На гербе памежнага беларускага мястэчка Друі пакачваецца на дзьвінскіх хвалях карабель зь белым ветразем. Прыгожа, ня горш чым у якога-небудзь прыморскага Брэмэргафэна. Герб вядомы з 1620-га, а 29 красавіка 1987 году, калі савецкаму мястэчку мець свой герб было нямодна, дый няможна, ён нечакана набыў новае значэньне. Актуальнае, як ніколі.
У той дзень у Друі, каля Траецкага касьцёлу бэрнардынцаў, сабралася каля сотні чалавек зь Беларусі і Латвіі, каб на чаўнах, зусім як трыста гадоў таму, выправіцца ў падарожжа па Дзьвіне — не такое доўгае, як у Хэердала, але ня менш важнае. Падарожжа-пратэст супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, у выніку якога ў дзьвюх краінах меліся апынуцца пад вадой рачныя даліны і выселеныя вёскі ды зьнікнуць рэдкія віды флёры і фаўны. Энэргетыка, ненажэрнае бажышча канца дваццатага стагодзьдзя, зноў запатрабавала сабе ахвяраў. Праўда, гэтым разам нічога ня выйшла — тое падарожжа па Дзьвіне з Друі ў Дзьвінск-Даўгаўпілс у час перабудовы і нацыянальнага ўздыму прымусіла-такі жрацоў бажышча адмовіцца ад ахвярапрынашэньня.
ГЭС пачалі будаваць яшчэ ў 1979-м і да 1987 году пасьпелі даволі шмат: пабудаваць пасёлак для гідрабудаўнікоў, пасекчы лясы, папераносіць могілкі і лецішчы, выкапаць катлаван... А ў 1986-м журналіст, а пазьней першы старшыня Народнага фронту Латвіі Дайніс Іванс выступіў з артыкуламі ў латыскім ЛіМе — газэце «Literatūra un māksla», сэнс якіх зводзіўся да пытаньня: што ж мы робім з Ракою і Прыродай? Латыскія «зялёныя» і нацыяналісты зьвярнуліся да беларусаў, для якіх Дзьвіна-Даўгава таксама, як-ніяк, была сваёй, з прапановай зладзіць такое вось экалягічнае ралі па рацэ.
Калі чытаеш успаміны ўдзельнікаў тых падзей, узьнікае прыемнае, падзабытае ўжо адчуваньне перамогі: студэнтаў за удзел у той акцыі пагражалі выгнаць з вучобы, забаранілі прадаваць квіткі да Друі, людзей затрымлівала міліцыя, мясцовыя ўлады ўсімі сіламі намагаліся выслужыцца перад Менскам — і ўсё адно вандроўка пратэсту адбылася і дала плён. Да таго ж, аказваецца, гэта была адна зь першых грамадзкіх акцыяў, на якіх удзельнікі зь беларускага боку выкарысталі нацыянальныя колеры і сымбалі. Наогул, дзіўным чынам ад любой з тых акцыяў васьмідзясятых застаецца пачуцьцё перамогі — ня тое што цяпер... Ці то выслужвацца па той бок барыкадаў стала прасьцей, ці то проста час зрабіўся цяжэйшы на пад’ём.
На пачатку новага стагодзьдзя Беларусь будуе ня нейкую там ГЭС, а самую сапраўдную АЭС, «а ў Латвіі, а ў Латвіі»... А ў Латвіі то там, то сям чуюцца галасы, што заклікаюць узяць і дабудаваць таго монстра. Удзельнікаў таго плаваньня 1987 году яны інакш як у двукосьсі не называюць: «энтузіясты», «так званыя абаронцы навакольнага асяродзьдзя», чортавы «эколягі»... Такую махіну не далі дарабіць! Філязофскім маналёгам пра сусьвет і бога выглядае інтэрвію аднаго высокапастаўленага латыскага спэцыяліста, прыхільніка ГЭС:
«Так, магчыма, калі аднавіць той праект і давесьці яго да канца, нейкі від конікаў можа зьнікнуць. Але чаму ніхто ня кажа, як выжыць людзям? Гэта ж усё наш кашалёк! Той, хто валодае энэргарэсурсамі, багаты і моцны. Ніхто не спрачаецца, конікі таксама патрэбныя. Але інтарэсы людзей мусяць стаяць вышэй за інтарэсы інсэктаў. Дый жывёлы пачуваюцца лепш ва ўпарадкаваным асяродзьдзі».
Чарговае сутыкненьне інтарэсаў людзей і інсэктаў, чарговая спроба «упарадкаваньня асяродзьдзя». Канчатковае рашэньне для аднаго лішняга віду. Ня толькі чарнобыльскія ўрокі забытыя, але і кітайскія. Конік супраць «рэсурсу», так званыя «энтузіясты» супраць улады. Усё паўтараецца, а Дзьвіна бяжыць.