Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь вялікай торбай у мэтро: З двух разоў праверылі адзін і ў торбу не зазірнулі


Зь вялікай торбай у мэтро
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:17 0:00
Наўпроставы лінк

Як працуе сыстэма бясьпекі ў менскім мэтро? За дзень да двухгодзьдзя выбуху на Кастрычніцкай карэспандэнт «Свабоды» прайшоў у падземку маршрутам тэрарыста Канавалава з такой жа вялікай торбай.

Пасьля выбуху 11 красавіка 2011 году сыстэма бясьпекі ў менскім мэтро была ўдасканаленая, але гэты працэс яшчэ не завершаны. Гэтак вынікае з слоў намесьніка начальніка мэтрапалітэну Вадзіма Пліса, які адказвае за бясьпеку. 10 красавіка Вадзім Пліс паведаміў карэспандэнту Радыё «Свабода»:

«У нас шмат робіцца для бясьпекі грамадзянаў. Створаная служба аховы, вядуцца працы па праектаваньні й стварэньні зонаў надгляду пасажыраў, сыстэма відэаназіраньня ўдасканальваецца. То бок, праца ідзе штодня, нават штогадзіны. Рух наперад ёсьць, падзеі, якія тады адбыліся, у працы мэтрапалітэну ўлічаныя».

Карэспандэнт: «Можна гарантаваць, што такога не паўтарыцца? »

Пліс: «Я магу сказаць адно: сыстэма бясьпекі працуе, а што да гарантый, то ніводная сыстэма бясьпекі гарантыі цалкам даць ня можа. На сёньня ўсё магчымае робіцца і будзе рабіцца. Бясьпека дзейнічае ў тым аб’ёме, які неабходны».

Карэспандэнт: «Я кажу пра гарантыю адносна таго спосабу, як адбылося два гады таму — што чалавек у торбе змог пранесьці бомбу. Цяпер гэта немагчыма?»

Пліс: «Яшчэ раз кажу: пры патоку 900 тысяч грамадзянаў у дзень ставіць за мэту надглядзець кожнага пасажыра — гэта, відаць, нерэальна. А магчыма, і ня трэба. Сёньня праводзіцца выбарачны надгляд, гэта робяць як супрацоўнікі службы аховы, гэтак і міліцыянты. Яны праводзяць выбарачны надгляд».

Бяру аб’ёмную торбу і спускаюся маршрутам тэрарыста Канавалава на станцыю «Фрунзенская». На гадзіньніку 14:00. На ўваходзе на станцыю з боку прадуктовай крамы мяне спыняе супрацоўнік службы аховы мэтро, апрануты ў цёмную вопратку, з металашукальнікам у руцэ. У маёй торбе сярод кучы адзеньня, зь якім звычайна жонка выпраўляецца на лецішча, аказалася жалезная лыжка з даўгой ручкай. Гэта яе адразу «адчуў» мэталашукальнік. Ахоўнік пытаецца: «Што за мэтал у торбе»? Кажу пра лыжку. «Паказаць?» — «Ня трэба». Ахоўнік задаволены адказам і прапускае мяне ў мэтро, не зазірнуўшы у торбу.

Праходжу па пэроне да супрацьлеглага выйсьця, з боку Юбілейнай плошчы. Са зьдзіўленьнем бачу, што тут на ўваходзе знаходзіцца толькі адна дзяжурная, якая назірае за аплатай.

Выходжу з мэтро на Юбілейную плошчу і празь некалькі хвілін зьбіраюся зноў зайсьці ў мэтро, але праз шкло вэстыбюля бачу, што побач з супрацоўніцай мэтро зьявіўся амапавец. У яго ў руцэ мэталашукальнік, сам ён уважліва прыглядаецца да тых, хто ўваходзіць у мэтро. Вырашаю пачакаць на паверхні.

Праз 15 хвілін іду да турнікетаў, каля якіх амапаўца ўжо няма. Дзяжурная стаіць побач са сваёй будачкай, на маю торбу — нуль увагі. Хвалююся так, што шчыра забываюся ўкінуць жэтончык. Турнікет спрацоўвае, б’е гумовымі рэбрамі па торбе. Выбачаюся. Дастаю з кішэні жэтон, апускаю яго ў шчыліну і тады праходжу. Дзяжурная праводзіць мяне кіўком галавы. Праз усю станцыю праходжу з торбай да процілеглага выхаду, дзе пачынаў экспэрымэнт. Бачу, што супрацоўнік службы аховы мэтро па-ранейшаму на сваім месцы і праводзіць праверку тых, хто ўваходзіць у мэтро зь вялікімі торбамі. Тыя, хто выходзіць, яго, зразумела, не цікавяць.

Вынік экспэрымэнту. З двух спробаў прайсьці ў мэтро зь вялікай торбай мяне праверылі адзін раз. Мэтал у торбе выявілі, але ў саму торбу не зазірнулі. Супрацоўнік АМАПу, які мусіў дзяжурыць на другім уваходзе ў мэтро, двойчы за 20 хвілінаў адсутнічаў, што давала магчымасьць пранесьці ў мэтро вялікую торбу без праверкі, бо дзяжурная на рэчы пасажыраў увагі не зьвяртала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG