Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень закрытага суду над «шпіёнам» Андрэем Гайдуковым

абноўлена

Людзі ў цывільным перашкаджаюць працаваць журналістам. Першы дзень суду
Людзі ў цывільным перашкаджаюць працаваць журналістам. Першы дзень суду

Вольга Гайдукова паразмаўляла з адвакатамі пра стан здароўя сына і даведалася час наступнага паседжаньня суду.

20:00 Па сканчэньні чарговага пасяджэньня ў абласным судзе Вольга Гайдукова размаўляла з адным з сынавых адвакатаў:

«Пра суд мне нічога не расказваюць, бо гэта адвакатам забаронена. Затое гавораць пра самаадчуваньне Андрэя, і яно нарэшце паляпшаецца. Хвароба ўжо амаль прайшла, ён амаль ня кашляе, так мне сказалі. Перадалі, што ён атрымаў нашы лісты, і што напісаў нам адказы. Так што чакаем. Я заўжды пытаюся, што яму перадаць. Адвакат кажа з Андрэевых словаў, што яму нічога ня трэба, што ў яго ўсё добра, каб мы з бацькам не хваляваліся, каб бераглі сябе».

Што да выкліку ў суд у якасьці сьведкі, то маці падсуднага пакуль кажуць, што гэтае пытаньне ня вырашана.

Вольга Гайдукова даведалася, што наступнае пасяджэньне ў Віцебскім абласным судзе адбудзецца заўтра, 18 чэрвеня. Падобна, гэта таксама «закрытая» інфармацыя, як і сам працэс: калі зранку Тацяна Севярынец паспрабавала даведацца пра расклад у судзе над Андрэем Гайдуковым, яе не пусьцілі да стэнду з аб’явамі. І судовая ахова адмовілася паведаміць, на якія дні прызначаны пасяджэньні.

12:10 Вольга Гайдукова паведаміла, што чакае позвы ў суд ці нейкага рашэньня наконт спатканьня.

«Я прыяжджала ў абласны суд 14 чэрвеня, сустрэла старшыню суду, калі ён некуды сыходзіў. Размаўляў са мной вельмі ветліва. Запытаўся, ці пакінула я заяву, што прашу спатканьня. Папрасіў пакінуць і мой нумар тэлефона, каб зьвязацца са мной ды паведаміць, што вырашыцца», — заявіла Гайдукова.

Маці турбуецца за здароўе Андрэя Гайдукова. Пасьля нядаўняй хваробы ён яшчэ не акрыяў, у яго дагэтуль кашаль, цяжка гаварыць, але падсуднаму забаронена мець з сабой і ўжываць на працэсе ваду:

«Во гэтага я ўжо не разумею! Ды на кожным пасяджэньні ставяцца бутэлькі з вадой. А тут — і горача, і чалавек пасьля хваробы, і хвалюецца, вядома. Але ваду піць забаронена. Адвакаты кажуць, што Андрэй добра трымаецца, аднак я разумею, як яму цяжка гэта даецца».

9:20 Да будынка Віцебскага абласнога суду падыйшла каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец.

Яна паведамляе, што тут ужо дзяжураць чацьвёра «людзей у цывільным», якія адсочваюць, хто цікавіцца працэсам Андрэя Гайдукова.

«Я зьбіралася трапіць хаця б у сам будынак ды паглядзець, які расклад па справе Гайдукова. Там мусіць вісець аб’ява , якія пасяджэньні ў які дзень. Але ахоўнікі мяне не пусьцілі нават да дошкі аб’яваў. Міліцыянт схадзіў сам, а потым мне сказаў, што працэс зноў распачнецца а 10-й, што ён па-ранейшаму закрыты. А наконт далейшага раскладу там нібыта нічога не пазначана. Прынамсі, мне так сказалі»,— апавяла спадарыня Тацяна.

17 чэрвеня мусіць распачацца апытаньне сьведкаў па «шпіёнскай» справе. Пра гэта казаў жыхар Наваполацка, тамтэйшы актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Ільля Багданаў. Спачатку яго выклікалі ў суд сёньня да 11-й гадзіны. Але пазьней ён апавёў Тацяне Севярынец, што ягоны візыт на працэс перанесены на сераду, 19 чэрвеня.

Маці падсуднага, Вольга Гайдукова, пакуль што позвы ў суд не атрымала, хаця яна таксама зьбіралася сьведчыць на працэсе. Але яна падала заяву на імя старшыні Віцебскага абласнога суду Мікалая Хамічонка наконт спатканьня з сынам. Паводле яе словаў, заяву ўзялі і сказалі, што патэлефануюць альбо перададуць рашэньне праз адвакатаў. Яна спадзяецца, што спатканьне дазволяць, бо пра магчымасьць станоўчага адказу казаў сам старшыня суду ў размове з праваабаронцам Паўлам Левінавым ды актывісткай Тацянай Севярынец.

«Шпіёнская» справа

Андрэя Гайдукова вінавацяць у зборы інфармацыі для замежных спэцслужбаў. Матэрыялы крымінальнай справы падсуднага складаюць 4 тамы. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў: частка 1 артыкула 14 — «Замах на злачынства», і частка 1 артыкула 356 — «Здрада дзяржаве».

23-гадоваму апэратару наваполацкага «Нафтану» пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.

Справу за зачыненымі дзьвярыма разглядае судзьдзя Галіна Ўрбановіч.

Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 8 лістапада 2012 году ў Віцебску, нібыта падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, цікавымі для замежных спэцслужбаў. З тае пары ён застаецца пад вартай.

Родныя і сябры ня вераць, што ён займаўся шпіянажам, і тлумачаць ціск з боку КДБ апазыцыйнымі поглядамі хлопца і яго імкненьнем стварыць міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Саюз маладых інтэлектуалаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG