Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава літоўскага графіка Стасіса Красаўскаса ў Менску


У рамках Дзён культуры Літвы ў Беларусі ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску пачала працу выстава літоўскага графіка Стасіса Красаўскаса.

Падборка зь 50 твораў з калекцыі Літоўскага мастацкага музэю складаецца спрэс са знакамітых карцін. Сярод іх цыклі «Вечна жывыя», «Нараджэньне жанчыны», «Рух», «Вакно», «Імгненьне», а таксама ілюстрацыі да санэтаў Уільяма Шэксьпіра.

Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус адзначыў, што Стасіс Красаўскас і ў жыцьці быў вельмі шматбаковай асобай, меў дасягненьні ў мастацтве і спорце, а таксама захапляўся сьпевамі. Аднак сваімі графічнымі творамі ён пераадольваў час і прастору:

«Напрыклад, цыкль „Вечна жывыя“ зьвязаны са сьлядамі Другой сусьветнай вайны, яе ахвярамі, якія не паміраюць, дзякуючы мастаку. Наогул, ствараючы творы на пэўны сюжэт ці гістарычную падзею, ён укладаў у яго агульначалавечы сэнс, пераадольваючы такім чынам аковы часу і прасторы. Нягледзячы на тое, што творца памёр яшчэ ў 1977 годзе, сёньня яго творчасьць ня трэба перакладаць для нас, тых, хто жыве ў 21-м стагодзьдзі».

Стасіс Красаўскас вядомы сваімі ілюстрацыям да твораў літоўскіх паэтаў, а таксама расейскага паэта Робэрта Раждзественскага, санэтаў Уільяма Шэксьпіра, «Песьні песьняў». Адзін з твораў мастака выкарыстоўваўся ў якасьці эмблемы часопісу «Юность», які выдаваўся ў СССР.

Літоўская мастачка і дачка Стасіса Красаўскаса Аістэ Красаўстайце:

«Часам людзі зьдзіўляюцца, што творы бацькі такія маленькія і зусім не падобныя да вялікіх і яркіх карцін, якія пішу, да прыкладу, я сама. Але гэтай простасьцю ён гавораць з гледачом. І гэта такі субтыльны шэпат, зусім ня крык. Але шэпат паэтычны і глыбокі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG