Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муфці Шабановіч: Мы хочам адчуваць сябе раўнапраўнымі


Абу-Бекір Шабановіч
Абу-Бекір Шабановіч

У Менску аднавілі будаўніцтва мячэці: Менгарвыканкам даў на гэта дазвол. Мы пагаварылі з муфціем Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Абу-Бекірам Шабановічам.

Знаткевіч: Чаму прыпынялі будаўніцтва, чаму раней не было гэтага дазволу з боку Менгарвыканкаму?

Шабановіч: Наша мячэць будуецца ўжо дзесяць гадоў. Першыя два гады — за якія мы былі павінны яе пабудаваць — былі надзвычайныя абставіны, зьмяніўся спонсар. Ім быў Каралеўскі фонд Савудаўскай Арабіі. Мы пачалі зьбіраць ахвяраваньні сярод нашых людзей, за мяжою. Гэта запаволіла тэмпы будаўніцтва. Так прайшло яшчэ пяць гадоў. Зьмяніліся будаўнічыя нарматывы. Мы прайшлі паўторную экспэртызу праекту са зьменамі. Урэшце нам дазволілі працягнуць будаўніцтва да 1 кастрычніка 2013 году.

Знаткевіч: Паводле вашых ацэнак, колькі цяпер у Менску мусульманаў, якія маюць патрэбу наведваць мячэць?

Шабановіч: Паводле нашых падлікаў, у Менску ня менш за 10 тысячаў вернікаў-мусульманаў. Гэта і мясцовыя жыхары, і людзі, якія прыехалі ў Менск — студэнты, прадстаўнікі бізнэсу, турысты.

Падлікі можна рабіць паводле сьвяточных дзён. На рамазан, на Курбан-Байрам на сьвяточную малітву зьбіраецца каля 4 тысячаў чалавек. І гэта ж яшчэ ня ўсё, ня ўсе ведаюць дзе мы, ня ўсе яшчэ дайшлі. А калі будзе мячэць — усе будуць прыходзіць. Сёньня яшчэ шмат дзе моляцца па кватэрах, недзе зьбіраюцца групкамі.

Мы, вернікі-мусульмане, хацелі б адчуваць сябе раўнапраўнымі, такімі, як нашы браты праваслаўныя і каталікі, як іншыя вернікі.

Знаткевіч: Дык Каралеўскі фонд Савудаўскай Арабіі адмовіўся ад спонсарства?

Шабановіч: Не адмовіўся, але грошай не прысылае, толькі абяцанкі-цацанкі, а нам ад іх радасьці ніякай. Таму я зьвяртаюся да нашых людзей, і вернікі прыносяць хто колькі можа, шмат прыкладаў, якія кранаюць душу. Карыстаючыся нагодаю, я выказваю ўдзячнасьць усім гэтым людзям. Прычым дапамагаюць нам ня толькі мусульмане, але й вернікі-хрысьціяне прыносяць і дасылаюць грошы на будаўніцтва джаміі. (Мы ў Беларусі называем мячэць «джамія», гэта наша традыцыйнае слова.)

Дапамагаюць нам і іншыя краіны. У Турцыі нават арганізаваны адмысловы фонд падтрымкі будаўніцтва мячэці ў Менску.

Знаткевіч: Хто будзе весьці службы ў менскай джаміі? Нехта аднекуль прыедзе?

Шабановіч: У нас ёсьць і свае людзі падрыхтаваныя, хоць іх і мала. Дапамагаюць нам і імамы з Татарстану, але працаваць будуць нашы грамадзяне, мы рыхтуем іх, пасылаем вучыцца. Рыхтуемся мы адкрыць і сваю школку, дзе дзеці будуць вывучаць рэлігію, гісторыю і культуру нашага народу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG