Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна можа разьлічваць на Эўрапейскі суд, Беларусь — не


Будынак Эўрапейскага суду па правах чалавека
Будынак Эўрапейскага суду па правах чалавека
30 красавіка Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры прызнаў незаконным рашэньне аб арышце былога прэм’ер-міністра Ўкраіны Юліі Цімашэнкі на этапе судовага разбору па так званай «газавай справе».

11 кастрычніка 2011 году Цімашэнка была асуджаная да сямі гадоў пазбаўленьня волі за перавышэньне паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй у 2009-м.

Суд вызначыў, што ўтрыманьне Цімашэнкі пад вартай у якасьці папярэдняй меры было самаўпраўным, законнасьць зьняволеньня не была ацэненая патрэбным чынам. Такім чынам, суд прызнаў яе арышт палітычна матываваным і прыраўняў яго да парушэньня правоў чалавека.

Прадстаўнікі партыі «Батьківщина», якую ўзначальвае апальная кіраўніца ўраду, віталі рашэньне і заклікалі ўлады Ўкраіны неадкладна выканаць рашэньне Эўрапейскага суду.

Рэакцыя афіцыйнага Кіева пакуль невядомая, але камісія пры прэзыдэнту ў пытаньнях памілаваньня яшчэ раней рэкамэндавала кіраўніку дзяржавы Віктару Януковічу адхіліць такую просьбу з боку Юліі Цімашэнкі і яе абароны.

А вось у Беларусі рашэньні міжнародных структураў традыцыйна ігнаруюцца. Сёлета ў лютым у Гомелі адбылася сустрэча грамадзянаў, скаргі якіх разгледзеў ці зарэгістраваў Камітэт ААН па правах чалавека. За апошнія паўтара дзясятка гадоў камітэт прыняў блізу 40 станоўчых рашэньняў па запытах беларусаў на парушэньні іх правоў з боку дзяржавы, аднак у Беларусі ніводнае зь іх так і не задаволенае. Прадстаўнікі ўладаў традыцыйна спасылаюцца на тое, што рашэньні Камітэту ААН носяць рэкамэндацыйны характар і не абавязковыя для выкананьня.

Між тым, як удакладняе сябра рады Праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка, у беларусаў практычна не застаецца выбару што да апэляцыі ў міжнародныя структуры:
Застаецца толькі Камітэт ААН, інакш бы мы, вядома, карысталіся магчымасьцямі Эўрапейскага суду, але ён для нас, на жаль, недаступны

«Краіны, якія ўваходзяць у Раду Эўропы, падпісваюць эўрапейскую Канвэнцыю і прызнаюць кампэтэнцыю Эўрапейскага суду. Толькі ў такім выпадку грамадзяне краін-сябраў могуць падаваць свае заявы ў Эўрапейскі суд. Паколькі Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы, мы не ратыфікавалі эўрапейскую Канвэнцыю, то для нас гэта абсалютна недаступныя мэханізмы. Застаецца толькі Камітэт ААН, інакш бы мы, вядома, карысталіся магчымасьцямі Эўрапейскага суду, але ён для нас, на жаль, недаступны.

Гэта, бадай, самы эфэктыўны ва ўсім сьвеце мэханізм адстойваньня правоў чалавека, але для нас ён зачынены. Калі, дапусьцім, Эўрапейскі суд прадугледжвае і мэханізм выкананьня свайго рашэньня, то бок яны абавязкова павінны быць выкананыя дзяржавай, то рашэньні Камітэту ААН нават і называюцца „меркаваньнямі“. Таму яны МЗС Беларусі і ўспрымаюцца як „неабавязковы для выкананьня дакумэнт“ і ў нас зусім ігнаруюцца».

У сваю чаргу, сёлета на пачатку году міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей асабіста прадставіў даклад зьнешнепалітычнага ведамства, у якім аналізаваліся парушэньні правоў чалавека ў 23 заходніх краінах, якія лічацца «апірышчам дэмакратыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG