Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зісер: абвінавачаньні Радзінай «цягнуць на артыкул»


Канфлікт паміж заснавальнікам і саўладальнікам парталу Tut.by Юрыем Зісерам і галоўнай рэдактаркай сайту Charter’97 Натальляй Радзінай разгарэўся на канфэрэнцыі АБСЭ «Інтэрнэт-2013: выбудоўваньне палітыкі па прасоўваньні свабоды СМІ», якая праходзіць у Вене.

На канфэрэнцыю ад Беларусі быў запрошаны намесьнік начальніка Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Ўладзімер Рабаволаў. Ён прадставіў нацыянальны падыход да рэгуляваньня інтэрнэту. Апроч прадстаўніка дзяржавы, запрасілі рэдактарку апызыцыйнага сайту Charter’97 Натальлю Радзіну і заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера. Афіцыйныя выданьні паведамілі, што Юры Зісер на канфэрэнцыі прадстаўляе «грамадзянскую супольнасьць».

Натальля Радзіна апавяла карэспандэнту «Свабоды»:

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
«Як мне сказалі арганізатары канфэрэнцыі, Зісера парэкамэндаваў запрасіць наш МЗС. Таму што, дзякуючы ўказу прэзыдэнта пра Інтэрнэт, беларускім фірмам забаранілі мець хостынг не ў Беларусі. Самая буйная хостынг-кампанія ў Беларусі належыць Зісеру. Таму гэты бізнэсмэн атрымаў звышпрыбытак ад гэтага ўказу.

Пад выглядам супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю адбылася звычайная карупцыйная зьдзелка і лабіяваньне інтарэсаў адной кампаніі. Натуральна, Tut.by і Зісер цяпер падаюцца як адны з самых незалежных СМІ і журналістаў у Беларусі. А гэта чалавек, які працуе з гэтым рэжымам і зарабляе грошы на гэтым рэжыме».

Натальля кажа, што пасьля яе выступу Юры Зісер устаў са свайго месца і пракрычаў: «За абвінавачаньні ў карупцыі я вас пасаджу! Можаце ў Беларусь не вяртацца!»

А вось вэрсія Юрыя Зісера:

Юры Зісер
Юры Зісер
«Устала спадарыня Радзіна і абвінаваціла мяне ў карупцыі. Што я падкупіў ААЦ, каб хостынг аддалі ў Беларусь. Яна, канечне, памыліліся, бо не для таго хостынг пераносілі, а для таго, каб усе сайты былі пад кантролем. А па-другое, найбуйнейшы хостынг-правайдэр быў ня мы, а „Экстмэдыя“. Атрымліваецца, што „Экстэмэдыя“ падкупіла. Яна таксама сфатаграфавала момант, калі я набіраў ежу на фуршэце з карыта. А побач набіраў намесьнік старшыні ААЦ. Яна сфатаграфавала нас разам, а нехта апублікаваў гэты здымак з подпісам „Зісер са сваім куратарам з ААЦ“. Я вельмі сьмяяўся, бо ў нас увогуле няма куратара ад ААЦ. ААЦ увогуле зь людзьмі не працуе».

Юры Зісер паведаміў, што на канфэрэнцыі прадстаўляе ня ўсю «грамадзянскую супольнасьць», а канкрэтна асацыяцыю «Белінфаком». Сход кіраўніцтва гэтай арганізацыі вырашыў яго накіраваць на канфэрэнцыю, і ён адправіў заяўку праз сайт, які арганізоўваў канфэрэнцыю. Гэта была ягоная ўласная ініцыятыва.

Радыё Свабода: «Натальля кажа, што вы пагражалі яе пасадзіць за абвінавачаньні ў карупцыі, было такое?»

Юры Зісер: «Я не хачу гэта камэнтаваць, бо гэта ляжыць за межамі навінаў. Але абвінавачаньні ў карупцыі „цягнуць на артыкул“. Тое, што яна рэкнула не падумаўшы, гэта сур’ёзнае абвінавачаньне: я падкупіў ААЦ. Хай далей распавядае, каго я падкупіў — з гэтага месца, калі ласка, падрабязьней».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG