Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міні запаволенага дзеяньня


Жаночыя ногі, як вядома, заўжды ўяўлялі сабой сур’ёзны выклік грамадзтву. Вось яны нясьпешна крочаць па вуліцы, нахабна супрацьпастаўляючы сябе здароваму патрыятызму, усенароднай згодзе, палітычнаму кансэнсусу і іншым вечным каштоўнасьцям. Ужо самой сваёй формай гэтыя ногі пры кожнай нагодзе імкнуцца дзёрзка абвергнуць розныя непахісныя, асьвячаныя стагодзьдзямі ісьціны:

«Куля — дура, штых — маладзец»;
«У здаровым целе — здаровы дух»;
«Не наеўшыся, не наліжашся»;
«Kinder, Küche, Kirche»;
«Які Хомка — такая і жонка».

Зразумела, бессаромныя напаміны жаночых ног пра сваё існаваньне ніколі не заставаліся без адказу. У кожную гістарычную эпоху знаходзіліся адважныя і валасатыя асобіны мужчынскага полу, якія паўставалі супраць парушальніц парадку, здольных адной каленкай выбіць зэдлік з-пад ног грамадзкай стабільнасьці і адной сваёй лыткай учыніць шкоду на мільёны тэтрадрахмаў. Запомнім імёны галоўных змагароў з экстрэмізмам, хай сабе гэта і ня надта лёгка: Георгіяс Пападопулас, Ніколаас Макарэзас, Стыліянас Патакас... Хай будзе зямля Віньні-Пухам гэты героям. Сапраўдныя былі афіцэры і ісьцінныя патрыёты Грэцыі.

Так, прыклад па-сапраўднаму прынцыповага змаганьня з жаночымі нагамі паказала ўсяму чалавецтву менавіта зямля Афрадыты, асфадэляў і асфаліі. 24 красавіка 1967 году, ужо на трэці дзень вайсковага перавароту, у выніку якога да ўлады ў Грэцкім каралеўстве прыйшлі згаданыя вайскоўцы, так званыя чорныя палкоўнікі, жаночым нагам у гэтай краіне быў дадзены дастойны адпор у выглядзе адпаведнага ўказу. Праўда, забараніць кабетам мець ногі хунта не магла, бо хто б тады і чым мясіў для краіны вінаград і аліўкі, і таму забараніла міні-спадніцы. Афіцыйна, строга, пад пагрозай арышту.

На час кіраваньня палкоўнікаў Грэцыя ператварылася ў нейкае падабенства вялікага праваслаўнага манастыра: «без доклада не входіть». Ніякіх элегантных шортаў, у якія ператвараюцца нагавіцы, ніякіх джынсаў, жаночых штаноў, касмэтыкі, рок-музыкі і іх — іх, квінтэсэнцыі сусьветнага зла: кароткіх, як грэх, спадніц. Дасталася і мужчынам, аналягам міні-спадніцы ў якіх былі названыя доўгія валасы. Нядаўняя сэксуальная рэвалюцыя была вымеценая з Грэцыі паганай мятлой, з ганьбай і праклёнамі, як гарадзкая лярва зь вясковай цэркаўкі.

Праўда, зусім ненадоўга. Міні вярнулася ў Грэцыю ў сямідзясятых, разам з дэмакратыяй і рэспублікай, якіх тут ня бачылі з часоў Сафокла і Эсхіла. Дарэчы, творы Сафокла хунта таксама пасьпела забараніць як экстрэмісцкія. Наогул, складзены палкоўнікамі «чорны сьпіс» зрабіў бы гонар любой спадніцы, нават калі яна горда завецца кілтам. Апрача міні, року і Сафокла, у тым сьпісе апынуліся Бэкет і Чэхаў, сіртакі і Сартр, Ёнэско і навука сацыялёгія, страйкі і біцьцё шклянак пасьля тосту, матэматыка і Троцкі, свабода слова і камэдыі Арыстафана. Усё карацейшае, чым да калена, вышэйшае за плінтус і прыгажэйшае за палкоўніцкую фуражку. Якой, у адрозьненьне ад міні-спадніцы, не заўсёды ёсьць чым пахваліцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG