Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падбярэзскі: Ланская ня дала ніводнага сольнага канцэрту


Зьміцер Падбярэзскі
Зьміцер Падбярэзскі

Ці можна сказаць, што на Эўрабачаньні прадстаўленыя найлепшыя ўзоры беларускай эстраднай музыкі? Чаму беларускім выканаўцам звычайна не ўдаецца заваёўваць высокія месцы на гэтым песенным конкурсе? Чаму Эўрабачаньне настолькі папулярнае менавіта ў Беларусі?

На гэтыя пытаньні адказвае музычны крытык Зьміцер Падбярэскі.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што на Эўрабачаньні кожны год выступаюць менавіта лепшыя прадстаўнікі беларускай музычнай культуры, беларускай эстрады і поп-музыкі?

Падбярэзскі: Варта адзначыць, што Эўрабачаньне — гэта найперш ня песенны конкурс, а тэлевізійнае шоў. Таму тыя выканаўцы, якія імкнуцца туды трапіць, так ці інакш падладжваюцца пад гэты фармат. Не істотна нават, наколькі будзе цікавая песьня, якія там словы — галоўнае, каб на сцэне было прыгожа.

Я не магу сказаць, што гэта найлепшыя сьпевакі Беларусі. Многія зь іх, вядома, маюць школу, яны прафэсійныя. Але тыя музычныя ідэі, якія яны імкнуцца паказаць на Эўрабачаньні, цалкам стандартныя, і нават з пункту гледжаньня поп-культуры не цікавыя.

Цыганкоў: За многія гады ўдзелу ў Эўрабачаньні беларускія прадстаўнікі пераважна не трапляюць у фінал, найлепшым быў выступ Дзьмітрыя Калдуна (6-е месца). Чым бы вы гэта патлумачылі?

Падбярэзскі: Я ўвогуле ня вельмі разумею парадак галасаваньня там. Ён настолькі прыблізны, аднак закладзены ў канцэпцыю гэтага тэлешоў. Таму пазыцыя, якую займаюць сьпевакі, часам невытлумачальная. Шукаць нейкі сэнс у тым, хто лепш прасьпяваў, выступіў — гэта ня самае істотнае. Галоўнае — як прагаласуюць людзі, якія спажываюць гэты музычны прадукт.

Уладу можна зразумець: трансьляцыя конкурсу, якая ідзе на ўвесь кантынэнт, дазваляе Беларусі так ці інакш заявіць пра сябе
Зьміцер Падбярэзскі
Цыганкоў: Беларусь — адна з тых краінаў, дзе надаецца надта вялікае значэньне гэтаму конкурсу. Мы памятаем скандал мінулага году падчас адбору на Эўрабачаньне, калі нават умяшаўся Аляксандар Лукашэнка. Гэта немагчыма ўявіць сабе ў іншых краінах. Чым патлумачыць такую шырокую ўвагу да гэтага конкурсу і ўлады, і шырокіх слаёў насельніцтва?

Падбярэзскі: Уладу можна зразумець: трансьляцыя конкурсу, якая ідзе на ўвесь кантынэнт, дазваляе Беларусі так ці інакш заявіць пра сябе.

Сьпевакі імкнуцца туды трапіць, бо думаюць такім чынам здабыць велізарную вядомасьць і папулярнасьць. Тая ж Ланская. Колькі гадоў яна на сцэне? У 2010 годзе быў выдадзены яе дэбютны альбом. Але я ня памятаю, каб гэтая «зорка», прафэсійная сьпявачка, як яна, відаць, мяркуе пра сябе, дала хоць бы адзін сольны канцэрт. Гэта што за ўзровень? Гэта, па-мойму, проста прафанацыя.

Што да шырокіх народных масаў, то народ прызвычаіўся, што тэлебачаньне за апошнія гады страціла функцыю сродку масавай інфармацыі і ператварылася ў відовішча. І Эўрабачаньне — адна з частак гэтага відовішча. Народ не прывык думаць, ён прывык спажываць тое, што ён бачыць вачыма, а ня тое, што разумее мазгамі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG