Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя ў Лёндане: «Аддайце цела!»

абноўлена

фота: Мікалай Халезін
фота: Мікалай Халезін

Сёньня ў трох месцах у Лёндане праваабарончая кампанія «Free Belarus Now» правяла акцыю пратэсту супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі і афіцыйнай практыкі невяртаньня целаў расстраляных іх сем’ям.

Пра дэталі сёньняшняй акцыі расказаў арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін:

«Працяг кампаніі мы заплянавалі на 6 чэрвеня. Гэтая дата невыпадковая — менавіта 6 чэрвеня быў адкрыты «другі фронт» войскамі саюзьнікаў, што дазволіла пераможна завяршыць Другую сусьветную вайну.

Сёння а 8-й гадзіне раніцы, у час пік, на трох галоўных плошчах Лёндану — Трафальгарскай, Вэстмінстарскай і Пікадылі маладыя людзі забраліся ў пакеты для памерлых і замерлі ў іх на гадзіну.

Гэта былі валанцёры, якія адгукнуліся на наш заклік, падтрыманы Джудам Лоў, прыняць удзел у кампаніі.

Сярод удзельнікаў — гледачы Свабоднага тэатру, брытанскія студэнты, акторы нашай трупы, простыя лёнданцы, якія адгукнуліся на заклік. Цікава, што адно з брытанскіх выдавецтваў — Oberon — брала ўдзел у акцыі ў поўным складзе».

Напярэдадні актывісты кампаніі разаслалі ва ўсе эўрапейскія і міжнародныя структуры, а таксама ў найбуйнейшыя брытанскія сродкі масавай інфармацыі пакеты для памерлых з паліцэйскімі біркамі, на якіх былі пазначаны імёны тых, хто быў выкрадзены, забіты ці пакараны - Дзьмітрыя Завадскага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Алега Бябеніна, Дзьмітрыя Канавалава, Улада Кавалёва.

У лісьце было патрабаваньне да эўрапейскіх структураў аказаць жорсткае ўзьдзеяньне на беларускія ўлады, заклікаўшы выканаць нашы патрабаванні.

Мікалай Халезін паведаміў, што такія самыя пакеты былі разасланыя ў беларускія дзяржаўныя ўстановы, якія маюць дачыненьне да забойстваў або ўтойваньня фактаў. Лісты былі іншага зьместу - пра тое, што гэтыя структуры мелі і маюць дачыненьне да дзеяньняў, якія пацягнуць за сабой крымінальную адказнасьць.

Учора адбылася сустрэча міністра замежных спраў па справах Эўропы Дэйвіда Лідынгтана зь Любоўю Кавалёвай, Настай Палажанкай і Натальляй Калядой.

Сёння ўвечары пасьля спэктаклю адбудзецца грамадзкая дыскусія пры ўдзеле Любові Кавалёвай, Насты Палажанкі, Ірыны Багданавай і Натальлі Каляды. Весьці дыскусію будзе адвакат Біл Браудэр, аўтар Акту Магніцкага.

На 11 чэрвеня запланяванае адкрыцьцё фотавыставы Саймана Ананда і Мікалая Халезіна, на якой будзе прэзентаваны плакат "Fuck Realpolitik" (дызайн - Ягор Шумскі і Мікалай Халезін), які стане адным з афіцыйных постэраў кампаніі, накіраванай супраць палітыкі двайных стандартаў.

Таксама пройдзе дыскусія, у якой возьмуць удзел арт-дырэктар Свабоднага тэатру Натальля Каляда, адвакат, які выратаваў ад смяротнага пакарання больш за 300 чалавек, Клайв Стафард Сміт і легендарны мадэльер Вівіен Ўэствуд. Плянуецца сусьветны стрымлайн-рэпартаж гэтай дыскусіі.

Кампанія «Аддайце цела!» («Give a Body Back!») стартавала ў кастрычніку летась, калі адбылася прэм’ера спэктаклю Свабоднага Тэатру «Trash Cuisine» у Амстэрдаме. Кампанія ўключае ў сябе шэраг патрабаваньняў:

1. Адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.
2. Завяршэньне расьсьледаваньня справаў па зьніклых і вяртаньне іх целаў сваякам.
3. Вяртаньне целаў пакараных іх родным і блізкім.
4. Вызваленьне палітвязьняў.

5 кастрычніка 2012 году ў людных месцах Амстэрдаму некалькі дзясяткаў валанцёраў ляжалі ў пакетах для памерлых. Паралельна быў арганізаваны збор подпісаў пад пэтыцыяй. Гэтым разам мы вырашылі працягнуць кампанію ў Лёндане, дзе 30 траўня пачаўся сэт паказаў спэктаклю «Trash Cuisine» на сцэне тэатру Young Vic.

Ініцыятары кампаніі Give a Body Back - Натальля Каляда, Мікалай Халезін, Ірына Багданава і Free Belarus Now.

фота: Мікалай Халезін










***

Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Артыкул 175

Парадак выкананьня сьмяротнага пакараньня

Пункт 5. Адміністрацыя ўстановы, у якой выконваецца сьмяротнае пакараньне, абавязаная паведаміць пра зьдзяйсьненьне прысуду суду, які вынес яго, а суд паведамляе аднаму са сваякоў. Цела для пахаваньня не выдаецца, аб месцы пахаваньня не паведамляецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG