Вы на хвалях Радыё Свабода. З вамі далей Валянцін Жданко. У праграме «Паштовая скрынка 111» — агляд лістоў нашых слухачоў.
Як мяняюцца маральныя арыенціры беларусаў? Да якіх духоўных ідэалаў імкнецца сучасная моладзь, якая нарадзілася і вырасла ў постсавецкі пэрыяд і ня зьведала ідэалягічнага дыктату камуністаў, хоць і сапраўднай свабоды таксама не паспытала?
Адзін з аўтараў лістоў на Свабоду, які спрабуе адказаць на гэтыя пытаньні, — наш даўні сябар Сяргей Жаваранак з Кобрына, з допісу якога пачну сёньняшнюю размову. Ён піша:
«Людзі, на долю якіх выпалі вялікія выпрабаваньні, якія галадалі, пакутавалі пад бальшавіцкім прыгнётам, у асноўным ужо паўміралі. На зьмену ім прыйшлі іншыя. Як правіла, працаваць ня хочуць: ня прывучаныя. Маўляў, няхай дурань працуе, а я за такія капейкі ня буду. Добра, але высокааплатнай працы ў нас няма. Дык за чый кошт жыць? За кошт сваіх матуль і бабуль — за іхныя зарплаты і пэнсіі.
У многіх маладых няма нічога сьвятога — сумленьне і не начавала. За грошы могуць і забіць, і павесіць.
Назіраю, што суседзі не кантактуюць адзін з адным. Жывуць на адной пляцоўцы — дзьверы ў дзьверы, а бачыць адзін аднаго не жадаюць.
І ў школах настаўнікі ня надта рвуцца навучаць моладзь разумнаму, бо самі бяз Бога ў сэрцы. Кажуць: малыя зарплаты, што нам надрывацца? Так, малыя, але ж гэта ня значыць, што ня трэба рабіць сваю справу.
Вельмі многія людзі сёньня жывуць адным днём. Але цікава, што піць сьпіртное, паводле маіх назіраньняў, сталі меней. У Кобрыне цяпер рэдка ўбачыш п’янага.
Але ў цэлым маральнасьць людзей значна зьнізілася. На працы для многіх стала звыклым абсьмяяць калегу, цікаваць, шпіёніць адзін за адным, а пры зручным выпадку „закласьці“ таварыша начальству.
Ні пра якую дапамогу талакою, як было некалі, цяпер і размовы няма. Паклёпнічаць, пляткарыць — гэта так. І гэта ў маім горадзе ўласьціва вельмі многім. Што характэрна, 95 працэнтаў цяперашняга гарадзкога насельніцтва — учорашнія сельскія жыхары, дзеці і ўнукі сялян.
Часта думаю: і што ж нам рабіць? Як у такіх умовах нешта зьмяніць у лепшы бок? Не хадзіць на выбары? Але і бяз нас выберуць тых, каго ім трэба... Добра, што ёсьць Радыё Свабода. Такія цікавыя перадачы! Яны вучаць мяне любіць жыцьцё, змагацца зь нягодамі, з хлусьнёй. І калі нешта ўдаецца — тады вырастаюць крылы...» .
Людзі сталага веку часам занадта патрабавальна і крытычна ставяцца да стылю жыцьця маладых. Гэта ўласьціва розным эпохам. Згадайце, спадар Сяргей, уласную маладосьць: напэўна ж, таксама ня раз даводзілася чуць папрокі, назіраць касыя позіркі з боку пажылых людзей: ці то за гучны сьмех у кампаніі, ці то за музыку з вакна, ці за адсутнасьць працоўнага энтузіязму на камуністычным суботніку...
Запэўніваю вас, што пакаленьню, якое пакутавала пад бальшавіцкім прыгнётам, а цяпер адыходзіць, і якое вы, відавочна, ідэалізуеце, былі ўласьцівыя тыя ж маральныя заганы і слабасьці. У архівах КДБ захоўваюцца дзясяткі, сотні тысяч даносаў — на суседзяў, калегаў, блізкіх прыяцеляў. Неадкладна і падрабязна паведамлялі пра неасьцярожна сказанае слова, пра палітычны анэкдот, пра сваякоў за мяжой... Прычынай станавілася і зайздрасьць, і помста, і жаданьне праявіць пільнасьць і прадэманстраваць ляяльнасьць да ўлады... А наступствы ж такіх даносаў тады былі ня роўня цяперашнім... Так што людзі і тады, і цяпер — розныя. Адны пішуць даносы, другія — дапамагаюць нявінна пацярпелым і абараняюць справядлівасьць.
Наступны ліст даслаў нам Уладзімер Цыбенка з Івацэвічаў. Разважаючы пра ролю кніг у сваім жыцьці, слухач піша:
«Так сталася, што я, чалавек з вышэйшай адукацыяй, трапіў у сумнавядомы ЛПП (лячэбна-працоўны прафілякторый), дзе нібыта лечаць ад алькагалізму. Пабываў я там, што праўда, не з уласнай ахвоты, а дзякуючы намаганьням маёй нябожчыцы-цешчы. Ну, але гэта — асобная гісторыя.
Дык вось, у нялюдзкіх умовах пасьля працы мяне ратавалі валейбол і кнігі. Кнігі, відаць, найперш.
Я маю тры выданьні з вашай кніжнай сэрыі „Бібліятэка Свабоды“. Іх чытаюць мае знаёмыя і сябры. Дзякуй вам за іх. Вельмі хацелася б мець вашу новую кнігу — „Турма і здароўе“ Юрыя Бандажэўскага. Слухаў урыўкі зь яе і быў вельмі ўражаны.
Са шкадаваньнем даведаўся пра скарачэньне перадач Свабоды. Трымайцеся і ведайце, што вы нам вельмі патрэбныя».
Дзякуй Вам, спадар Уладзімер, за словы падтрымкі. Думаю, што Вам, чалавеку, якому выпала прайсьці праз такую вельмі падобную на турму ўстанову, як ЛПП, сапраўды, будзе вельмі цікава пазнаёміцца з кнігай Юрыя Бандажэўскага. Дарэчы, няблага было б, каб вы ў новым лісьце на Свабоду больш падрабязна распавялі пра свой досьвед так званага прымусовага лекаваньня. Мы нячаста атрымліваем інфармацыю пра тое, што робіцца ў гэтых закрытых установах, празь якія вымушаны праходзіць тысячы і тысячы беларускіх грамадзянаў.
З просьбай пра кнігу «Турма і здароўе» зьвяртаецца да нас і Ўладзімер Лугаўцоў зь Менску. Ён піша:
«Мне 64 гады. 35 зь іх адпрацаваў на Менскім авіярамонтным заводзе (цяпер ужо, відаць, былым). З канца 80-х удзельнічаў у апазыцыйных мітынгах і пікетах. Даводзілася нават сустракаць у Курапатах амэрыканскага прэзыдэнта Біла Клінтана.
У 1994 годзе быў на выбарах назіральнікам ад БНФ (тады яшчэ адзінага і моцнага). Многа чаго было...
А цяпер вымушаны хадзіць з кійком, і толькі ў двары. 2-я група інваліднасьці, слабнуць мышцы рук і ног. Лекары кажуць, што робяць усё магчымае, але хвароба паволі прагрэсуе. Усё цяжэй трымаць раўнавагу, асабліва на лесьвіцы...
Я разумею, што кніга „Турма і здароўе“ больш неабходная тым, хто ў няволі. І ўсё ж у мяне таксама сур’ёзныя абставіны. Вельмі хацеў бы атрымаць яе, пазнаёміцца зь фізычнымі і псыхалягічнымі практыкаваньнямі, якія дапамагаюць вязьням...
Вялікі дзякуй вам. Трымайцеся! Эх, дажыць бы!...».
Вельмі спадзяемся, спадар Уладзімер, што гэтая кніга дапаможа вам. Дзякуй за добрыя словы і за падтрымку. Верым, што тыя зьмены, пра якія вы так марыце і якія ў свой час як маглі набліжалі, — ужо недалёка.
Пра беларускую незалежнасьць і пра тое, адкуль паходзіць пагроза гэтай незалежнасьці, разважае ў сваім лісьце на Свабоду Пётар Дырында зь вёскі Хілімонаўцы Сьвіслацкага раёну. Ён піша:
«Баяцца трэба тых, хто скупляе (ці захоплівае) нашы прадпрыемствы, жыльлё, маёмасьць; хто руйнуе аўтавакзалы (маю на ўвазе новы вакзал „Маскоўскі“ ў Менску); хто будуе тут АЭС; стварае ваенныя базы... Яны прыйшлі сюды даўно і, відаць, надоўга. Тут пануюць іхняя мова, іхныя парадкі („закон — тайга, хазяін — мядзьведзь“). А калі няма свайго нацыянальнага сьцяга, герба, гімна, мовы, то няма і незалежнасьці.
Як казаў Вася Абломаў на канцэрце ў Беластоку, „Еду в Магадан“ тут „звучит реалистично“...
Словам, словы Каліноўскага і цяпер застаюцца для нас актуальнымі: „Тады толькі зажывем шчасьліва, калі над намі маскаля ўжо ня будзе“. Але ж будзем спадзявацца на лепшае».
Гэтая ж тэма і такія ж высновы гучаць у допісе нашага слухача Артура Каваленкі з Наваполацку. Ён лічыць, што Беларусь ужо амаль страціла сваю дзяржаўную незалежнасьць. У лісьце на Свабоду Артур піша:
«Беларусь ужо на 95 працэнтаў увайшла ў склад Расеі. Беларуская мова фактычна зьнішчаная: засталіся невялікія выспачкі. Палітычнае поле амаль адсутнічае. У культурнай сфэры працу вызначаюць не законы, а загады чыноўнікаў ад ідэалёгіі.
Адразу пасьля чарговага штогадовага пасланьня Лукашэнкі Масква выразна паказала яму ягонае месца. Маўляў, будзеш дрэнна сябе паводзіць — зьменшым пайку. Ці ўдасца дыктатару на нейкі час адкруціцца ад прыватызацыі і расейскіх вайсковых баз — гэта вялікае пытаньне.
Цяпер Расея пачынае чарговы этап „дацісканьня“ Лукашэнкі: спрабуе рэзка зьнізіць датацыі і змусіць да прыватызацыі галоўных прадпрыемстваў. У выніку ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю беларускія тавары імкліва страчваюць сваю канкурэнтаздольнасьць. Лукашэнку цяпер застаецца толькі адно: падтрымліваць сваю ўладу, прадаючы найбольш пасьпяховыя прадпрыемствы».
Ці гандлюе Лукашэнка незалежнасьцю і ці распрадае Беларусь расейцам — пытаньне спрэчнае, спадар Артур. Падобныя папрокі ды абвінавачаньні гучаць на адрас першага (і пакуль адзінага) беларускага прэзыдэнта ўсе дзевятнаццаць гадоў ягонага кіраваньня. Але пакуль у гандлі сувэрэнітэтам справа далей за клятвы не пайшла. Лукашэнку не адзін год віртуозна ўдавалася рэалізоўваць маштабную зьдзелку пад умоўнай назвай «нафта ў абмен на пацалункі» і атрымліваць з гэтага шматмільярдныя дывідэнды. Шмат разоў абвяшчалася стварэньне розных «саюзаў» і «саюзных дзяржаў» — але, па сутнасьці, ніякімі ўладнымі паўнамоцтвамі Лукашэнка з саюзьнікамі не падзяліўся. Ён і цяпер нібыта пагадзіўся з настойлівымі просьбамі расейцаў наконт прыватызацыі буйных беларускіх актываў. Але кошты выстаўляе такія, што ніводзін расейскі інвэстар у цьвярозым розуме нават абмяркоўваць магчымасьць такіх зьдзелак не бярэцца... Словам, пакуль што любыя імпэрскія памкненьні Расеі на беларускім напрамку заканчваюцца там, дзе пачынаецца замах на аднаасобную ўладу Лукашэнкі.
Іншая справа — культурныя і духоўныя нацыянальныя каштоўнасьці беларусаў. Тут пры Лукашэнку Беларусь сапраўды панесла вялікія і цяжкапапраўныя страты.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by