Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая галава


Позьняй ноччу 14 кастрычніка 1791 году грамадзянін Францыі Нікаля Жак Пэлецье трапіў у гісторыю. Яны з прыяцелем падкаравулілі на парыскай вуліцы Бурбон-Вільнёў аднаго мінака, што, уцягнуўшы галаву ў плечы, сьпяшаўся дахаты, добра адлупцавалі яго ды экспрапрыявалі на патрэбы душы і цела васямсот ліўраў і розныя каштоўныя паперы. Наўрад ці Пэлецье мог падазраваць у той момант, чым скончыцца для яго гэтая вясёлая начная авантура. Не, сам арышт не зрабіўся для яго нечаканасьцю, пад суд за падобныя забавы ён трапляў і раней... А вось далей пачаліся сюрпрызы.

Суд прысудзіў Пэлецье сьмяротнае пакараньне, прысуд быў пацьверджаны і наступнымі інстанцыямі. У студзені было канчаткова вырашана імем закону публічна пазбавіць начнога рабаўніка ягонага праклятага жыцьця. Але выканаць прысуд ніхто не сьпяшаўся. Пакуль асуджаны марыўся ў камэры гарадзкой турмы, гадаючы, чаму па яго не прыходзяць, каб павесіць на добрай старой шыбеніцы, у Нацыянальным Сходзе Францыі ішлі гарачыя дэбаты на тэму, якім чынам самая гуманная і справядлівая ў сьвеце дзяржава мусіць забіраць праклятыя жыцьці ў Пэлецье і яму падобных.

Куля, пятля, сякера? Газ? Вогнішча? Разрываньне на кавалкі? Тумба-юмба? Клетка з галоднымі тыграмі? Такія рэчы ў мінулыя эпохі заўжды былі справай густу, быццам выбар начынкі для круасана. Новая эпоха мелася адмяніць густы, скончыць з круасаннай практыкай ды лішняй крывёй і вызначыць адзін спосаб пакараньня для ўсіх: каралёў і рабаўнікоў, арыстакратаў і дэгенэратаў, пэйзанаў і партызанаў. Урэшце перамагла ідэя доктара Жазэфа Гіятэна, зь якой той насіўся яшчэ з 1789-га. Машына, казаў ён, анатам з адукацыі, толькі машына. Машына, якая будзе рэзаць галовы — хутка, танна, смачна і зусім не балюча. І да таго ж сучасна. Прафсаюз францускіх катаў адразу ж заявіў рашучы пратэст: прадстаўнікі гэтай прафэсіі добра нажываліся на асуджаных, якія почасту, каб усё прайшло без пакутаў, вымушаныя былі плаціць кату перад працэдурай — інакш ён мог і з трэцяга разу ня даць рады. І разводзіў бы рукамі на вачах у натоўпу: нешта не ідзе сёньня... Бывае...

Але час катаў зь сякерамі і ў прыгожых балахонах незваротна мінаў. Доктар Гіятэн ня быў вынаходнікам апарату свайго імя, падобнымі грамадзянарэзкамі карысталіся і задоўга да яго. Ён усяго толькі выразна сфармуляваў перавагі гігіены і гіятэны і прапанаваў выкарыстаньне апошняй у юрыдычных мэтах і ў дзяржаўных маштабах. Нават саму машыну спачатку ахрысьцілі Люізэтай, у гонар аднаго з прыхільнікаў Гіятэна, але ён не захацеў такой славы, дый гучала слова занадта гульліва як для зброі непадкупнай юстыцыі. Іншая справа — гіятэна-гільятына: у меру сувора і без какецтва.

25 красавіка 1792 году на Пляс дэ Грэв у Парыжы галава Нікаля Жака Пэлецье, якая пакацілася па эшафоце пад ногі знакамітаму кату Сансону, стала першай галавой, адсечанай новай машынай. «Парыская кроніка» горда пісала з гэтай нагоды: «Яна ня пэцкае рук чалавека забойствам сабе падобнага, а тая хуткасьць, зь якой яна насьцігае вінаватага, больш адпавядае духу закону. Закону, які хаця й можа часам быць вельмі строгі, але ня мае права быць жудасным у сваіх праявах». Затое публіка была расчараваная. Сам жа Пэлецье мог суцешыцца ў пекле тым, што яго не падманулі: не мінула і двух гадоў, як тая самая машына ў той самы спосаб адрэзала галаву самому каралю. Быццам нейкаму ліхадзею зь цёмных парыскіх завулкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG