Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шпіёна» Андрэя Гайдукова будуць трымаць у турме КДБ яшчэ месяц


Андрэй Гайдукоў
Андрэй Гайдукоў

Сьледзтва па справе аб здрадзе дзяржаве з 8 красавіка працягнута да 8 траўня.

Пра гэта паведаміла Вольга Гайдукова, маці 23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану», абвінавачанага ў «здрадзе дзяржаве шляхам агентурнай дзейнасьці».

Вольга Гайдукова пра падаўжэньне тэрміну сьледзтва даведалася ад адваката: «Ніхто нічога ў гэтай справе ня ведае, і сьледчы нічога не казаў да апошняга.Толькі калі адвакат запытаў, што будзе далей, сказалі: «Сьледзтва працягваем зноў на месяц. Так бывае штораз, і я штораз чакаю гэтага 8-га чысла, ня ведаючы, што і думаць! Сваякоў на допыты не выклікаюць, адваката на нейкія сьледчыя дзеяньні клічуць рэдка. Пра суд па ягонай справе таксама нічога не чуваць.А прайшло ўжо 5 месяцаў, як затрымалі Андрэя!»

Апошняе, што вядома пра «шпіёнскую справу», — гэта тое, што ў ёй паменшала на аднаго падазраванага. Наваполацкі актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Ільля Багданаў, пабыўшы каля трох месяцаў у статусе падазраванага, зноў «пераведзены» ў сьведкі па «шпіёнскай справе». Абвінавачаны па-ранейшаму адзін — Андрэй Гайдукоў.

«Калі ў першых лістах Андрэй спрабаваў рабіць нейкія намёкі, пісаў пра тое, што „фальсыфікацыі даходзяць да абсурду“, то цяпер пра сваю справу ён ня піша нічога. А можа, такіх лістоў мы не атрымліваем. Ці ён зразумеў, што ніякіх лістоў сваякі не атрымаюць, калі напіша нешта лішняе. Раней у перапісцы былі перабоі, а цяпер лісты ідуць, але кароткія — „жывы, здаровы, усё ў парадку“. Адвакат сустракаўся з Андрэем апошні раз 29 сакавіка. Таксама кажа, што выглядае нармальна, што настрой нармальны. З газэт Андрэй чытае „Нашу ніву“, папрасіў нас выпісаць. Выпісваем кожнага разу на месяц, бо ніколі ня ведаем, што будзе далей», — апавяла Вольга Гайдукова.

Сьледзтва па справе наваполацкага актывіста, які працаваў у камандзе Андрэя Саньнікава падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, удзельнічаў у «рэвалюцыях маўклівага пратэсту» і распаўсюджваў недзяржаўную прэсу, распачалося пасьля 8 лістапада мінулага году. Андрэя Гайдукова затрымалі ў Віцебску — паводле афіцыйнай вэрсіі КДБ, «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы». Сваякі і блізкія лічаць абвінавачаньне ў шпіянажы сфабрыкаваным і мяркуюць, што гэта — помста за апазыцыйныя погляды, якіх Гайдукоў ніколі не хаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG