Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад дагары тварам


Горад мусіць мець пазнавальны абрыс — асаблівыя прыкметы, паводле якіх яго ня зблытаеш ні зь якім іншым: ні ў кнізе, ні ў небе, ні ў п’яным чадзе. Бародаўку там на паўтвару, пірацкую павязку на правым воку, кальцо ў носе... Парыж такое кальцо мае ўжо больш за сто дваццаць гадоў — і ўсе шчасьлівыя. Прынамсі, ні з Ўагадугу, ні з Дрычынам яго дакладна ня зблытаеш. 31 сакавіка 1889 году ў Парыжы было скончанае будаўніцтва Эфэлевай вежы — трохсотмэтровага жалезнага монстра, узьведзенага да Сусьветнай выставы. Монстра, якога ўсе палюбілі так, як толькі можна любіць гіганцкую часнычніцу, што абзавялася душой.

Вежу плянавалі праз дваццаць гадоў разабраць і вывезьці ў невядомым кірунку, каб і духу яе не засталося — але так і не наважыліся. Гэта ў Менску Нацыянальную бібліятэку можна дражніць чупа-чупсам толькі за яе сьпінай — а дзецішча Гюстава Эфэля з самага свайго нараджэньня выклікала такую публічную крытыку, якая нашаму ромбакубаактаэдру і ня сьнілася. Распавядаюць, што Мапасан, адзін з самых перакананых ворагаў вежы, прызвычаіўся абедаць у рэстарацыі на яе першым паверсе і на пытаньні, як ён, надзея антыэфэлеўскай апазыцыі, ня давіцца, спакойна адказваў, што гэта адзінае месца ў Парыжы, адкуль вежу не відаць. У Менску месцаў, адкуль не відаць Нацыяналку, хапае — можа, таму я там ніколі яшчэ не бываў.

Калісьці давялося быць знаёмым з адным менчуком, марай жыцьця якога было плюнуць з Эфэлевай вежы. Ён патраціў усе свае ашчаднасьці на тое, каб дабрацца да Парыжу. Дабраўся, прыехаў на Марсава поле, сеў у ліфт. Плюнуў. Сьліна ляцела доўга, неўзабаве ён страціў яе з поля зроку. Мара зьдзейсьнілася. Ён вярнуўся ў Менск, сьпіўся і памёр. Гэтая вежа гіпнатызуе — на ёй заўжды хочацца зрабіць штосьці гэткае. Пацалавацца — самая нявінная з ідэй, што прыходзяць у галаву людзям, якія ўздымаюцца на яе вершаліну. Побач з воблака ім усьміхаецца Эфэль — ён ведаў, што ўсё будзе менавіта так. І адмыслова спраектаваў вежу такім чынам, каб яе вершаліна нават пры моцным ветры адхілялася ад восі толькі на 15 сантымэтраў.

Дзе каханьне, там і сьмерць — адзін з тых матэрыялаў, на якіх стаіць гэтая славутасьць. Кінуцца ўніз зь яе — трэці паводле папулярнасьці ў Францыі спосаб самагубства. Вось пра гэта Айфэль неяк не падумаў. Затое ён падумаў пра іншых удзельнікаў праекту: на вежы выгравіраваныя імёны сямідзесяці двух вучоных і інжынэраў, якія бралі ўдзел у праектаваньні і пабудове — людзей, дзякуючы якім яна тут стаіць. Да іх няблага было б дадаць яшчэ адно імя — фон Хольтыц: так звалі нямецкага генэрала, камэнданта Парыжу, якому Гітлер у 1944 загадаў узарваць вежу. Той не паслухаўся. Іншыя прайдзісьветы спрабавалі прадаць вежу на мэталалом — і ў іх нічога не атрымалася. Вежа нібыта ўрасла ў Парыж, зачапілася за яго каранямі, і вырваць яе цяпер — значыць пазбавіць Парыж твару.

Цікава, што магло б сфармаваць пазнавальны абрыс Менску? Вось што, калі яго вырваць, пазбавіць Менск твару? Ці здыме зь яго маску? Ці ўсё ўжо даўно сарвана і вырвана — а тое, што засталося, ня больш чым касмэтыка, пад якой адна пустата? Пустата, якая дзьме ў дом-«Ветразь»... Магчыма, мы проста не адтуль глядзім, ракурс ня той. Дый «цэрквы ў нас замячацельныя», як казаў эпізадычны герой аднаго раману.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG