Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Патэнцыялу для далейшага росту заробкаў няма


Калі верыць справаздачам Нацыянальнага статыстычнага камітэту, дабрабыт беларусаў працягвае імкліва расьці. Згодна з апошнімі дадзенымі, сярэдні заробак па Беларусі склаў у эквіваленце 565 даляраў, а па Менску дасягнуў 730 даляраў.

Пры тым, што задачы на гэты год ставіліся нават менш амбітныя — паўторна выйсьці на паўтысячы даляраў па краіне. Нагадаем, што аналягічная гонка за паказьнікамі больш за два гады таму скончылася вострым фінансавым крызісам. Чаму каляпсу няма гэтым разам?

Паводле афіцыйных зьвестак, намінальны налічаны заробак за сакавік падвысіўся амаль на 25 даляраў у параўнаньні з папярэднім месяцам, дасягнуўшы 565 даляраў. У сталіцы гэты паказьнік перакрочыў 700-даляравую адзнаку. Некаторыя экспэрты лічаць, што амаль трохразовы абвал беларускага рубля ў 2011 годзе выклікала якраз гонка за заробкамі. Пад прэзыдэнцкія выбары ў сьнежні 2010-га ўрад абвясьціў пра выхад на гістарычныя вышыні — тады да сьціплых 300 даляраў у сярэдзіне году дадаліся адразу 200. Разбагацеўшы на эмісійных працэсах, народ пачаў актыўна скупляць валюту, так што наяўныя даляры, эўра, расейскія рублі ператварыліся ў дэфіцыт.

Чаму пры захаваньні посткрызіснай сацыяльнай палітыкі на падвышэньне дабрабыту насельніцтва курс рубля і, дзякуючы гэтаму, высокі даляравы эквівалент трымаецца сёлета? Меркаваньне выказвае навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук:

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук
«Найперш, параўноўваць заробкі ў далярах мае ня вельмі шмат сэнсу. Галоўнае — глядзець на рэальную дынаміку заробкаў у беларускіх рублях, бо на заробкі ў далярах узьдзейнічаюць і іншыя чыньнікі. Па-другое, быў пэўны запас, за кошт якога можна было падвысіць заробкі на тле крызісу 2011 году, таксама меў месца невялікі рост прадукцыйнасьці працы. Таму на дадзены момант гэта да вялікіх праблемаў і не прыводзіць. Але тут праблема, хутчэй, у тым, што патэнцыялу для далейшага росту заробкаў ня так шмат. Таму, на маю думку, надалей так істотна плянка заробкаў падвышацца ня будзе».

Тым ня меней у рэальнасьці далёка ня ўсе працаўнікі бюджэтнай сфэры могуць пахваліцца, што скарылі 500-даляравую плянку заробкаў. Паводле некаторых дадзеных, на пачатку вясны крыху больш за 20% работнікаў атрымлівалі заробак у межах 2–3 мільёнаў рублёў на месяц, а блізу 30% — 3–4 мільёны рублёў. Гэта значыць, палова працаўнікоў, якія ўлічваюцца афіцыйнай статыстыкай, маюць прыбытак ніжэйшы за сярэдні (дзеля справядлівасьці, у асноўным гэта тычыцца рэгіёнаў). Галоўны ж унёсак у аптымістычную статыстыку даюць ІТ-сфэра, вытворчасьць нафтапрадуктаў і нафтахімія, авіяцыя, фінансавы сэктар, сканцэнтраваныя галоўным чынам у сталіцы. Тут заробкі стартуюць ад 1000 даляраў і вышэй. У той жа час сацыяльныя работнікі, выкладчыкі, аграрыі звыкла плятуцца ў хвасьце рэйтынгу з 250–350 далярамі.

Зрэшты, любое больш адчувальнае ваганьне курсу беларускага рубля можа парушыць цяперашні парытэт і, як і ў 2011-м, адкінуць беларусаў ад мэты. Ці сапраўды ўлады намагаюцца па максымуме ўтрымліваць зручны дысбалянс на валютным рынку, каб ня выклікаць панікі ні сярод насельніцтва, ні сярод суб’ектаў гаспадараньня? Гаворыць фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі :

Валеры Палхоўскі
Валеры Палхоўскі
«Я думаю, што, вядома ж, ёсьць імкненьне ў Нацыянальнага банку прытрымліваць курс беларускага рубля. Зь іншага боку, ведамства пастаянна дэкляруе, што ў нас, маўляў, кіраванае плаваньне, мы не дапускаем рэзкіх ваганьняў на валютным рынку і г.д. Але нейкае плаўнае аслабленьне, я думаю, усё ж будзе. Нават Надзея Ермакова пра гэта казала падчас сустрэчаў з прэзыдэнтам. Плюс да таго, у краіне захоўваецца інфляцыя. Нават калі ўрад выйдзе на ўзровень 10–12% па росьце коштаў, а курс застанецца на тым жа самым узроўні, то гэта зноў будзе ўзмацненьне рэальнага абменнага курсу беларускага рубля. Хацелася б, вядома, такіх рэчаў пазьбегнуць, бо гэта будзе ня вельмі добра найперш для нашых экспартэраў. А пра іх таксама трэба памятаць».

Доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка наракае, што з-за нестабільнасьці беларускага рубля нават адносна высокія заробкі ў адзін момант могуць аказацца нічога ня вартай «рэзанай паперай». Па яго словах, за сваё больш чым 20-гадовае існаваньне нацыянальная валюта ўвесь час абясцэньваецца, а гэта сьведчыць пра недастатковую кампэтэнтнасьць і палітычнага кіраўніцтва краіны, і фінансавых інстытутаў:

Уладзімер Кулажанка
Уладзімер Кулажанка
«Увесь гэты набор — ад дэнамінацыяў да дэвальвацыяў — якія, паводле вэрсіі ўладаў, ужываліся, каб уратаваць нацыянальную валюту, сьведчаць пра тое, што ў нас няма нармальнай сыстэмы грашовага абарачэньня. Бо калі 1 даляр роўны 3 тысячам рублёў і раптам курс падскоквае амаль на 200% — да 8 тысяч зь лішкам, то гэта перадусім пра што сьведчыць? Сьведчыць пра тое, што да гэтага вялася штучная палітыка — і грашовая, і фінансавая. Вось і ўвесь сакрэт. У той жа Японіі, напрыклад, адваротны працэс — не інфляцыя, а дэфляцыя, калі кошты зьніжаюцца. Нам гэта падаецца чымсьці з шэрагу фантастыкі. Натуральна, такіх краінаў, у якіх слабое грашовае абарачэньне, нямала. Але Беларусь усё ж у цэнтры Эўропы, побач з такімі стабільнымі валютамі, як у Расеі, у краінах Балтыі, нават ва Ўкраіне. І гэта вельмі дрэнна. Адрозна ад нас, у суседзяў стабільная сытуацыя ўжо шмат гадоў».

У краінах Эўропы лідэр па памеры мінімальнага заробку — Люксэмбург: менш за 1800 эўра там ніхто не зарабляе. У першую тройку таксама ўваходзяць Ірляндыя (1460 эўра) і Нідэрлянды (1450 эўра). Самая нізкая мінімальная зарплата — у Румыніі (160 эўра) і Баўгарыі (140 эўра). У Беларусі на дзяржаўным узроўні забаронена плаціць менш за 1 мільён рублёў — гэта не дацягвае і да 100 эўра ў эквіваленце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG