Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта было браць Колю на пахаваньне Чавэса?


Аляксандар Лукашэнка з сынам на пахаваньні Уга Чавэса
Аляксандар Лукашэнка з сынам на пахаваньні Уга Чавэса

Аляксандар Лукашэнка быў адзіным кіраўніком эўрапейскай краіны, які ўзяў удзел у разьвітаньні з прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Уга Чавэсам. Тым больш ён узяў з сабою да труны свайго 8-гадовага сына Колю. Ці варта гэта было рабіць?

Каля труны свайго вэнэсуэльскага сябра Ўга Чавэса Аляксандар і Коля Лукашэнкі стаялі ў ганаровай варце разам з іранскім прэзыдэнтам Махмудам Ахмадзінэжадам. Прычым апошняга прысутныя на жалобнай цырымоніі сустрэлі ўставаньнем і працяглымі аплядысмэнтамі. Лукашэнкаў віталі больш сьціпла. Тэлекамэра зафіксавала, як няёмка пачуваўся 8-гадовы Коля ля труны Чавэса, дэманстраваў раздражненьне мімікай на твары, але стойка стаяў пад ціскам бацькавай далоні.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі не рашыўся даваць ацэнку учынку Аляксандра Лукашэнкі, які ўзяў малога сына на пахаваньне:

«Коля асабіста ведаў дзядзьку Ўга. Але трэба было з сабой дзіця браць ці не — гэта пытаньне да ягонага бацькі».

Дзіцячы псыхоляг зь Менску на ўмовах ананімнасьці выказала меркаваньне што дзяцей з гадоў пяці ўжо можна браць на пахаваньні блізкіх людзей, што дзеці лягчэй пераносяць гора, але тут зусім іншы выпадак:

«Тут пытаньне, можа, не пра само пахаваньне. Гэта рэч дастаткова публічная, і трэба вытрымаць пэўныя рытуалы, дзе дзіцёнак павінен, можа, яшчэ не па ўзросьце, вытрымаць нормы этыкету. Калі б гэта было пахаваньне блізкага чалавека, было б нават карысна, калі можна так сказаць. Бо працэс разьвітаньня з памерлым неяк дапамагае перажыць гэту сьмерць. У дадзеным выпадку, гэта быў наўрад ці блізкі чалавек. Мне яго шкада нават не таму, што ён на пахаваньні, а шкада, што яму трэба стаяць, як струна, вось гэта галоўнае. Тое, што можа траўмаваць дзіця, і што яго траўмуюць паўсюль на рытуальных мерапрыемствах, — што ён павінен стаяць, як генэрал… Ён ня можа паводзіць сябе там вольна, ён павінен паводзіць сябе, як трэба — вось гэта горшы момант, чым усё астатняе».

Раман Якаўлеўскі называе сымбалічным, што Лукашэнка апынуўся ў кампаніі з Ахмадзінэжадам і Раулем Кастра. Але ёсьць нюансы:

«Я толькі нагадаю, што праз пару месяцаў сыходзіць і Ахмадзінэжад, ён ужо ня мае права балятавацца. Ад краінаў СНД і Эўропы — калі можна гаварыць пра Лукашэнку, як пра эўрапейскага лідэра, быў толькі ён. Што да Расеі, таксама цікава атрымалася: спачатку было абвешчана, што кіраўнік дэлегацыі — Ігар Сечын з „Раснафты“, потым старшыню Рады Фэдэрацыі Валянціну Мацьвіенку на 8 сакавіка вырашылі накіраваць. А каля труны стаяў ужо Сяргей Лаўроў, міністар замежных спраў. То бок узровень падвышаўся. А вось беларускі бок у два прыёмы падвысіў узровень. Спачатку — Шэйман зь Сямашкам, а потым Лукашэнка са сваім малодшым сынам».

Афіцыйныя інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, што беларускі кіраўнік правёў некалькі перамоваў зь прэзыдэнтамі Эквадора, Балівіі, Кубы. Палітоляг Андрэй Фёдараў, што да плёну такіх перамоваў, выказаў такое меркаваньне:

«Наколькі б ні была жалобная падзея, перамовы можна правесьці. Іншая справа — наколькі яны падрыхтаваныя, бо гэта ўсё спантанна адбывалася. Я ня думаю, што нешта істотна зьменіцца. Калі былі б магчымасьці наладжваць супрацоўніцтва, яно б і так наладжвалася. Тут наўрад ці асабістыя кантакты, тым больш, вось такія спантанныя, могуць неяк істотна паўплываць на далейшае разьвіцьцё».

Значэньне перамоваў з лацінаамэрыканскімі лідэрамі, якія маглі адбыцца ў Каракасе, ня варта перабольшваць. Максымальная задача, якая можа быць пастаўлена — захаваць эканамічныя дачыненьні, якія былі завязаныя дзякуючы асабіста Чавэсу,захаваць доўгатэрміновыя праекты, зьвязаныя з пастаўкай будаўнічай тэхнікі, вайсковага абсталяваньня, будаўніцтва ў самой Вэнэсуэле, лічыць палітоляг Юры Чавусаў:

«Штосьці большага дасягнуць у сёньняшніх умовах наўрад ці магчыма. Усё ж такі ў Беларусі і Вэнэсуэлы агульных геапалітычных інтарэсаў няма, у той сыстэме зьнешнепалітычный падтрымкі рэжыму, які Лукашэнка выбудоўвае, Вэнэсуэла, нягледзячы на параўнальна значны аб’ём супрацоўніцтва, была часткай далёкай дугі. Бліжэйшая дуга — гэта Расея, гэта хаўрусьнікі ў Эўропе — яна больш важная для выжываньня рэжыму. І мне падаецца, знайсьці падобнае апірышча ў Лацінскай Амэрыцы наўрад ці атрымаецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG