Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«4 даляры за квадратны мэтар зямлі ў цэнтры — гэта сьмеху варта!»


На скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Філімонава ў Менску, на месцы аўтавакзала «Маскоўскі» вырастуць хмарачосы — «Газпром» пабудуе «Кангрэс-цэнтар», гатэль, мэдычны і фізкультурна-аздараўленчы цэнтры, спадарожныя аб’екты гандлю і паслугаў. За права будавацца ў цэнтры беларускай сталіцы і за знос аўтавакзалу «Маскоўскі» расейцы заплацяць крыху больш як 30 мільёнаў даляраў. Указ пра гэта 4 красавіка падпісаў кіраўнік Беларусі. Што думаюць пра гэта менчукі і як сталася, што збудаваньне, якое яшчэ 10 гадоў таму называлі адным з найбуйнейшых аўтавакзалаў Эўропы і найпрыгажэйшым архітэктурным ансамблем Менску, будзе зьнесена?

Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, «Белтрансгаз», які цяпер цалкам належыць расейскаму «Газпрому», атрымлівае 8,27 гектара зямлі ў межах праспэкту Незалежнасці — Макаёнка — Філімонава пад будоўлю шматфункцыянальнага комплексу. За гэта «Газпром» пералічвае ў бюджэт Менску 17,2 мільёна даляраў. Кампэнсацыя бюджэту за знос аўтавакзалу — 13,7 мільёна даляраў. То бок сумарная цана пытаньня — крыху больш за 30 мільёнаў даляраў.

Кандыдат фізыка-матэматычных навук Віктар Талмачоў стварыў грамадзкую ініцыятыўную групу па абароне «Маскоўскага» і змагаецца за вакзал ужо колькі месяцаў:

Віктар Талмачоў
Віктар Талмачоў
«Учора я напісаў ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта, вызначыўшы гэты ўказ як самы антынародны пасьля ўказу пра будаўніцтва атамнай станцыі. Акрамя таго, я зрабіў запыт у Менгарвыканкам, якая ўсё ж такі балянсавая вартасьць аўтавакзалу „Маскоўскі“ і колькі затрачана сродкаў на яго эксплюатацыю за гэтыя 13 гадоў. Паколькі Мілер згодна з гэтым указам усяго толькі 13 мільёнаў даляраў дае кампэнсацыі за разбурэньне аўтавакзалу».

Віктар Талмачоў цяпер актыўна зьбірае подпісы за захаваньне вакзалу, запісаўся на прыём да галоўнага архітэктара гораду, да міністра транспарту Беларусі. Навіна, што ўказ пра разбурэньне вакзалу падпісаў кіраўнік краіны, на самім вакзале актыўна абмяркоўваецца:

«Толькі пра гэта і гаворым — як нам будзе нязручна без вакзалу. Мы і на лецішча адсюль езьдзім, мы і на могілкі ў Калодзішчы езьдзім. А калі яго ня будзе, адкуль езьдзіць? Тым больш што мы ўжо людзі пажылыя, таму нас гэта, вядома, вельмі расстроіла».

«У 2002-м гэты вакзал быў прызнаны найлепшым архітэктурным збудаваньнем Менску. І як так можна? Хто прымае такія рашэньні? Прадаць зямлю Мілеру! Гэта называецца — „клопат пра людзей“. З намі ніхто ня лічыцца».

«Дрэнна стаўлюся. Добры вакзал, альтэрнатывы яму пакуль няма. Калі і зьявіцца, то пры нашых тэмпах будаўніцтва гэта гадоў праз 10. Доўга, дорага, нявыгадна. Плюс я ня ўпэўнены, што грошы, якія прапанавалі за гэты вакзал, нават за тэрыторыю — гэта тыя грошы, за якія варта прадаваць».

«Адмоўна, адмоўна мы ставімся! Вельмі зручна разьмешчаны, мы і ў Нямеччыну адсюль езьдзім, і на лецішча».

«Мне падаецца, такая добрая тут інфраструктура, наладжаная гадамі. Няўжо іншых пляцовак няма для расейскага будаўніцтва?»

«Такія затраты, такія грошы ўкладзеныя! Такі добры вакзал, эўрапейскага ўзроўню. Зручны, прыгожы. І цяпер усё гэта разбурыць — гэта такое марнатраўства!»

Дарэчы, пра кошт пытаньня. Пакуль будзе весьціся будаўніцтва, плаціць за арэнду зямлі інвэстару ня прыйдзецца. Пабудаваць шматфункцыянальны комплекс павінны да канца 2019 году. І толькі з 2020-га «Белтрансгаз» будзе плаціць фіксавана за арэнду зямлі.

Віктар Талмачоў: «У арэнду аддаюць гэты ўчастак у 8 гектараў пад Газпром-квартал на 99 гадоў з платай 4 даляры за квадратны мэтар у год, па самых нізкіх цэнах. 4 даляры ў год — гэта сьмеху варты кошт! Хтосьці проста дае хабар, адкат і атрымлівае звышвыгадныя ўмовы».

Зрэшты, указам прадугледжваецца, што зь цягам часу зямля можа быць перададзена інвэстару і ў прыватную ўласнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG