Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Гайдукова хоча, каб суд над сынам быў адкрыты


Вольга Гайдукова ведае, што яе сына Андрэя вінавацяць у «здрадзе дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці» і што суд над ім мае адбыцца ў Віцебскім абласным судзе. Ніякія іншыя падрабязнасьці ёй не вядомыя — у тым ліку і дата суду. Аднак маці перакананая: калі б судовы працэс ні пачаўся, ён павінен быць адкрытым.

Маці 23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану», арыштаванага 7 месяцаў таму нібыта падчас закладкі тайніка зь нейкімі зьвесткамі дзяржаўнай важнасьці, і да сёньня не ўяўляе ні акалічнасьцяў затрыманьня, ні прычынаў. Сьледзтва па справе Андрэя Гайдукова працягвалася больш за паўгода. Яе саму дапыталі толькі аднойчы, а іншых Андрэевых сваякоў — бацьку і сястру — на допыты не выклікалі ўвогуле.

Таму адкрыты суд — гэта адзіная магчымасьць даведацца пра сутнасьць абвінавачаньня, кажа Вольга Гайдукова:

«Я лічу, працэс павінен быць адкрыты. Бо ні нам, ні Андрэю няма чаго хаваць. Людзі павінны ведаць, і мы таксама павінны ведаць, за што ж яго арыштавалі! Паўтараю: нам хаваць няма чаго. І калі суд зробяць закрыты — значыць, напэўна, нехта хоча, каб інфармацыі было менш. Каб людзі нічога ня ведалі — што і як было!»

Апэратар сядзіць у апэратарнай, назірае за працэсам нафтаперапрацоўкі. Калі нейкія непаладкі, можа выйсьці, паправіць. Там паўсюль трубы йдуць, печкі і трубы. У яго была ня тая пасада, каб нешта такое ведаць
Спадарыня Вольга ня ведае нават, ці дапусьцяць яе на суд, калі працэс будзе закрыты: яна лічыць, што сьледчы дапытваў яе ў якасьці сьведкі, але ці дапусьцяць яе ў якасьці сьведкі ў суд — маці сказаць ня можа. Ёй невядома, калі сына этапуюць у Віцебск зь менскага СІЗА КДБ. На пачатку гэтага году Андрэя Гайдукова на месяц пераводзілі ў Віцебскі СІЗА — але таксама не папярэдзіўшы ні сваякоў, ні адваката.

Адзінае, у чым маці амаль не сумняецца, — дык гэта ў тым, што абвінавачаньне ў шпіянажы ніяк не зьвязанае з працай сына, які рабіў апэратарам на «Нафтане». Вольга Гайдукова цяпер пэнсіянэрка, але да нядаўняга часу таксама працавала на гэтым прадпрыемстве:

«Апэратар сядзіць у апэратарнай, назірае за працэсам нафтаперапрацоўкі. Калі нейкія непаладкі, можа выйсьці, паправіць. Там паўсюль трубы йдуць, печкі і трубы... У яго была ня тая пасада, каб нешта такое ведаць, што магло прывесьці да гэткага во... нібыта складу злачынства! А тут, калі па апошнім артыкуле, пра які мне казалі, — яму пагражае ад 7 да 15 год зьняволеньня. Калі гэта будзе даказана!»

У апошнім маці сумняецца. Таму і хоча, каб працэс быў адкрыты, каб туды дапусьцілі прэсу. Бо апошнія зьвесткі пра арышт Андрэя Гайдукова, якія паходзяць з прэсавай службы КДБ, вельмі сьціплыя: затрыманы 8 лістапада мінулага году ў Віцебску падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы.

Пасьля гэтага ў кватэры Гайдуковых быў ператрус, забралі сынаў кампутар і дакумэнты, падрыхтаваныя для рэгістрацыі суполкі «Союз молодых интеллектуалов». Праз пару месяцаў кампутар вярнулі. Вольга Гайдукова лічыць, што ўсё адбылося так хутка, бо ў кампутары ніякіх падазроных зьвестак не знайшлі, дый увогуле сын нічога не хаваў:

«Гэтая арганізацыя, „Союз молодых интеллектуалов“, мелася быць міжнароднай. Іншыя хлопцы адышлі ўбок, а ён настойваў, што арганізацыя павінна існаваць, што яе трэба зарэгістраваць... Ён не выключаў, што яго могуць арыштаваць — але за тое, што ён у апазыцыі. За акцыі, дзе пляскалі ў ладкі, ці за выбары. Ён у камандзе Саньнікава быў, назіральнікам быў, свае заўвагі выказваў. Ён чалавек прамы: калі ў нечым упэўнены, то яго не пераканаеш! Нам з бацькам не ўдалося яго ад палітыкі адцягнуць!»

Бацькі пра «шпіёнскую» справу сына нічога ня ведаюць. У лістах ён піша пра побытавыя рэчы: якія газэты выпісаць, што перадаць. Адвакат нічога не распавядае, бо ёсьць падпіска пра неразгалошваньне. Можа сказаць толькі, ці Андрэй Гайдукоў здаровы, як выглядае, які ў яго настрой. Вольга Гайдукова кажа, што ў лістах сын імкнецца падбадзёрваць і супакойваць бацькоў. І гэта яшчэ адна падстава, каб дамагацца адкрытага судовага разбору: маці лічыць абвінавачаньне сына ў шпіянажы цалкам абсурдным і мяркуе, што камусьці проста трэба было «раскруціць» такую справу.


Лабковіч: ёсьць вялікі недавер да тых сьледчых дзеяньняў, якія праводзіў КДБ


Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч такім чынам пракамэнтаваў тое, што сьледзтва вялі сьледчыя цэнтральнага апарату КДБ у Менску, а працэс над Гайдуковым адбудзецца ў Віцебскім абласным судзе:

«Безумоўна, у нас ёсьць вялікі недавер да тых сьледчых дзеяньняў, якія праводзіў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. І ўжо ня раз даказвалася практыкай, што гэтая ўстанова сама груба парушае правы чалавека, фальсыфікуе крымінальныя справы, дзейнічае па-за прававым полем. У зьвязку з гэтым праваабарончы цэнтар „Вясна“ і нашы калегі зь Беларускага Хэльсынскага камітэту разам прынялі супольную заяву. Там мы патрабуем адкрытага працэсу. Таму што толькі адкрыты, усебаковы, аб’ектыўны суд, на якім змогуць прысутнічаць грамадзкасьць, сваякі, журналісты, праваабаронцы, можа даць адказ на пытаньне, ці ёсьць сапраўды ў дзеяньнях Гайдукова хоць нейкі склад хоць нейкага злачынства. Пакуль мы ня маем гарантыяў адкрытасьці, у нас застаюцца на гэты конт вялікія пытаньні. Таму самае першаснае і неадкладнае наша патрабаваньне — гэта празрысты і адкрыты суд».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG