Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскім чыноўнікам прад’яўлены абвінавачваньні


Сьледчы камітэт завяршыў папярэдняе сьледзтва па крымінальнай справе, пачатай адносна службовых асоб Гомельскага гарвыканкама.

Справа перададзена пракурору для накіраваньня ў суд. Чыноўнікаў вінавацяць ва злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. У выніку іх злачынных дзеяньняў бюджэт недаатрымаў звыш Br3, 8 млрд. Падчас сьледзтва кватэры вернутыя дзяржаве, паведамляе Сьледчы камітэт.

Канчатковыя абвінавачваньні прад’яўленыя экс-старшыні Гомельскага гарвыканкама Віктару Піліпцу, а таксама шэрагу службовых асобаў упраўленьня капітальнага будаўніцтва гарвыканкама: дырэктару прадпрыемства, яго намесьніку па эканоміцы і фінансах, начальніку жыльлёва-інвэстыцыйнага адзьдзела, былому начальніку плянава-дамоўнага адзьдзела.

Паводле Сьледчага камітэта, абвінавачаныя ў верасьні-кастрычніку 2011 года незаконна разьмеркавалі кватэры паміж сабой, сваімі сваякамі, блізкімі і знаёмымі. Частка кватэр аформлена на падстаўных асоб. Кошт набытых імі кватэр быў значна ніжэй за рынкавы, паведамляе Інтэрфакс.

Старшынём Гомельскага гарвыканкаму Віктар Піліпец быў прызначаны ў кастрычніку 2009 году. Да гэтага працаваў памочнікам прэзыдэнта, галоўным інспэктарам па Віцебскай вобласьці.

Кар’ерны рост Піліпца пачынаўся ў Калінкавіцкім раёне — ад дырэктара саўгасу да старшыні выканкаму. Вяскоўцам ён запомніўся тым, што «моцнай рукой» выхоўваў мэханізатараў і пашыраў пасевы кукурузы.

У Гомелі пры Ільінінскім спуску для Віктара Піліпца тэрмінова ўзьвялі дыхтоўны дом. У афіцыйных паперах яго падавалі як службовы. Пасьля арышту Піліпца ў верасьні 2012 году сям’я пакінула дом № 36 на вуліцы Пралетарскай, і цяпер ён пустуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG