Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чароўнае слоўца


Ідзе экскурсія па пекле. Катлы з амэрыканцамі, немцамі, іншымі пільна ахоўваюць чэрці. І раптам наведнікі бачаць кацёл без ніякай аховы. Як, чаму? А навошта, — адказвае гід, — там калі хто і паспрабуе вылезьці, дык свае ж за ногі ўніз сьцягнуць.

Ну вы разумееце пра што я. Пра дзіўную рэакцыю на ідэю трох арганізацый наконт «народнага рэфэрэндуму». Я не пра тое, што ідэя добрая. Я пра некалькі яе асаблівасьцяў. Яна — не пра стварэньне новага камітэту, штабу, ураду ў ценевым выгнаньні, не пра чарговы блёк, саюз ці каардынацыйны цэнтар (хаця і пра гэта, але ня гэта галоўнае). Яна — пра нейкую форму працы з насельніцтвам, з народам. Ініцыятары «народнага рэфэрэндуму» нават не казалі, што ўсе павінны далучыцца да іх, інакш на тых, хто не далучыўся, кладзецца віна за паразу беларускай дэмакратыі і кляймо здраднікаў і раскольнікаў. Дзяжурныя заклікі да адзінства былі, але тройка палітыкаў дала зразумець, што ў горшым выпадку спадзяецца справіцца і сваімі сіламі.

Ну і чаго, здавалася б, варта чакаць ад калег-палітыкаў, скептыкаў і нават нядобразычліўцаў? Ды баўцеся, чым хочаце, посьпехаў вам, у нас сваіх справаў па горла, галаву не падняць. Ці нават злоснае — не, гэта кепска, бо перашкаджае нашай пераможнай кампаніі, ну скажам, «За сякеры і на дахі». Але рэакцыя была нейкай не такой. Ідэю пачалі дружна ганіць, хаця яе рэалізацыя не перашкаджае, здаецца, нічыім велічным плянам. Ці перашкаджае? Я вось так і не зразумеў, якім менавіта. Можа ў тым і справа, што спрэчная, але хаця б нейкая ідэя — непрыемны ўзор для параўнаньня.

А не, памыліўся, — перашкаджае. На пасяджэньні магутнага «Эўранэсту» асудзіць дыктатуру. Тое, што туды прыедуць прызначэнцы выбітнага дэмакрата Аліева — не перашкаджае, што прыедуць дэпутаты малдоўскага парлямэнту, якія летась міла наведвалі сьпікера Андрэйчанку — не перашкаджае, наяўнасьць армянскіх парлямэнтараў, чый сьпікер вітаў таго ж Андрэйчанку зусім нядаўна — не перашкаджае. Яны ўсе гатовыя кляйміць беларускую дыктатуру. Ну а як вылезьлі Някляеў-Мілінкевіч-Янукевіч са сваёй ідэяй — вось галоўная небясьпека.

Між тым ідэя названых спадароў вельмі падобная на самой справе на ініцыятыву, дзякуючы якой менавіта Андрэй Саньнікаў — аўтар гэтых перасьцярогаў, былы буйны чыноўнік, стаў статусным апазыцыйным палітыкам. Я маю на ўвазе «Хартыю-97». Першапачатковая ж ідэя была не стварыць інфармацыйны рэсурс ці брэнд, была ідэя запусьціць збор подпісаў пад нечым (на самой справе ня так і важна, пад чым), які стане мэханізмам палітычнай мабілізацыі. Аб’яднаньне ў працэсе падпісаньня тэксту ператворыцца ў новую форму грамадзкай мабілізацыі.

Дарэчы, прыкладна такой жа была звышмэта збору подпісаў за вуліцу імя Васіля Быкава, з чаго пачыналася «Гавары праўду». Каб сапраўды зьявілася такая вуліца — было мэтай, а звышмэтай — запусьціць праз збор подпісаў працэс грамадзкай кансалідацыі, зрабіць падпісантаў не адзінкамі, а адзіным. Чаму не атрымалася — пытаньне да «Гавары праўду». Я пра ідэю.

Ну зразумела ж, што і зараз не ідзецца ні пра які рэфэрэндум, які ёсьць вызначаная законам працэдура, у якой расьпісаныя ўсе этапы і, дарэчы, тэрміны, якія значна больш вузкія, чым тыя, пра якія ішлося на прэсавай канфэрэнцыі трох палітыкаў. Зразумела, калі кампанію «народнага рэфэрэндуму» атрымаецца трансфармаваць у правядзеньне афіцыйнага рэфэрэндуму, гэта будзе някепска. Але гэта неабавязкова атрымаецца. Гэта і наагул неабавязкова.

У прапанове «народнага рэфэрэндуму» есьць яшчэ адзін момант, які выглядае як апгрэйд першапачатковай ідэі «Хартыі 97». Там па вялікім рахунку тэкст ня меў вялікага значэньня, пакажыце чалавека, які яго памятае. Тут — мае. І вялікае. У пэўным сэнсе большае, чым нават кампанія ўсенароднага (ці якога атрымаецца) збору подпісаў.

Калі людзі пытаюць палітыкаў — «а якая ў вас праграма», — што яны маюць на ўвазе? Ці калі кажуць — «у апазыцыі няма праграмы»? Ды як жа няма — а «Мільён новых працоўных месцаў», а «Народная праграма», а шэраг іншых дабраякасных у прынцыпе дакумэнтаў? Не памятаеце? Я таксама. І ніхто не памятае. А чаму? А таму, што гэта не пра тое.

Вось перабудовачнае «адабраць прывілеі ў намэнклятуры — каб у крамах тавараў, як на Захадзе — каб свабодна езьдзіць на Захад» — гэта была праграма. Ці лукашэнкавае ўзору 1994 году — «спыніць інфляцыю — спыніць карупцыю — аднавіць сувязі з рэспублікамі былога СССР». Ня скажаш, зразумела, што толькі ў гэтых чароўных словах была прычына тагачасных перамогаў. Але варта сказаць, што было ў іх дакладнае патрапляньне, ніхто ня скажа, што тады гэтыя рэчы былі людзям абыякавыя і нецікавыя. Назад — усё проста і зразумела. Наперад — цемра.
Так, народ незадаволены, так, хоча нечага іншага. Але чаго? І тады, і напрыканцы 80-х-напачатку 90-х, і ў 94 годзе, шмат чаго насамрэч хацеў. А чаго зараз па-сапраўднаму, моцна хоча? Такога ж, што тады абрынула КПСС і Кебіча. Адразу скажу — толькі ня трэба прапаноўваць варыянт: «Далоў Лукашэнку». Тады, дарэчы, «Далоў КПСС» і «Далоў Кебіча» зусім не былі галоўнымі лёзунгамі. А зараз наконт Лукашэнкі каму далоў, каму — няхай жыве, а каму — а што замест, а якая ў вас праграма? І пайшлі па коле.

Зразумела, пошук «болевых кропак» не адмяняе клясычных патрабаваньняў апазыцыі — «свабода палітвязьням», «свабодныя выбары», «Беларусь — у Эўропу». Не адмяняе ні як патрабаваньняў самой апазыцыі і яе адданых прыхільнікаў, ні як магчымых пунктаў «мэню» «народнага рэфэрэндуму». Нейкія зь іх могуць быць нават удалымі ў сэнсе патрапляньня, «чапляньня» народнай душы, скажам, лёзунг «прэч парткамы з прадпрыемстваў» быў у гады позьняй перабудовы папулярны не адно сярод зацятых антыкамуністаў. Але той дзень — не сёньняшні.

Тое, што тройка Някляеў-Мілінкевіч-Янукевіч вырашыла сфакусавацца менавіта на гэтым пошуку — гэта выдатна. І нікому, дарэчы, не забаронена паўдзельнічаць. Калі яны кепскія, дык не для іх пашукаць, а для добрых. Для сябе. У каго ёсьць адказы? А іх «народны рэфэрэндум» — гэта насамрэч тэст, праверка, патрапілі ці не патрапілі.

Не патрапяць — скіруецца гэтая ідэя да папярэдняй, на могілкі шматлікіх няўдачаў. Патрапяць — ну там бачна будзе. Толькі ня трэба тут пра Ярмошыну і пра «выбараў няма». Пра тое, як нявыбары ператвараюцца ў выбары, даводзілася ўжо пісаць. Да таго ж палітыка і барацьба за ўладу пачаліся ў чалавечай гісторыі задоўга да вынаходніцтва ўсеагульных выбараў. І зараз да іх ня зводзяцца. Але зараз ня толькі выбараў няма, зараз і слоўцаў, «праграмаў», якія б запальвалі сэрцы, як тое было на нашай памяці — таксама няма. Людзі хочуць іх знайсьці і спраўдзіць, ці тое знайшлі — дык сьцяг ім у рукі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG