Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля паводкі, у Чэхіі землятрус — палітычны


Пэтр Нэчас
Пэтр Нэчас

Прэм’ер-міністар Чэхіі Пэтр Нэчас заявіў, што ня мае намеру ісьці ў адстаўку, нягледзячы на масавыя затрыманьні ягоных цяперашніх і былых супрацоўнікаў паліцыяй па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.

«Я перакананы, што я не зрабіў нічога несумленнага, і ў мяне няма ніякіх прычынаў падаваць у адстаўку», — сказаў Пэтр Нэчас на прэсавай канфэрэнцыі вечарам 13 чэрвеня.

Паводле чэскіх СМІ, неўзабаве пасьля поўначы 13 чэрвеня падразьдзяленьні па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю правялі ператрусы ў дзяржаўных будынках і інстытуцыях ды затрымалі шэраг вядомых палітыкаў з кіроўнай Грамадзянскай дэмакратычнай партыі.

Паліцэйскія, якія ўзялі ўдзел у гэтай беспрэцэдэнтнай акцыі, да апошняга моманту ня ведалі, каго будуць арыштоўваць. Толькі за некалькі хвілін да ўваходу ва ўрадавыя будынкі яны раскрылі канвэрты з імёнамі людзей, адносна якіх была выдадзеная пракурорская санкцыя на затрыманьне.

У ліку затрыманых — кіраўніца канцылярыі прэм’ер-міністра Яна Надзёва, былы чалец кіраўніцтва Грамадзянскай дэмакратычнай партыі Пэтр Тлухарж, былы міністар сельскай гаспадаркі Іван Фукса, былы начальнік ваеннай выведкі Онджэй Паленік ды іншыя. Пра сапраўдны маштаб затрыманьняў пакуль не паведамляецца. Мяркуецца, што ва ўчорашняй акцыі ўзяло ўдзел некалькі соцень паліцыянтаў.

Што адбываецца ў Чэхіі — барацьба са злачыннасьцю ці барацьба за ўладу? Пракамэнтаваць гэтыя падзеі мы папрасілі Ондржэя Соўкупа, міжнароднага аглядальніка чэскай газэты Hospodařské noviny.

Ондржэй Соўкуп
Ондржэй Соўкуп
Соўкуп: Падобныя выпадкі затрыманьняў у Чэхіі ўжо былі, хоць не такія вялікія, бо тут справа датычыць ключавой супрацоўніцы прэм’ер-міністра, спадарыні Яны Надзёвай. Але некалі правая рука прэм’ер-міністра Міраслава Топаланка, Марэк Далік, таксама апынуўся ў турэмнай камэры, хоць яго потым так ніколі і не судзілі. Цяперашнія затрыманьні выключныя сваімі памерамі, бо справа датычыць каля 30 чалавек, якім, магчыма, будуць выстаўленыя абвінавачаньні. І гэта датычыць высокапастаўленых асобаў палітычнай герархіі. Такога яшчэ ў нас не было.

Радыё Свабода: Як на гэта глядзець людзям зь Беларусі, у якой ніякі пракурор і падумаць ня сьмее, каб выдаць санкцыю на арышт чальца ўрадавага кабінэту? Гэтыя затрыманьні — сьведчаньне вялікай дэмакратыі ў Чэхіі, у якой выканаўчая, заканадаўчая і судовая галіны ўлады сапраўды незалежныя адна ад адной, ці, можа, яны сьведчаць аб жорсткім і закулісным змаганьні за ўладу?

Соўкуп: Гэта зьвязана перадусім з тым фактам, што дэмакратыя — гэта мэханізм, які здольны самаачышчацца. Гэта можа паказацца парадаксальным, але цяперашнія затрыманьні сталі магчымымі якраз таму, што прэм’ер-міністар Нэчас на пасаду галоўнага пракурора назначыў бескампраміснага і некарумпаванага чалавека. Нэчасу спатрэбіўся пэўны час, каб правесьці такое рашэньне. І цяпер, парадаксальна, Нэчасу давядзецца пацярпець за гэтае рашэньне, таму што і паліцыя па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, і пракуратура зьяўляюцца незалежнымі інстытуцыямі.

Радыё Свабода: Як завуць гэтага незалежнага пракурора?

Соўкуп: Павэл Зэман.

Радыё Свабода: Як бы вы маглі спрагназаваць далейшае разьвіцьцё падзеяў? Калі выявіцца, што паліцыя і пракуратура маюць рацыю, арыштаваўшы ўсіх тых палітыкаў і чыноўнікаў, дык гэта пацягне за сабою падзеньне ўраду Пэтра Нэчаса?

Соўкуп: Я не магу сабе ўявіць, што Пэтр Нэчас мог бы ўтрымацца, калі акажацца праўдай тое, што кажа паліцыя — а менавіта, што кіраўніца ягонага кабінэту папрасіла вайсковую выведку, каб тая сачыла за ягонай жонкай. Гэта рэч, якую ніякі палітык ня ў стане стрываць.

На гэтым тыдні кіраўнік ураду Чэхіі Пэтр Нэчас абвясьціў пра развод са сваёй жонкай Радкай пасьля 25 гадоў шлюбу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG