Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра даярак з прафэсійнай хваробай „хранічны запой“...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 30 студзеня 2013 году

Апошнія гады ўсё больш у пошце «Свабоды» лістоў, аўтары якіх зьвяртаюць увагу на маштабы п’янства і алькагалізму ў Беларусі. Асабліва пакутуе ад гэтай бяды вёска. Высокапастаўленыя чыноўнікі, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, калі заходзіць размова пра гэта, звычайна абмяжоўваюцца агульнымі развагамі ды крытыкай на адрас антыалькагольнай кампаніі, якую спрабаваў праводзіць у сярэдзіне 80-х гадоў у СССР Міхаіл Гарбачоў. Маўляў, досьвед быў няўдалы. Калі абмяжуем продаж гарэлкі, людзі пачнуць піць розныя сурагаты ды вырабляць самагон. Тым часам гарэлка і пладова-ягаднае віно ў Беларусі працягваюць заставацца таннымі і агульнадаступнымі, а алькагалізм набывае маштабы эпідэміі.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Вось што піша пра алькагалізацыю сваёй вёскі наш даўні сябар Мікалай Бусел зь вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёну:

«Пра цяперашні масавы алькагалізм можна багата казаць. Я ня раз чуў меркаваньне, што дзяржава даўно і наўмысна спойвае людзей.

От узяць наш па плешку непэрспэктыўны край. У нашу вёску, як найнеабходнейшы прадукт, адразу пасьля Новага году прывезьлі мо сорак скрынак „чарніла“: амаль па скрынцы на душу.

Што ж выйшла з такіх „клопатаў“? Дарваўшыся да таннага пойла, тутэйшыя работнікі панапіваліся і не пайшлі на працу на фэрму. У цяперашнім калгасе, які колісь насіў імя „1 Мая“, практычна няма нікога, каго б міліцыя не пазбаўляла трактарных правоў. Але некаму ж працаваць трэба. То з маўклівай згоды начальства, заплюшчыўшы вочы, гэтых экс-трактарыстаў ізноў саджаюць на які-небудзь трактар ці пагрузчык. І такі чалавек працуе, цундзіць „чарніла“ ў працоўны час, яго ізноў ловяць і праганяюць. І саджаюць іншага, і гісторыя ізноў паўтараецца. Гэта кашмар!

Адзін брыгадзір на гэта сказаў: „Лукашэнка ўсіх ператруціць гідролізам“. А калі адна з жанок у краме папракнула нейкую начальніцу з Акцябрскага райспажыўгандлю („Навошта вы прыперлі такую процьму пойла?“), тая маўчала, бо як разумна і ўцямна можна апраўдаць такі алькагольны прэсінг на бедны народ?» — піша ў сваім лісьце на «Свабоду» Мікалай Бусел зь вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёну. — Ужо не мужыкі, а жанкі, былыя даяркі з прафэсійнай хваробай «хранічны запой», амаль у пеўні соўгаюцца па хатах, просячы хоць чаго-небудзь алькагольнага глыкануць, хоць карвалолу, хоць валяр’янкі, хоць мурашынага сьпірту. У крамах пойла даюць нават на сьпіс.

Вы ж бачыце, бедным начальнікам — 50% падвышка заробкаў, а народу — 20% рост цэн на ўсё плюс ачмурэньне ад пуза.

Дык ці ж можна вінаваціць моцна люд за п’янства, калі ўлада цынічна правакуе яго?

Заробак у тутэйшага люду — ад паўтара да двух мільёнаў рублёў. Гэта — хімэрычны даход, зь якога нічога ня выкраіш, акрамя як на самае неабходнае — агіднае казённае пойла.

Дык чаму вашы спэцкары ня сходзяць у шоп-туры на дэгустацыю ў пойлавыя склепы, не раскажуць сакрэты пойларобства, вытворчыя і творчыя пляны хімічнага вынішчэньня народа?

Што не дарабілі Гімлер і Гарбачоў, тое пасьпяхова робіць Аляксандар Рыгоравіч, зьняўшы ўсякае табу з нашага легендарнага мафіёзнага «чарніла», правільней — перавёўшы Беларусь у постчарнільную, пойлавую фармацыю. (Знаўцы і аматары з тугой успамінаюць тое збольшага натуральнае «чарніла», асабліва народна-патрыятычна-папулярныя цэны на яго)«
.

Якраз нядаўна, спадар Мікалай, нашы магілёўскі і гомельскі карэспандэнты хадзілі па вінна-гарэлачных крамах і ў сваіх рэпартажах падрабязна распавялі пра асартымэнт пладова-ягадных вінаў, якія ў народзе называюць «чарнілам». Зьвярталіся мы да гэтай тэмы 11 студзеня — у сувязі з тым, што напрыканцы мінулага году прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч абяцаў з 1 студзеня спыніць выраб такіх напояў. Меркавалася, што замест іх вінзаводы пачнуць вырабляць больш якасныя, «палепшаныя» віны.

Ці выканана гэтае рашэньне? Выявілася, што і ў Гомелі, і ў Магілёве, і паўсюль па Беларусі ў крамах па-ранейшаму гандлююць гэтымі алькагольнымі сурагатамі, кошт якіх вагаецца ў межах 12–16 тысяч рублёў за паўлітра. Якасьць гэтай вадкасьці выклікае вялікі сумнеў нават у параўнаньні з тым морам «чарніла», у якім патанаў брэжнеўскі Савецкі Саюз у 70-я гады мінулага стагодзьдзя. Тады, прынамсі, вінзаводы ня мелі (а таму не маглі выкарыстоўваць) рознага кшталту хімічных фарбавальнікаў, араматызатараў ды кансэрвантаў.

Якасьць таго, што прадаецца ў беларускіх харчовых крамах ды шапіках, турбуе і іншую нашу слухачку — Леанарду Роменскую з Маладэчна. У сваім лісьце на «Свабоду» яна піша:

«Трэба вам шукаць і знаходзіць такія тэмы, якія па-сапраўднаму непакояць людзей. Вось, напрыклад, труцяць нашых людзей усялякімі незразумелымі прадуктамі з рознай хіміяй. Хто ведае, чым гандлюе той прадпрымальнік у сваім шапіку, а то і проста зь зямлі, з асфальту? Раней за спэкуляцыю ў турму саджалі. А цяпер гэтыя асобы — не злачынцы і злодзеі, а — бізнэсмэны, зарабляюць вялікія грошы на простых людзях.

Ці вось яшчэ адна тэма. Увосень як толькі ня хваляцца ўлады багатым ураджаем. Маўляў, ніколі столькі зерня мы ня мелі, нейкія нечуваныя мільёны тон. З гэтай нагоды паўсюль — гульбішчы, песьні, танцы, „Дажынкі“ з раздачай розных багатых падарункаў. А што маем у выніку? Хлеб даражэе амаль кожны дзень, і ўжо ня кожнаму і не заўсёды ён па кішэні. Раней ураджаі былі не такія вялікія. А хлеб у любой савецкай сталоўцы быў бясплатны, і галодны чалавек заўсёды мог узяць кавалак хлеба. І не было столькі бамжоў ды кінутых дзяцей... Многае можна ўспамінаць, але ўсё, вядома, не апішаш»
.

Бясплатнага хлеба ў савецкіх сталоўках ня памятаю. Падчас майго студэнцтва, у 80-я гады, кавалак хлеба ў сталоўцы каштаваў адну капейку. Гэта, вядома, было вельмі танна і агульнадаступна. Зрэшты, студэнты 60-х згадваюць, што ў іх час за хлеб у сталоўках, сапраўды, не плацілі ўвогуле. Тады, адрозна ад цяперашняй Беларусі, таннай была ежа, а ня выпіўка. Сёньня абед у менскай сталоўцы каштуе прыблізна столькі ж, колькі бутэлька гарэлкі. У 80-я бутэлька гарэлкі каштавала 10 рублёў: на такія грошы студэнт мог пракарміцца амаль тыдзень. Суадносячы гэтыя факты і лічбы, міжволі задаеш сабе пытаньне: якую ж мэту ставіць цяперашняя ўлада такой цэнавай палітыкай: каб не было галодных — ці каб не было цьвярозых?

...Што да вашых, спадарыня Леанарда, заўвагаў пра бізнэсоўцаў, якіх вы называеце спэкулянтамі. Бяз гэтых, так бы мовіць, «спэкулянтаў» мы сёньня працягвалі б стаяць у чэргах па самае неабходнае — мяса, каўбасу, імпартны абутак, адзеньне... Згадайце савецкі час: чаго тады ўдосталь было ў дзяржаўных крамах? Хіба толькі таго ж хлеба. Усё астатняе — ці з-пад прылаўка, ці пасьля стаяньня ў даўжэзных чэргах. Што да якасьці цяперашніх тавараў, якія прадаюцца на рынках... Вядома, не выпадае спадзявацца, што за маленькія грошы можна набыць высакаякасную фірмовую рэч. Хоць, зрэшты, і для прыватных прадпрымальнікаў, і для дзяржаўнага гандлю дзейнічаюць адны і тыя ж санітарныя і гігіенічныя нормы. І ёсьць адмысловыя службы, якія павінны сачыць, каб на рынку і ў краме не гандлявалі небясьпечнымі для здароўя прадуктамі.

У аглядзе пошты 16 студзеня прагучаў ліст Аляксея Паўловіча з Горадні пра занядбаны стан беларускай мовы, у якім аўтар, у прыватнасьці, усклікаў: «Знайдзіце хоць адну краіну ў сьвеце, дзе прэзыдэнт гэтак жа, як у Беларусі, ня ведае мовы карэннага насельніцтва». Я на гэта запярэчыў слухачу, што прэзыдэнт Лукашэнка беларускую мову ведае. Па-беларуску вучыўся некалі ў школе, чуў мову ў маленстве ад маці і аднавяскоўцаў. Іншая справа, што гэтай мовай ён амаль ніколі не карыстаецца. На тое ёсьць шмат прычынаў. І галоўная зь іх, хутчэй за ўсё, — не ягонае асабістае стаўленьне да беларускай мовы. Лукашэнка размаўляе так, як большасьць беларускага насельніцтва. Калі б гэтая большасьць гаварыла інакш ці інакш рэагавала на мову свайго прэзыдэнта — то зусім іншай была б і моўная палітыка ў Беларусі.

Гэты мой адказ дужа не спадабаўся іншаму нашаму слухачу — Валерыю Грыцуку зь Менску. У сваім лісьце на «Свабоду» ён піша:

«Што гэта вы, спадар Валянцін, такое ляпнулі? Можа, вас напалохалі? Ці тэлефанаваў «товарищ майор»?

Па-першае, ніякі Лукашэнка не «прэзыдэнт», бо ня выбраны . Ёсьць іншыя афіцыйныя «лэйблы» для яго.

Па-другое, мову ён дрэнна ведае: апошняя прэс-канфэрэнцыя гэта лішні раз пацьвердзіла.

Трэцяе — пра ягонае асабістае стаўленьне да беларускай мовы. Тут усё абсалютна наадварот. Ён зьневажае нашу Мову і грэбуе ёй. Гэта ж ён сказаў аб беларускай мове — «...ничего разумного нельзя выразить на этом языке...»

І, нарэшце, пра стаўленьне большасьці грамадзтва да мовы, пра тое, што іншай была б і моўная палітыка ў Беларусі, каб па-іншаму ставіліся да гэтай праблемы людзі. Так яно так, ды ня вельмі... Беларусы — гэта паганцы, а ідал для іх — начальнік. Як начальнік скажа — так беларусы і робяць. Таму, каб галоўны начальнік «загаварыў», — загаварылі б празь месяц усе беларусы.

Як ні дзіўна, але кіргізы і казахі таксама ня вельмі хочуць карыстацца сваімі мовамі, але іх начальнікі патрабуюць ад іх мову. (Я цяпер нават зьбіраю на гэты конт цікавыя факты)
.

Я, спадар Валеры, не сьцьвярджаў, што Лукашэнка ДОБРА ведае беларускую мову. Але тое, што ён яе ВЕДАЕ і што пры жаданьні для пераходу на яе яму б спатрэбілася вельмі няшмат часу — наконт гэтага ў мяне сумневу няма.

Пра «беларусаў-паганцаў», у якіх нібыта замест ідала — начальнік... Вельмі спрэчнае сьцьвярджэньне. Апошнім часам у побытавых нефармальных зносінах ад ніводнага суайчыньніка ня чуў ня тое што захапленьня начальствам ці ідалапаклонства перад начальніцкім прыкладам — нават добрага слова на той адрас...

І, нарэшце, пра тое, ці варта называць Лукашэнку прэзыдэнтам. Мяркую, спадар Валер, што вы, як і 99 працэнтаў іншых беларускіх грамадзянаў, ня будзеце спрачацца з тым, што гэтую пасаду ў Беларусі займае менавіта грамадзянін Лукашэнка. А ўжо тое, якім чынам ён яе заняў, ці адпавядае гэта Канстытуцыі і дэмакратычным нормам, ці былі прэзыдэнцкія выбары справядлівымі і сумленнымі, ці прызнаныя іхнія вынікі на Захадзе і на Ўсходзе — асобныя вялікія тэмы. І гэты агляд, і гэты ліст — зусім не пра тое.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG