Кіраўнік Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар найбольш вядомы тым, што аднаго разу на сэлектарнай нарадзе сказаў Лукашэнку: «Вы трошкі вышэй за Бога».
Паводле адукацыі Канстанцін Сумар — аграном. Ён скончыў Гарадзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Былы намесьнік начальніка ўпраўленьня адукацыі Берасьцейскага аблвыканкаму Мікалай Коўш напаўжартам адзначае:
«Ён вясковы хлапец з Лунінецкага раёну. Я і сам зь вёскі. І таму ведаю, куды ішлі такія хлапцы, якія ня вельмі добра вучыліся ў школе, — у сельскагаспадарчыя тэхнікумы ды інстытуты. І невыпадкова, што ў нашай вобласьці сёньняшнія кіраўнікі раёнаў працэнтаў пад 90 зьвязаныя зь сельскай гаспадаркай».
Пасьля інстытуту была праца ў калгасах роднага Лунінецкага раёну — мэліяратар, аграном, намесьнік старшыні калгаса, старшыня. Дыплём Менскай вышэйшай партыйнай школы дапамагаў рухацца па службовай лесьвіцы — начальнік сельгасупраўленьня ў Лунінцы, другі, а затым і першы сакратар Берасьцейскага райкаму КПБ.
Дзеячам рэспубліканскага маштабу Канстанцін Сумар стаў, калі яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня. Ягоны калега па парлямэнту Юрась Беленькі ўспамінае:
«Калі намаляваць клясычны вобраз рафінаванай намэнклятуры таго часу, то можна сьмела ўзяць партрэт спадара Сумара. Ён ніколі не выяўляў сваіх уласных памкненьняў, не выказваў уласных перакананьняў. Пра яго можна казаць папулярнымі тады словамі: „Хістаўся разам з лініяй партыі“.
Спадар Сумар заўжды быў вельмі стрыманы. І ў выказваньнях, і ў паводзінах. Калі прааналізаваць, як ён галасаваў па самых ключавых пытаньнях у парлямэнце, то высьветліцца наступнае. Найгалоўнейшым тады было пайменнае галасаваньне па наданьні Дэклярацыі аб незалежнасьці статусу канстытуцыйнага закону. Перад ім быў шэраг пытаньняў, якія як бы падводзілі да асноўнага. Па гэтых пытаньнях прадстаўнікі намэнклятуры галасавалі па-рознаму. А спадар Сумар — ніяк. У выніковым дакумэнце, дзе зафіксавана, хто за што аддаў голас, супраць яго прозьвішча стаіць „нг“, гэта значыць — „не галасаваў“.
І вось падышло галоўнае галасаваньне. Перад ім выступіў яшчэ адзін намэнклятуршчык — спадар Мачуленка. Ён сказаў, што трэба падтрымаць Пазьняка, што трэба прагаласаваць, каб Дэклярацыя стала законам. І Сумар прагаласаваў — „за“.
Сумар запомніўся мне надзвычай асьцярожным. Ён часта дэманстратыўна альбо недэманстратыўна не выяўляў сваю волю. І вось гэта „Чего изволите?“ прысутнічала пры ім заўжды. Таму, вядома, такі кадр для структуры ўлады Лукашэнкі — гэта знаходка».
З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі кар’ерны рост Канстанціна Сумара толькі паскорыўся — намесьнік кіраўніка Службы кантролю прэзыдэнта, першы намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму, міністар падаткаў і збораў. Нарэшце, з сакавіка 2004 году — кіраўнік Берасьцейскай вобласьці.
Так доўга вобласьцю не кіруе ніхто зь цяперашніх «губэрнатараў». Большы стаж, праўда, у Барыса Батуры. Але толькі з улікам таго, што ён ачольваў дзьве вобласьці — Магілёўскую і Менскую.
Канстанціна Сумара часта папракаюць за тое, што Берасьцейская вобласьць займае апошняе месца ў краіне па памерах заробкаў. Аднак так было і раней, — адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка. І тлумачыць, чаму:
«Гэта ўжо даўно працягваецца. Так было і ў дзевяностыя гады, і ў нулявыя. І гэта заўжды зьдзіўляла. У нас ёсьць такая агульная думка, што ў памежных абласьцях — Берасьцейскай і Гарадзенскай — людзі жывуць лепей. Насамрэч сытуацыя тлумачыцца абсалютна проста — тут болей сельскага насельніцтва. Берасьцейская вобласьць — аграрная, невялікая па памерах. А аграрыі зарабляюць меней за прамыслоўцаў.
І другі момант. Тут трэба ўлічваць яшчэ хатнія гаспадаркі і бізнэс. Памежны рэгіён дае магчымасьць спалучаць бізнэс зь мінімальным афармленьнем на працу. І дазваляе часта езьдзіць за мяжу — нешта прадаць, нешта купіць. Але гэта фактар другасны. Галоўнае, што ўплывае на памер заробкаў, — усё ж структура самой вобласьці».
На Берасьцейшчыне наагул склалася парадаксальная сытуацыя. Усё, што там ёсьць лепшага, не зьвязанае зь дзяржаўнай уласнасьцю, працягвае Леанід Заіка:
«Там буйныя прадпрыемствы, якія добра працуюць. Напрыклад, „Савушкін прадукт“, „Санта Брэмар“. У іх вялікі экспартны патэнцыял, яны магутна працуюць, асабліва на Расею. У Берасьці шмат швейных прыватных прадпрыемстваў, малых і сярэдніх. Тут прагрэс ёсьць. І яны ў гэтым пляне лідзіруюць па ўсёй Беларусі.
А вось дзяржаўны сэктар там у тупіку. У Берасьці ёсьць панчошна-шкарпэткавы камбінат. Я паўгода таму там быў, выступаў. Ведаеце, гэта поўны тупік. Людзі ня ведаюць, што рабіць. Заробкі кшталту 50 даляраў на месяц. Моладзь, асабліва спэцыялісты і маркетолягі, сядзяць на чамаданах. І дывановы камбінат таксама ў цяжкім стане.
Карціна цікавая. Усё, што зьвязанае з прыватнай ініцыятывай, прасоўваецца, паляпшаецца, працуе. А дзяржаўныя прадпрыемствы, пабудаваныя яшчэ пры савецкай уладзе, — гэта ўсё археалягічныя, музэйныя экспанаты».
«Сваю» вобласьць 64-гадовы старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму моцна трымае ў руках. «Усе спробы даведацца, як складаюцца і расходуюцца бюджэты вобласьці і абласнога цэнтру, не даюць станоўчага выніку», — кажа берасьцейскі актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ігар Маслоўскі:
«Мы накіравалі публічны зварот у берасьцейскія гарсавет і гарвыканкам, каб нам далі копію рашэньня аб прыняцьці бюджэту з усімі прыбыткамі і расходамі. І нам прыйшлі адказы і з гарсавету, і з аблвыканкаму, што яны з розных прычынаў нам гэтага не дадуць. Таксама мы ўносілі прапанову зьмяшчаць на ўладных інтэрнэт-рэсурсах праекты бюджэтаў, каб кожны грамадзянін альбо нейкая структура (прафсаюзная, грамадзкая, палітычная) маглі выказаць свае думкі, зьвярнуцца да дэпутатаў і нешта прапанаваць. Гэта не забаронена заканадаўствам. Але на гэта мы, на жаль, ніякага адказу не атрымалі.
Мы прапаноўвалі яшчэ друкаваць на сайце бюджэт пасьля яго прыняцьця. І таксама друкаваць справаздачы па выкананьні бюджэту — прамежкавыя і канчатковыя. Адказаў на гэта таксама не дачакаліся.
Пасьля гэтага мы напісалі скаргі ў абласныя савет і выканкам. Адтуль адказы прыйшлі — ніякіх супрацьзаконных дзеяньняў у ніжэйстаячых структурах прадстаўнічай і выканаўчай улады няма».
Крута павёў сябе Сумар і на дзяржаўным прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах. Там больш як 200 працаўнікоў увайшлі ў суполку Незалежнага прафсаюзу гарнякоў. Была спроба дамагчыся вышэйшых заробкаў, лепшых умоваў працы. «Губэрнатар» разумеў: прыклад гарнякоў можа стаць вельмі прывабным для іншых прадпрыемстваў вобласьці. І зрабіў усё, каб зруйнаваць ініцыятыву.
На нарадзе на прадпрыемстве Сумар заявіў: «На „Граніце“ незалежнага прафсаюзу ня будзе». Адзін з удзельнікаў таго паседжаньня згадвае:
«Як ён сказаў, прафсаюзу тут другога ня будзе. Маўляў, мне ён тут не патрэбен. Гэта яго словы: «Прафсаюзу тут незалежнага ня будзе!»
Цяпер на «Граніце» фактычна завяршаецца разгром суполкі незалежнага прафсаюзу. 1 красавіка быў звольнены чарговы актывіст — Анатоль Літвінка. Кажуць, што пасьля выхаду з адпачынку звальненьне чакае і экскаватаршчыка Леаніда Дубаносава. Такім чынам, увесь касьцяк суполкі ўжо не працуе на прадпрыемстве — словы Сумара збываюцца.
На Берасьцейшчыне кажуць, што стратэгія іхнага «губэрнатара» такая: дакладна выконваць даручэньні Лукашэнкі. Уласна кажучы, гэтай пазыцыі прытрымліваюцца і кіраўнікі іншых абласьцей. Але вось у чым яны саступаюць свайму берасьцейскаму калегу — ніхто зь іншых «губэрнатараў» пакуль ня здолеў так красамоўна пахваліць кіраўніка беларускай дзяржавы, як Канстанцін Сумар. Прычым пахваліць так, што людзі хапаюцца за галаву.
«Вы трошкі вышэй за Бога», — славутая фраза Сумара. «За праграму адраджэньня вёскі, я лічу, Лукашэнку трэба ставіць помнік пры жыцьці», — гэта ўжо перадвыбарчая заява ў 2010 годзе.
Філёзаф Алесь Анціпенка: «Тут сам Аляксандар Рыгоравіч пазыцыянуе сябе амаль як прыродную сілу. Ён казаў, што калі вам патрэбны быў дождж, я вам яго даў. Гэта вельмі старажытныя формы пакланеньня. Культ „бацькі“, безумоўна, штосьці мае ад паганства. Гэтае „штосьці“ амаль што прыроднае. У гэтым сэнсе Сумар ня толькі сказаў, што Аляксандар Рыгоравіч ёсьць надпрыродная сіла, але і, безумоўна, выказаў найвышэйшую ступень падпарадкаваньня».
Пасьля такіх вызнаньняў за сваю пасаду Сумар можа быць спакойны. Ніхто не чапаў «губэрнатара», калі ўлетку 2011 году, у самы разгар крызісу, ён перасеў на новы службовы аўтамабіль коштам амаль у 100 тысяч эўра. Тады ён зьмяніў пазадарожнік «Toyota Land Cruiser» на чорны сэдан «Audi A8 L». Беларус, які зарабляе 500 даляраў на месяц, каб набыць такое аўто, мусіў бы працаваць больш за чвэрць стагодзьдзя. І гэта ня трацячы грошай на ежу.
У Берасьці ведаюць, што «губэрнатарскі» сын Андрэй даслужыўся да начальніка ДАІ вобласьці. Ён мае чын палкоўніка міліцыі.
Юрыст Гары Паганяйла: «У нас забароненае радство-кумаўство па непасрэдным падпарадкаваньні. А аблвыканкам — гэта структура, якая на тэрыторыі вобласьці кіруе ўсімі структурамі, у тым ліку і органамі ўнутраных спраў. У непасрэдным падпарадкаваньні бацькі сын не знаходзіцца, але калі ўлічваць, што аблвыканкам курыруе ўсе зьвёны, усе кірункі, то атрымліваецца, што сын як бы пад кантролем бацькі. І гэта ня ёсьць добра.
Калі ў працы ДАІ ёсьць нейкія недахопы і яны не фіксуюцца, прыхоўваюцца, лякіруюцца і г.д., то гэта ня ёсьць правільна. Гэта азначае, што ёсьць сваяцкі ўплыў на праходжаньне службы, на ацэнку яе».
Канстанцін Сумар ведае беларускую мову. Аднак цяпер ёй амаль не карыстаецца.
Мікалай Коўш: «Калі глядзець на ўжываньне беларускай мовы па тэрыторыях, то, вядома, на Меншчыне беларуская мова ўжываецца часьцей. А ў заходніх абласьцях — Берасьцейскай і Гарадзенскай — менш. І, на жаль, канкрэтных крокаў для адраджэньня роднай мовы ў нашай вобласьці цяпер няма. Ёсьць толькі нейкія меркаваньні. Але рашучых крокаў, каб беларуская мова ў нашай вобласьці выйшла на першы плян, няма. У свой час упраўленьне адукацыі, упраўленьне культуры праводзілі свае калегіі на беларускай мове. Мы рыхтавалі на беларускай мове і паседжаньні аблвыканкаму, розныя сходы. Цяпер гэтага няма».
Берасьцейскі «губэрнатар» у вольны час любіць пакатацца на лыжах. Цяга да сьнежных прастораў у яго зь дзяцінства. Яшчэ калі вучыўся ў школе, выступаў на розных спаборніцтвах, меў спартовыя разрады па лыжах.
Калі Лукашэнка пачаў ладзіць лыжныя спаборніцтвы для намэнклятуры, Сумару давялося ўспомніць маладосьць. «Губэрнатар» аднойчы прызнаўся: калі зноў стаў на лыжы, мусіў вучыцца наноў.
Пра тое, што Сумар любіць сьпяваць, у Берасьці ведаюць многія. Даўно заўважана, што ён ахвотна сьпявае з вэтэранамі вайны ў Брэсцкай крэпасьці. Прычым не падпявае, а вядзе. А летась на прэсавай канфэрэнцыі для журналістаў рэгіянальных выданьняў «губэрнатар» прызнаўся, што «людзі ад культуры» ўгаварылі яго запісаць некалькі песьняў. Так зьявіўся альбом «Береза, белая подруга».
Спачатку ён меркаваўся зусім кароткім. Але выканаўцу спадабалася. У выніку атрымаўся дыск зь дзесяці кампазыцыяў. Сьпявае Сумар у суправаджэньні ансамбля народных інструмэнтаў «Сябрына». Паводле самога «губэрнатара», альбом запісваўся «для сябе, для дзяцей, для сям’і». Аднак ня выключана, што яго будуць выкарыстоўваць і ў дабрачынных мэтах.
У свабодным доступе дыска няма. Але берасьцейскі журналіст Мікалай Аляксандраў знайшоў некалькі запісаў. І нават змантаваў свой відэакліп.
Так званыя «губэрнатары» мала на што ўплываюць — мяркуе Леанід Заіка:
«Яны патрэбныя толькі для таго, каб даць справаздачу прэзыдэнту. Для іх галоўнае — засеяць „зяби и хляби“. Героі-рэвалюцыянэры некалі казалі: на месца кожнага забітага чыноўніка прыйдзе новы. Усіх не перастраляеш, усіх не павыганяеш». У нас намэнклятурная краіна, што тут зробіш?
Сумар. Асабістая справа
Паводле адукацыі Канстанцін Сумар — аграном. Ён скончыў Гарадзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Былы намесьнік начальніка ўпраўленьня адукацыі Берасьцейскага аблвыканкаму Мікалай Коўш напаўжартам адзначае:
Лепшае ў выкананьні Сумара
«Ён вясковы хлапец з Лунінецкага раёну. Я і сам зь вёскі. І таму ведаю, куды ішлі такія хлапцы, якія ня вельмі добра вучыліся ў школе, — у сельскагаспадарчыя тэхнікумы ды інстытуты. І невыпадкова, што ў нашай вобласьці сёньняшнія кіраўнікі раёнаў працэнтаў пад 90 зьвязаныя зь сельскай гаспадаркай».
Пасьля інстытуту была праца ў калгасах роднага Лунінецкага раёну — мэліяратар, аграном, намесьнік старшыні калгаса, старшыня. Дыплём Менскай вышэйшай партыйнай школы дапамагаў рухацца па службовай лесьвіцы — начальнік сельгасупраўленьня ў Лунінцы, другі, а затым і першы сакратар Берасьцейскага райкаму КПБ.
Дзеячам рэспубліканскага маштабу Канстанцін Сумар стаў, калі яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня. Ягоны калега па парлямэнту Юрась Беленькі ўспамінае:
«Калі намаляваць клясычны вобраз рафінаванай намэнклятуры таго часу, то можна сьмела ўзяць партрэт спадара Сумара. Ён ніколі не выяўляў сваіх уласных памкненьняў, не выказваў уласных перакананьняў. Пра яго можна казаць папулярнымі тады словамі: „Хістаўся разам з лініяй партыі“.
Спадар Сумар заўжды быў вельмі стрыманы. І ў выказваньнях, і ў паводзінах. Калі прааналізаваць, як ён галасаваў па самых ключавых пытаньнях у парлямэнце, то высьветліцца наступнае. Найгалоўнейшым тады было пайменнае галасаваньне па наданьні Дэклярацыі аб незалежнасьці статусу канстытуцыйнага закону. Перад ім быў шэраг пытаньняў, якія як бы падводзілі да асноўнага. Па гэтых пытаньнях прадстаўнікі намэнклятуры галасавалі па-рознаму. А спадар Сумар — ніяк. У выніковым дакумэнце, дзе зафіксавана, хто за што аддаў голас, супраць яго прозьвішча стаіць „нг“, гэта значыць — „не галасаваў“.
І вось падышло галоўнае галасаваньне. Перад ім выступіў яшчэ адзін намэнклятуршчык — спадар Мачуленка. Ён сказаў, што трэба падтрымаць Пазьняка, што трэба прагаласаваць, каб Дэклярацыя стала законам. І Сумар прагаласаваў — „за“.
Сумар запомніўся мне надзвычай асьцярожным. Ён часта дэманстратыўна альбо недэманстратыўна не выяўляў сваю волю. І вось гэта „Чего изволите?“ прысутнічала пры ім заўжды. Таму, вядома, такі кадр для структуры ўлады Лукашэнкі — гэта знаходка».
«Вэртыкальны» працяг кар’еры
З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі кар’ерны рост Канстанціна Сумара толькі паскорыўся — намесьнік кіраўніка Службы кантролю прэзыдэнта, першы намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму, міністар падаткаў і збораў. Нарэшце, з сакавіка 2004 году — кіраўнік Берасьцейскай вобласьці.
Так доўга вобласьцю не кіруе ніхто зь цяперашніх «губэрнатараў». Большы стаж, праўда, у Барыса Батуры. Але толькі з улікам таго, што ён ачольваў дзьве вобласьці — Магілёўскую і Менскую.
Канстанціна Сумара часта папракаюць за тое, што Берасьцейская вобласьць займае апошняе месца ў краіне па памерах заробкаў. Аднак так было і раней, — адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка. І тлумачыць, чаму:
«Гэта ўжо даўно працягваецца. Так было і ў дзевяностыя гады, і ў нулявыя. І гэта заўжды зьдзіўляла. У нас ёсьць такая агульная думка, што ў памежных абласьцях — Берасьцейскай і Гарадзенскай — людзі жывуць лепей. Насамрэч сытуацыя тлумачыцца абсалютна проста — тут болей сельскага насельніцтва. Берасьцейская вобласьць — аграрная, невялікая па памерах. А аграрыі зарабляюць меней за прамыслоўцаў.
І другі момант. Тут трэба ўлічваць яшчэ хатнія гаспадаркі і бізнэс. Памежны рэгіён дае магчымасьць спалучаць бізнэс зь мінімальным афармленьнем на працу. І дазваляе часта езьдзіць за мяжу — нешта прадаць, нешта купіць. Але гэта фактар другасны. Галоўнае, што ўплывае на памер заробкаў, — усё ж структура самой вобласьці».
