Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН прызнала парушэньне правоў баранавіцкіх актывістаў


Віктар Сырыца, Віктар Мезяк і Сяргей Гоўша (зьлева направа)
Віктар Сырыца, Віктар Мезяк і Сяргей Гоўша (зьлева направа)

Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў незаконнай забарону мітынгу, які ў 2006 годзе меркавалі правесьці баранавіцкія грамадзкія дзеячы Віктар Сырыца, Віктар Мезяк і Сяргей Гоўша.

Актывісты атрымалі з Камітэту ААН па правах чалавека адпаведны адказ на сваю скаргу:

«Камітэт па правах чалавека, дзейнічаючы ў адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 5 Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, лічыць, што прадстаўленыя яму факты сьведчаць аб парушэнні Беларусьсю артыкула 19 і артыкула 21 Пакта».

У адказе з Камітэту адзначана, што «дзяржава-удзельніца абавязана прадаставіць аўтарам эфэктыўны сродак прававой абароны, уключаючы пакрыцьцё панесеных імі судовых выдаткаў і кампэнсацыю. Дзяржава-удзельніца таксама абавязана прыняць захады па недапушчэньні аналягічных парушэньняў у будучыні. У сувязі з гэтым дзяржаве-ўдзельніцы варта перагледзець сваё заканадаўства, у прыватнасьці Закон „Аб масавых мерапрыемствах“, і яго прымяненьне ў мэтах забеспячэньня яго адпаведнасці патрабаваньням артыкула 19 і артыкула 21 Пакта».

Віктар Сырыца лічыць апошнюю заўвагу Камітэту вельмі важнай:

«Цяпер мы можам дабівацца дэмакратызацыі закону аб масавых мерапрыемствах, рашэньня Баранавіцкага гарвыканкаму аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Зараз гэтыя закон і рашэньне супярэчаць Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь.»

Віктар Сырыца, Віктар Мезяк і Сяргей Гоўша мяркуюць зьвяртацца ў Баранавіцкі суд, каб дабівацца адмены рашэньня гарвыканкаму аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Абапіраючыся на гэтае рашэньне, гарвыканкам забараняе большасьць апазыцыйных акцый, кажуць актывісты.
10 верасьня 2006 году Віктар Сырыца, Віктар Мезяк і Сяргей Гоўша плянавалі правесьці ў Баранавічах мітынг «За свабодную, незалежную і квітнеючую Беларусь». Аднак гарвыканкам забараніў правядзеньне масавай акцыі на той падставе, што сустрэча на падобную тэму незадоўга да гэтага праводзілася ў гарвыканкаме.

Заяўнікі палічылі забарону мітынгу неабгрунтаванай, парушаючай іх правы. Актывісты абскарджвалі рашэньне Баранавіцкага гарвыканкаму ў судах. Аднак беларускія суды ня ўгледзелі парушэньня законаў у забароне мітынгу. Пасьля гэтага актывісты і зьвярнуліся ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG