Уладзімер Мацкевіч: «Я супраць любых летуценьніцкіх прапановаў»
Уладзімер Мацкевіч не падтрымлівае ідэю правядзеньня народнага рэфэрэндуму, зь якой выступілі лідэры шэрагу дэмакратычных партыяў і рухаў:
«Я супраць любых летуценьніцкіх прапановаў, якія ня маюць пад сабой рэальнага забесьпячэньня: рэсурснага, прававога, чалавечага. Я супраць таго, каб без інфармацыйных нагодаў у інфармацыйную прастору выносіліся б вось гэтыя летуценьніцкія прапановы замест таго, каб крок за крокам назапашвалася, напрацоўвалася менавіта рэальнае рэсурснае забесьпячэньне для змаганьня з дыктатурай».
Рымашэўскі: Пакуль мы яе разглядаем як проста заяву і ня больш за тое
Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі ня бачыць магчымасьці правесьці рэфэрэндум у Беларусі ў сёньняшніх умовах:
«Апэляцыя да шырокіх народных масаў, безумоўна, можа выглядаць прыгожай і гучнай. Але вядома, што значная частка беларускага насельніцтва выступае за яднаньне Беларусі з Расеяй. І, параіўшыся зь ім, можна вынесьці на рэфэрэндум аб’яднаньне Беларусі з Расеяй ці іншыя пытаньні, супраць якіх выступае БХД. Безумоўна, любыя ініцыятывы паяднаньня вітаюцца.Толькі за апошнія паўгода занадта шмат было гучных заяў і абвяшчалася ініцыятыў, за якімі потым не было ніводнага практычнага дзеяньня. Таму з гэтай заявы пакуль рабіць высновы пра нейкія практычныя дзеяньні не выпадае. Апроч таго, мэты досыць цьмяныя і неакрэсьленыя. Калі будуць нейкія рэальныя дзеяньні і крокі па рэалізацыі гэтай ініцыятывы, тады можна будзе казаць, добрая яна ці дрэнная, ці гэта ініцыятыва, накіраваная на дзеяньне, а ня проста заява. Пакуль мы яе разглядаем як проста заяву і ня больш за тое.
Правесьці рэфэрэндум ва ўмовах Беларусі абсалютна нерэальна, і неаднаразова такія спробы былі. Даволі згадаць Дзьмітрыя Вуса, які год таму зьбіраўся правесьці рэфэрэндум — і гэта нічым ня скончылася. Ня бачу падстаў для таго, што сёньня беларускія ўлады раптам возьмуць і зарэгіструюць ініцыятыўную групу і дазволяць зьбіраць подпісы ў падтрымку нейкіх пытаньняў, больш-менш небясьпечных для беларускіх уладаў. Таму сёньня гэта выглядае проста нерэальна».
Лябедзька: рашэньні будуць такія, якія прадыктуе Лукашэнка
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў, што яму складана казаць пра тое, сутнасьці чаго ён ня ведае. Ці магчыма наагул правесьці ў Беларусі рэфэрэндум?
«Канечне, не. Сёньня, не мяняючы заканадаўства, правапрымяняльнай практыкі, можна правесьці рэфэрэндум па пытаньнях, якія вылучаць няхай і тыя суб’екты, якія цяпер абазначыліся. Але рашэньні будуць такія, якія прадыктуюць Аляксандар Лукашэнка і спадарыня Ярмошына. І з гэтага можа атрымацца альбо такі пук у паветра, альбо проста непрыемная сытуацыя. А вось трэба кансалідаваць свае намаганьні, каб зьмяніць правілы, а потым ужо брацца за такія кампаніі, калі гэта насамрэч ідзе размова пра рэфэрэндум. Але вядома, што нават ініцыятывы рэалізаваць мажлівасьць збору подпісаў за зьмену заканадаўства нічым ня скончыліся. А рэфэрэндум тым больш, асабліва калі гэта будзе нейкі замах на нешта важнае для ўлады».