На Берасьцейшчыне наагул склалася парадаксальная сытуацыя. Усё, што там ёсьць лепшага, не зьвязанае зь дзяржаўнай уласнасьцю, працягвае Леанід Заіка:
«Там буйныя прадпрыемствы, якія добра працуюць. Напрыклад, „Савушкін прадукт“, „Санта Брэмар“. У іх вялікі экспартны патэнцыял, яны магутна працуюць, асабліва на Расею. У Берасьці шмат швейных прыватных прадпрыемстваў, малых і сярэдніх. Тут прагрэс ёсьць. І яны ў гэтым пляне лідзіруюць па ўсёй Беларусі.
А вось дзяржаўны сэктар там у тупіку. У Берасьці ёсьць панчошна-шкарпэткавы камбінат. Я паўгода таму там быў, выступаў. Ведаеце, гэта поўны тупік. Людзі ня ведаюць, што рабіць. Заробкі кшталту 50 даляраў на месяц. Моладзь, асабліва спэцыялісты і маркетолягі, сядзяць на чамаданах. І дывановы камбінат таксама ў цяжкім стане.
Карціна цікавая. Усё, што зьвязанае з прыватнай ініцыятывай, прасоўваецца, паляпшаецца, працуе. А дзяржаўныя прадпрыемствы, пабудаваныя яшчэ пры савецкай уладзе, — гэта ўсё археалягічныя, музэйныя экспанаты».
Бітва з «Гранітам»
«Сваю» вобласьць 64-гадовы старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму моцна трымае ў руках. «Усе спробы даведацца, як складаюцца і расходуюцца бюджэты вобласьці і абласнога цэнтру, не даюць станоўчага выніку», — кажа берасьцейскі актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ігар Маслоўскі:
«Мы накіравалі публічны зварот у берасьцейскія гарсавет і гарвыканкам, каб нам далі копію рашэньня аб прыняцьці бюджэту з усімі прыбыткамі і расходамі. І нам прыйшлі адказы і з гарсавету, і з аблвыканкаму, што яны з розных прычынаў нам гэтага не дадуць. Таксама мы ўносілі прапанову зьмяшчаць на ўладных інтэрнэт-рэсурсах праекты бюджэтаў, каб кожны грамадзянін альбо нейкая структура (прафсаюзная, грамадзкая, палітычная) маглі выказаць свае думкі, зьвярнуцца да дэпутатаў і нешта прапанаваць. Гэта не забаронена заканадаўствам. Але на гэта мы, на жаль, ніякага адказу не атрымалі.
Мы прапаноўвалі яшчэ друкаваць на сайце бюджэт пасьля яго прыняцьця. І таксама друкаваць справаздачы па выкананьні бюджэту — прамежкавыя і канчатковыя. Адказаў на гэта таксама не дачакаліся.
Пасьля гэтага мы напісалі скаргі ў абласныя савет і выканкам. Адтуль адказы прыйшлі — ніякіх супрацьзаконных дзеяньняў у ніжэйстаячых структурах прадстаўнічай і выканаўчай улады няма».
Крута павёў сябе Сумар і на дзяржаўным прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах. Там больш як 200 працаўнікоў увайшлі ў суполку Незалежнага прафсаюзу гарнякоў. Была спроба дамагчыся вышэйшых заробкаў, лепшых умоваў працы. «Губэрнатар» разумеў: прыклад гарнякоў можа стаць вельмі прывабным для іншых прадпрыемстваў вобласьці. І зрабіў усё, каб зруйнаваць ініцыятыву.
На нарадзе на прадпрыемстве Сумар заявіў: «На „Граніце“ незалежнага прафсаюзу ня будзе». Адзін з удзельнікаў таго паседжаньня згадвае:
«Як ён сказаў, прафсаюзу тут другога ня будзе. Маўляў, мне ён тут не патрэбен. Гэта яго словы: «Прафсаюзу тут незалежнага ня будзе!»
Цяпер на «Граніце» фактычна завяршаецца разгром суполкі незалежнага прафсаюзу. 1 красавіка быў звольнены чарговы актывіст — Анатоль Літвінка. Кажуць, што пасьля выхаду з адпачынку звальненьне чакае і экскаватаршчыка Леаніда Дубаносава. Такім чынам, увесь касьцяк суполкі ўжо не працуе на прадпрыемстве — словы Сумара збываюцца.
Скульптар помніка таму, «хто трошкі вышэй» за Бога
На Берасьцейшчыне кажуць, што стратэгія іхнага «губэрнатара» такая: дакладна выконваць даручэньні Лукашэнкі. Уласна кажучы, гэтай пазыцыі прытрымліваюцца і кіраўнікі іншых абласьцей. Але вось у чым яны саступаюць свайму берасьцейскаму калегу — ніхто зь іншых «губэрнатараў» пакуль ня здолеў так красамоўна пахваліць кіраўніка беларускай дзяржавы, як Канстанцін Сумар. Прычым пахваліць так, што людзі хапаюцца за галаву.
«Вы трошкі вышэй за Бога», — славутая фраза Сумара. «За праграму адраджэньня вёскі, я лічу, Лукашэнку трэба ставіць помнік пры жыцьці», — гэта ўжо перадвыбарчая заява ў 2010 годзе.
Філёзаф Алесь Анціпенка: «Тут сам Аляксандар Рыгоравіч пазыцыянуе сябе амаль як прыродную сілу. Ён казаў, што калі вам патрэбны быў дождж, я вам яго даў. Гэта вельмі старажытныя формы пакланеньня. Культ „бацькі“, безумоўна, штосьці мае ад паганства. Гэтае „штосьці“ амаль што прыроднае. У гэтым сэнсе Сумар ня толькі сказаў, што Аляксандар Рыгоравіч ёсьць надпрыродная сіла, але і, безумоўна, выказаў найвышэйшую ступень падпарадкаваньня».
Пасьля такіх вызнаньняў за сваю пасаду Сумар можа быць спакойны. Ніхто не чапаў «губэрнатара», калі ўлетку 2011 году, у самы разгар крызісу, ён перасеў на новы службовы аўтамабіль коштам амаль у 100 тысяч эўра. Тады ён зьмяніў пазадарожнік «Toyota Land Cruiser» на чорны сэдан «Audi A8 L». Беларус, які зарабляе 500 даляраў на месяц, каб набыць такое аўто, мусіў бы працаваць больш за чвэрць стагодзьдзя. І гэта ня трацячы грошай на ежу.
У Берасьці ведаюць, што «губэрнатарскі» сын Андрэй даслужыўся да начальніка ДАІ вобласьці. Ён мае чын палкоўніка міліцыі.
Юрыст Гары Паганяйла: «У нас забароненае радство-кумаўство па непасрэдным падпарадкаваньні. А аблвыканкам — гэта структура, якая на тэрыторыі вобласьці кіруе ўсімі структурамі, у тым ліку і органамі ўнутраных спраў. У непасрэдным падпарадкаваньні бацькі сын не знаходзіцца, але калі ўлічваць, што аблвыканкам курыруе ўсе зьвёны, усе кірункі, то атрымліваецца, што сын як бы пад кантролем бацькі. І гэта ня ёсьць добра.
Калі ў працы ДАІ ёсьць нейкія недахопы і яны не фіксуюцца, прыхоўваюцца, лякіруюцца і г.д., то гэта ня ёсьць правільна. Гэта азначае, што ёсьць сваяцкі ўплыў на праходжаньне службы, на ацэнку яе».
Канстанцін Сумар ведае беларускую мову. Аднак цяпер ёй амаль не карыстаецца.
Мікалай Коўш: «Калі глядзець на ўжываньне беларускай мовы па тэрыторыях, то, вядома, на Меншчыне беларуская мова ўжываецца часьцей. А ў заходніх абласьцях — Берасьцейскай і Гарадзенскай — менш. І, на жаль, канкрэтных крокаў для адраджэньня роднай мовы ў нашай вобласьці цяпер няма. Ёсьць толькі нейкія меркаваньні. Але рашучых крокаў, каб беларуская мова ў нашай вобласьці выйшла на першы плян, няма. У свой час упраўленьне адукацыі, упраўленьне культуры праводзілі свае калегіі на беларускай мове. Мы рыхтавалі на беларускай мове і паседжаньні аблвыканкаму, розныя сходы. Цяпер гэтага няма».
Сумар пра школьную адукацыю і расейскую мову
Лыжы і песьня