Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск: даражэе праезд у транспарце

абноўлена

З 25 траўня кошт праезду ў менскім грамадзкім транспарце павялічваецца да 2000 рублёў за паездку.

У прадпрыемстве «Мінсктранс» паведамляюць: сёлета гэта не апошняе падвышэньне тарыфаў.

Напярэдадні падаражаньня ў Менску па традыцыі падвышаным попытам карысталіся талёны, жэтоны, праязныя білеты. Пэнсыянэры і студэнты адмыслова спускаліся ў мэтро, каб набыць ад пяці да дваццаці жэтонаў. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Вы набылі шмат жэтонаў навошта?»

Пэнсыянэрка: «Бо падаражаньне. Дзьве тысячы будзе каштаваць — гэта ў інтэрнэце напісана».

Іншая пэнсыянэрка: «Сёньня яшчэ старыя кошты, а заўтра ўжо іншыя — па дзьве тысячы жэтон, таму набываю зараз».

Праезд у гарадзкім пасажырскім транспарце ў Менску сёлета адбываецца ўпершыню. Што пра гэта думаюць менчукі — цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах горада:

Спадарыня: «Наколькі я бачыла, бываючы за мяжой, там транспарт шмат даражэй, чым у нас. Магчыма, што гэта і апраўдана ў пэўнай ступені».
Спадар: «Усё адносна. Да прыкладу, у той жа Маскве праезд каштуе 30 рублёў — гэта адзін даляр».

Спадарыня: «Пэўна ж разьлікі нейкія зрабілі, калі паднялі кошты. Іншая рэч, што непрадумана — у сярэдзіне месяца. Усё трэба рабіць напачатку месяца».

Кошт праезду вызначаюць мясцовыя органы выканаўчай улады. Тарыфы зараз падвышаюцца таксама ў Бабруйску, Гомелі, іншых гарадах. Колькі каштуе сабекошт праезду і колькі яго зараз кампэнсуюць пасажыры, у прадпрыемстве «Мінсктранс» не паведамляюць. Аднак адзін з кіраўнікоў сваё стаўленьне да падвышэньня коштаў пракамэнтаваў гэтак:

«Натуральна, што гэта сацыяльнае пытаньне. Але ж кошты растуць і на прадукты харчаваньня, і на прадметы пабытовага ўжытку — гэта ж таксама сацыяльныя пытаньні. Паглядзіце, ва ўсім сьвеце — куды, у якую краіну не паедзь — менш за даляр ці эўра праезд не каштуе. А ў нас? А ну, палічыце колькі каштуе ад даляра ці эўра, якая частка? І кажуць: ды ну, у нас заробкі ня тыя. Ну, дык гэта ж не праблема транспартнікаў, праўда? А сёньня ж гэты аўтобус — як і ў той жа Расеі, ці іншай краіне — гэтак жа спажывае паліва, патрабуе замены запчастак і гэтак далей. Ай.... Я бы шмат што вам распавёў, ды не хачу...»

Як паведамляюць ў Міністэрстве транспарту, ільготы на праезд у гарадзкім пасажырскім транспарце застаюцца бязь зьменаў. А тарыфы на праезд падвышаюцца ў адпаведнасьці з эканамічнай абгрунтаванасьцю. Аднак ці гэтыя заявы адпавядаюць рэчаіснасьці — застаецца невядомым, кажа эканаміст і палітык Леў Марголін:

Леў Марголін
Леў Марголін
«Напэўна ёсьць такая патрэба, калі падвышаюцца кошты. Але тут ёсьць два аспэкты: першы — наколькі гэта пад’ёмна для бюджэту гараджан. Бо калі чалавек дабіраецца на працу розным транспартам у абодва бакі, то гэта вельмі дорага. Другі аспэкт тычыцца таго, што, маўляў, ну што ж зробіш, транспарт дарагі, але за яго трэба плаціць, то тут ўзьнікае пытаньне непразрыстасьці фармаваньня сабекоштаў. Што кладзецца на затраты гарадзкога транспарту, з чаго складаюцца гэтыя затраты — ніхто ня ведае. І таму заўсёды ёсьць падазрэньне, што хтосьці жадае перакласьці на плечы простых людзей сваё жаданьне аздобіць кабінэт шыкоўнай мэбляй, набыць дарагі аўтамабіль для службовага карыстаньня. Магчыма, што гэта і ня так, але вось гэтая непразрыстасьць затрат і выклікае найбольшае незадавальненьне людзей, бо яны ня ведаюць чаму даражэе праезд і што за гэтым стаіць».
У прадпрыемстве «Мінсктранс» таксама паведамляюць, што да канца года адбудзецца яшчэ адно падвышэньне тарыфаў на праезд. Кошт адной паездкі ў Менску будзе каштаваць 2.300 рублёў.

У кіроўцы талён будзе каштаваць 2500 рублёў, а за праезд у аўтобусах экспрэс-маршрутаў трэба будзе аддаць 3000 рублёў.

Пры канцы году адбудзецца яшчэ адно падаражэньне праезду — да 2300 рублёў за адну паездку.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG