Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа сямейная


Радзіма, як вядома, пачынаецца з карцінкі ў тваім буквары, а горад пачынаецца з баразны. 21 красавіка 753 году да нашай эры такая баразна, праведзеная вакол Палятынскага ўзгорку каля ракі Тыбр, стала пачаткам і мяжой новага места, ды не якога-небудзь там, а Вечнага.

Ягоны заснавальнік Ромул быў чалавек малады — ваўчынае малако яшчэ не абсохла як сьлед на ягоных вуснах, а ён ужо марыў пра тое, як будзе кіраваць уласным горадам. Пытаньне толькі, якім. На Альбу Лёнгу, месца свайго нараджэньня, Ромул з братам мелі поўныя правы — але жыць там, дзе цябе паспрабавалі ўтапіць, як кацяня, ня вельмі хацелася. Маса непрыемных успамінаў: маці, якую добры дзядзька Амуліюс загадаў забіць у іх на вачах — і за што? За тое, што цалавалася зь нейкім Марсам... крыкі, кроў... потым цесны кошык, вада, якая сачылася з усіх дзірак... Нясмачная, з прысмакам гнілі. Ня тое што малако, якое зьявілася так нечакана і менавіта тады, калі яны з братам думалі, што зараз памруць з голаду. Некалькі радоў апэтытных смочак, хапай любую, цёплая шэрая поўсьць, ад якой ішоў пах сапраўднага дома, і гэты шурпаты язык, ад дотыкаў якога яны з братам ажно засьмяяліся, так было сьмешна і козытна. Але тое малако — ммм, малако было што трэба, ягоны смак ён ніколі ў жыцьці не забудзе. Не, лепш пабудаваць новы горад. І вось месца, здаецца, знойдзенае.

Праўда, толькі што ён закапаў тут паблізу мёртвага брата... Але той быў сам вінаваты: нашто было скакаць сюды-туды праз мур, які Ромул акурат пачаў узводзіць. Яму некалькі разоў было сказана: Рэме, не скачы. А той ня слухае, скача, як казёл, ды яшчэ зубы шчэрыць: «Пясок ды палена, мур да калена!» Намякае, што вось так ён мой горад, калі што, і будзе браць — гоп: і тут. Гоп: і назад. З усімі маімі рэчамі, рабамі і палоннымі сабінянкамі.

«Рэме, татам нашым Марсам прашу: не скачы. Павалішся яшчэ, лоб разаб’еш».

А той толькі сьмяецца ды ну далей скакаць. Гімнаст.

«Рэме, маткай нашай Рэяй Сыльвіяй малю, канчай скакаць. Ідзі лепш дапамажы».

Пясок ды палена...

Птушкі ж ясна патлумачылі, калі яны паспрачаліся, дзе капаць і каму кіраваць. Найпрасьцейшае матэматычнае раўнаньне: дванаццаць птушак больш за шэсьць. Ды дзе там. А цяпер вось скача. І ломіць мне муры.

«Ну вось, я ж казаў».

І гэта ж ён таксама не выпадкова зрабіў. Ён жа прадэманстраваў, як будзе руйнаваць мой горад: вось так, нагой адзін раз дакранецца — і няма вечнага гораду. Эх, братка...

«Рэме, хадзі сюды. Паглядзі, што гэта там на дне. Мо скарб які?»

І тады ён нарэшце сьціх, падышоў, нахіліўся... Вечны горад, вечная памяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG