Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскіх сябраў партыі БНФ будуць судзіць у Дзень Волі


Затрыманыя 22 сакавіка Леанід Аўтухоў і Кастусь Смолікаў здолелі перадаць празь іншых людзей, што на іх складзеныя пратаколы паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 – за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Самі яны кажуць, што ніякага мерапрыемства не праводзілі – толькі запрашалі жыхароў Віцебску адзначыць 25 сакавіка.

Пасьля затрыманьня актывістаў адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, і праз пэўны час тэлефонная сувязь зь імі перарвалася. Калі іх не адпусьцілі праз належныя паводле закону 3 гадзіны, стала зразумела, што міліцыя можа прымяніць ужо звыклую ў Віцебску практыку: пакінуць затрыманых актывістаў за кратамі да панядзелка 25 сакавіка.

Нягледзячы на тое, што затрымалі Смолікава і Аўтухова каля 13.30 – у той час працавалі і міліцыянты, і суды, так што разгледзець складзеныя пратаколы магчымасьць была.

Праваабаронца Раман Кісьляк зьвярнуўся да начальніка Кастрычніцкага РАУС Віцебску з заявай, каб справы затрыманых былі разгледжаныя ў судзе на працягу 48 гадзін пасьля затрыманьня, або каб актывістаў адпусьцілі да суду. Праваабаронцы спаслаўся на норму Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, дзе гаворыцца, што «Справа аб адміністрацыйным правапарушэньні, зьдзяйсьненьне якога цягне за сабой адміністрацыйны арышт ці дэпартацыю, разглядаецца ў дзень атрыманьня пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні і іншых матэрыялаў справы, але не пазьней за сорак восем гадзін з моманту адміністрацыйнага затрыманьня фізычнай асобы ў выпадку, калі такое затрыманьне было зьдзейсьненае і асоба затрыманага ўстаноўленая».

48 гадзінаў з моманту затрыманьня скончыліся ў нядзелю, 24 сакавіка. Тым ня менш затрыманых не адпусьцілі. Відавочна, суд над імі адбудзецца ў Дзень Волі – першы працоўны дзень на тыдні. І тады гэта будзе парушэньне заканадаўства, лічаць праваабаронцы.

Аўтухова і Смолікава затрымалі ў памяшканьні гандлёвага цэнтру "Эвіком", дзе яны раздавалі ўлёткі з запрашэньнямі на мітынг 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Заяўку на гэтае мерапрыемства падаваў Леанід Аўтухоў, кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ. 22 сакавіка ён яшчэ не атрымаў адказу з Чыгуначнай раённай адміністрацыі, хоць паведаміць пра дазвол ці адмову ўлады мусяць не пазьней як за 5 дзён да мерапрыемства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG