньня рамкі дазволенага пашыраныя, але падабенства з ранейшымі часамі ня зьнікла. Калі ёсьць вернападданы атрад паэтаў і празаікаў, значыцца і аб’ект вернападданых пачуцьцяў ці памкненьняў на месцы. Ён жа заказчык. Раней гэта была дзяржава ў асобе партыі, цяпер улада ў адзіным ліку, з канкрэтным анфасам на сьцяне.

Што датычыць пісьменьнікаў астатніх, яны апынуліся за сваім сталом у становішчы ў пэўным сэнсе стэрыльным. Ніякіх амаль думак, што не датычаць уласна літаратуры. Не таму што ня хочацца, проста марныя. Мы пішам, не разьлічваючы ні на што. Ніякіх мэтаў, апроч менавіта творчых. Максымальная мара — што нехта цябе надрукуе, не патрабуючы зь цябе грошай. Што зможаш патрымаць у руках уласную «бясплатную» для цябе кніжку. Больш разьлічваць няма на што. Няма чытачоў. Мы пішам, каб выказаць сябе. Не ў разьліку на ананімнага чытача. Але чытач патрэбны кнізе. Узяць яго няма дзе. Улада падбала, каб яны не пладзіліся. Тых, хто піша па-беларуску, усё больш і кніг — новых і цікавых. Але каму іх чытаць?

Аднойчы прыяжджаў у Горадню Артур Клінаў са сваім раманам. Ён зыходзіў увогуле са слушнай, але, на жаль, даволі ўтапічнай, пасылкі: патэнцыйна ў беларускай кнігі можа быць нават сто тысяч чытачоў, толькі трэба самім пісьменьнікам пастарацца, каб іхнія рукі пацягнуліся да нашых твораў. Пісьменьнік піша, рэкрутаваць ахвотных пад бел-чырвона-белыя «моўныя сьцягі» — не яго роля, ён толькі спрыяе.

Нядаўна змог вярнуцца Валер Булгакаў, часовыя ўцёкі закончыліся. Чытаў яго горкія прызнаньні: за мяжой няма раю для беларускіх выдаўцоў. Чытачы на бацькаўшчыне, і гэтых чытачоў — тысяча, максімум паўтары… Вельмі цьвярозая, выпакутаваная ацэнка Булгакава, не паспрачаесься. У Польшчы каля сарака мільёнаў жыхароў і ўсё чытаюць па-польску, хоць ня ўсім патрэбныя кнігі. У Беларусі з тых, каму патрэбныя кнігі, чытачоў на беларускай сапраўды вобмаль. Сто тысяч Клінава — усё роўна што гарады на Юпітэры Драздовіча. Прывабныя міражы.
Чытачы на бацькаўшчыне, і гэтых чытачоў — тысяча, максімум паўтары

Ах, тысяча чытачоў! Зь іх бадай палова тых, хто сам піша. Але ж ім самім, кнізе патрэбны чытач у чыстым выглядзе. Калісьці Анатоль Сідарэвіч выгукнуў на адрас Саюзу пісьменьнікаў БССР: ды яны не чытаюць нават сваіх «братоў па пяру»! Па форме можа й справядліва, але не па сутнасьці. Гэта былі пісьменьнікі ва ўласным, але разам — у агульным соку. Яны не бывалі за мяжой, ня мелі ўражаньняў, адрозных ад аднолькавых з суседам.

Мне не было ў іх чаму навучыцца. Мала што маглі даць такія творы, апроч некаторых. У выпадку, калі змушалі сябе менш думаць пра галоўнае божышча СПБ — цэнзуру. Кніжкі атрымліваліся цікавейшыя. Я любіў малатыражны часопіс рэцэнзій і анатацый замежнай літаратуры. Напрыклад, адзін партугальскі аўтар выпусьціў зборнік «канцэнтратаў раманаў», у міні-апавяданьні на старонку быў закладзены зьмест, які нібыта можна было разгарнуць у вялікі твор. На сацрэалістычнай кухні стравы заставаліся стандартнымі.

КПСС зь дзяржзаказам «літаратурна-мастацкай прадукцыі» засталася пад вокладкай «Гісторыі СССР», цяперашняму «генсеку» атрад пісьменьнікаў патрэбны хіба ў дастаткова дэкарацыйных мэтах. Рынку беларускай кнігі не існавала тады, ня ўзьнікла й цяпер: у 1995-м начальства рашуча закасала рукавы, сваю справу ведае, «ня зра шчы хлябала»! Ёсьць адно рынак пісьменьнікаў. Кожны ва ўласным соку, не падобным да колішняга «агульнага». Але беларускі моўны соўс па-ранейшаму ня ў модзе.

Нават БДУ не выпускае чытачоў беларускай кнігі. А калісьці, даўно, так было. Унівэрсітэту — восемдзесят. З нагоды паставілі помнік студэнту, нечакана — з тварам Скарыны! Рыхтык «чужы сярод сваіх». Надрукаваў для беларускага чытача літаратуру яшчэ сьціплым накладам, але з думкай пра будучыя тысячы прагных да кнігі. Паўтысячы гадоў мінула, а чытачоў больш ня стала. Кнігу замяніў «яшчык», які любіць часам груба паўшчуваць і пазьдзеквацца таксама любіць з тых, хто галаву дурыць няправільнымі літарамі. Пяцьсот гадоў мінула, а ім хоць кол на галаве чашы!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG