Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея спужалася Радзінай


Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
Уладзіслаў Суркоў, першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі расейскага прэзыдэнта, дапамог рэдактарцы апазыцыйнага сайту атрымаць выязную візу з Расеі. Гэта дазволіла ёй уцячы ад перасьледу беларускіх уладаў.

Пра гэта піша газэта «Монд» у артыкуле «Беларускі голас з-за мяжы» са спасылкай на Натальлю Радзіну.

«Гэтае рашэньне расейскіх уладаў ілюструе складаныя, часта супярэчлівыя адносіны паміж Менскам і Масквой. Іх сяброўства пераменлівае», — так характарызуе французская газэта стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй. Уладзіслава Суркова называюць галоўным ідэолягам Крамля, ён адзін з ініцыятараў стварэньня прапуцінскага руху «Нашы», а цяпер займае пост намесьніка старшыні ўраду Расеі.

Натальля Радзіна паведаміла газэце «Наша ніва», што зьвярталася да Суркова не асабіста, а праз расейскую праваабаронцу Сьвятлану Ганнушкіну, кіраўніцу камітэту «Грамадзянскае спрыяньне».

Сьвятлана Ганнушкіна
Сьвятлана Ганнушкіна
Радыё Свабода папрасіла Сьвятлану Ганнушкіну апавесьці, як Уладзіслаў Суркоў пагадзіўся паспрыяць уцёкам рэдактаркі апазыцыйнага сайту:

Ганнушкіна: «Наташа прыехала ў Расею без дакумэнтаў. Гэта праўда. Ёй удалося атрымаць тут пасьведчаньне асобы. Яно не расейскае. Адна з прыязных краінаў пагадзілася выдаць ёй пасьведчаньне. Для выезду ёй патрэбная была транзытная віза, якая б тлумачыла яе перабываньне ў Расеі.

Уладзіслаў Суркоў
Уладзіслаў Суркоў
Была сустрэча з прэзыдэнтам, на якой я распавядала пра нашыя справы на Каўказе. Пасьля яе я падышла да Ўладзіслава Юр’евіча Суркова і спытала, ці будзе зацікаўленая Расея ў тым, каб журналіст з прыязнай краіны, але які яўна цярпіць ад рэпрэсіяў, зьвярнуўся б тут па прытулак. Ён лёгка і проста зразумеў, што Расеі гэта зусім ня трэба. І ёй далі магчымасьць спакойна зьехаць. Я лічу, што гэты ўчынак робіць гонар Уладзіславу Юр’евічу Суркову».

Рэдактарку сайту «Хартыя’97» Натальлю Радзіну арыштавалі 19 сьнежня 2010 году на Плошчы. Яна стала фігуранткай справы аб масавых беспарадках. Яе накіравалі ў Кобрын пад падпіску аб нявыезьдзе. 30 сакавіка ёй удалося таемна выехаць зь Беларусі. Пазьней Натальля Радзіна атрымала палітычны прытулак у Літве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG