Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўмесяц над Залатым Рогам


«І той дзень надышоў» — стрэлкі самкнуліся, і 28 траўня 1453 году, нікога ня слухаючы, зь янычарскай бязьлітаснасьцю стала 29-м. Яшчэ апоўначы ля муроў Канстантынопалю было ціха, хаця горад ня спаў — цяжка заснуць за мурамі, па той бок якіх дзясяткі тысяч турак-асманаў і іх памагатых мараць, як яны будуць успорваць кішкі і гуляць у коннае пола чалавечымі галовамі. І вось мінае ўсяго чвэрць гадзіны — і падманлівую цішыню зьнянацку ўзрываюць вой і грукат: гэта турэцкія кімвалы, рогі і бубны даюць сыгнал да новай атакі. Імпэрыя Канстантына, якую няўмольная гісторыя сьціснула да памераў аднаго, хай сабе і вялікага гораду, пабачыла, як выглядае сьмерць.

Сканчаўся другі месяц аблогі, няспынных баёў і амаль шахматнай гульні палкаводцаў. Гэта была апошняя ноч бізантыйскай сталіцы. Спачатку султан Мэхмэд кідае на штурм сваіх хрысьціянскіх ваякаў, набраных ва ўжо захопленых асманамі краях, і «джэнтэльмэнаў удачы», той размаіты зброд, які прыбіўся да ягонага войска ў надзеі, што і ім нешта перападзе ў выпадку турэцкай перамогі. За імі ідуць наглядчыкі з доўбнямі і пугамі, якімі яны падганяюць адсталых і нерашучых. У апошняй шарэнзе янычары — яны лупяць сваімі крывымі шаблямі тых, хто ня вытрымаўшы, наважыўся ўцячы з поля бою.

Абаронцы стаяць насьмерць. Сеча працягваецца дзьве гадзіны — затым Мэхмэд нарэшце загадвае тым, хто ацалеў, адступіць, і кідае ў бой новыя сілы — сваіх верных анаталійцаў. Тыя — сапраўдныя фанатыкі, яны караскаюцца па целах сваіх палеглых і параненых таварышаў на муры, як па нейкім д’ябальскім эскалятары, і, здаецца, зусім не зважаюць на гарачы алей, цяжэзныя камяні і іншыя дэлікатэсы, якімі іх шчодра частуюць канстантынопальцы. Над горадам акурат зьяўляецца сонца, калі і анаталійцы нарэшце адыходзяць. Абаронцы, якіх засталася зусім нейкая жменька, біліся пяць гадзін безь перапынку і зноў адстаялі Новы Рым. Але Мэхмэд і цяпер не дае ім пярэдыху. Наступны атрад, пяць тысяч ягоных найлепшых янычараў, ён павядзе на муры сам!

Але і гэтая атака не дае жаданага выніку: здаецца, прыступ захлынаецца і туркі неўзабаве адступяць. І тут на мурах адбываецца непапраўнае. Высьвятляецца, што генуэзец Джавані Джустыньяні Лёнга, наняты Канстантынам экспэрт па абароне абложаных гарадоў, які пасьпяхова камандаваў і так невялікім, а цяпер яшчэ больш парадзелым войскам, цяжка паранены і канае на руках сваіх салдатаў. У красавіку ён прывёў у горад сямсот генуэзцаў — і цяпер тыя, хто застаўся жывы, не зьбіраюцца працягваць барацьбу без камандзіра. Целаахоўнікі сьпешна адносяць акрываўленага Лёнга на карабель, шмат хто з абаронцаў кідае муры і сьпяшаецца схавацца ў завулках і ў гавані. Мэхмэд адразу заўважае, як у шэрагах канстантынопальцаў зьяўляюцца шырокія прагалы, празь якія можна без праблем дабрацца да ўнутраных умацаваньняў. «Горад наш!» — крычыць ён радасна, як дзіця. І сапраўды: адразу некалькі атрадаў яго янычараў вельмі хутка апынаюцца за мурамі. Празь пятнаццаць хвілін іх у горадзе ўжо тысячы. Цела забітага ў сечы Канстантына так і ня знойдуць.

Мэхмэд дае свайму войску некалькі гадзін на тое, каб зьняць стрэс: яго малойцы паляць і бураць цэрквы, рэжуць, мучаць, гвалцяць і рабуюць, а таксама набіраюць сабе рабоў, хто колькі зможа — карацей, паводзяцца ў поўнай адпаведнасьці з правіламі сярэднявечнага аўтатрэнінгу. Толькі ўвечары султан сам паволі і ўрачыста ўяжджае ў горад на чорным кані — яму дваццаць адзін год і ён любіць эфэкты.

Як, зрэшты, і ягоныя эўрапейскія калегі. Па Эўропе звоняць жалобныя званы. Імпэратар Фрыдрых плача. Дацкі манарх Крыстыян параўновае гэтую падзею з апакаліпсысам, а Мэхмэда — з самім Зьверам. Папа Рымскі заклікае ўсіх хрысьціянаў да крыжовага паходу. Але яго ніхто ня слухае. Бо асманы — гэта тое, што бывае зь іншымі. А Мэхмэд абяцае, што праз чатыры гады «тут будзе горад-сад» — і не падманвае. Так скончылася гісторыя Новага Рыму — так пачалася гісторыя Стамбулу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG