Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бульбаш-хол»: кладуць брук і садзяць туі

абноўлена

Аднавіліся працы на будаўнічай пляцоўцы забаўляльнага цэнтру «Бульбаш-хол», якая знаходзіцца побач з Курапатамі, месцам масавых расстрэлаў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 30-х гадоў XX стагодзьдзя.

«Працы па ўзьвядзеньні „Бульбаш-холу“ працягваюцца. Там кладуць тратуарную плітку, парадкуюць тэрыторыю, высаджваюць дрэвы, ставяць новы таніраваны плот. Гэта адбываецца нягледзячы на тое, што Генэральная пракуратура загадала спыніць будаўніцтва да распрацоўкі новага горадабудаўнічага праекту, які мусіў быць падрыхтаваны Менаблвыканкамам да 1 траўня гэтага году», — паведаміла Свабодзе каардынатарка ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька.

З боку «Бульбаш-холу» Курапаты заваленыя сьмецьцем: паддоны з-пад пліткі, будаўнічы друз, рэшткі старой мэблі, кажа Шапуцька.

Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Макаў пацьвердзіў Свабодзе, што ва ўрочышчы Курапаты вядуцца працы па давядзеньні да працоўнага стану забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол».

«Калі мы падышлі да тэрыторыі „Бульбаш-холу“, да нас выйшаў супрацоўнік аховы, які не прадставіўся, і паведаміў, што знаходзіцца на тэрыторыі нельга. Мы запярэчылі, што ніякіх забараняльных знакаў каля тэрыторыі няма. Там сапраўды кладуць брук, садзяць дэкаратыўныя туі, абнаўляецца плот. Сам будынак даўно гатовы, яго дабудоўваць ня трэба, можа толькі правесьці нейкія аздабляльныя працы», — заявіў Макаў.

«Бульбаш-хол»: кладуць брук і садзяць туі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:36 0:00

Менаблвыканкам мусіць распрацаваць горадабудаўнічы праект, у якім павінны быць абазначаныя межы ахоўнай зоны «Курапаты». Затым праект павінна разгледзець і зацьвердзіць Міністэрства культуры. Пасьля гэтага праект выносіцца на грамадзкі разгляд, і толькі па выніках яго магчымае далейшае будаўніцтва.

У лісьце Міністэрства культуры, які падпісаў намесьнік міністра Віктар Кураш, сьцьвярджаецца, што распрацоўкі горадабудаўнічага праекту з вызначэньнем межаў ахоўнай зоны «Курапаты» ў міністэрства не паступалі.

Чарняўскі: Дакумэнтацыю пакуль не прадстаўлялі


Начальнік управы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды ўвагу да забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол»:

«Яны павінны (забудоўнікі. — РС) прадставіць дакумэнтацыю. Дакумэнтацыю пакуль што не прадстаўлялі. Таму я нават ня бачу, пра што і гаварыць. Яны мне тэлефанавалі, калі я быў у адпачынку. Я сказаў, што 29-га выходжу, калі ласка, прадстаўляйце, будзем думаць, глядзець. Пакуль што нічога на сёньняшні дзень не прадставілі. Добраўпарадкаваць? Няхай падмятаюць, няхай раўняюць, гэта ня самае страшнае. Галоўнае, каб свае аб’ёмы не працягвалі. Але яны спачатку павінны прадставіць дэталёвы плян і прапановы па праекту аховы, калі раптам у іх нешта ўзьнікне. Пакуль што ні таго, ні другога не было. Галоўнае — дакумэнтацыя, а ўжо далей будзем бачыць, чаго яны хочуць».


View «Бульбаш-хол» ля Курапатаў in a larger map



Частка «Бульбаш-Холу» павінна пайсьці пад бульдозэр


Чатыры жылыя дамы забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» павінны быць вынесеныя за тэрыторыю ахоўнай зоны ўрочышча Курапаты.

Раней Менскі райвыканкам прыняў пастанову аб распрацоўцы праекту дэталёвага плянаваньня тэрыторыі ў раёне ўрочышча Курапаты. У выніку будуць удакладненыя межы ахоўных зонаў Курапатаў і тэрыторыя забудовы каля ўрочышча. Такім чынам, павінен вырашыцца і лёс забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол». Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што гэты комплекс неабходна дэмантаваць.

Парушэньне межаў гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Курапаты» пры будоўлі забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» было выяўлена яшчэ ў лістападзе мінулага году. З таго часу будоўля прыпыненая, кажуць яе ахоўнікі.


Даведка «Свабоды»


Курапаты – урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку – траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, пастаўленыя крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG