Пад ціскам Нацбанку сытуацыя з інфармаваньнем кліентаў мяняецца. Ні пра якія камісійныя ў дамовах цяпер гаворкі няма, але новыя працэнтныя стаўкі палохаюць патэнцыйных кліентаў.
Камэрцыйныя банкі выканалі новыя патрабаваньні заканадаўства аб крэдытаваньні фізычных асобаў. З 22 студзеня з крэдытных дамоваў выключаныя ўсе камісійныя плацяжы. Цяпер, падпісваючыся пад крэдытам, людзі будуць ведаць, які канкрэтна адсотак яны мусяць плаціць. Але адсоткі гэтыя ўражваюць: «Прыёр-Банк» — да 65 працэнтаў гадавых, «РРБ-Банк» — да 67%, «Дэльта-Банк» — да 96%.
Жыхарка Менску Алена Л. летась у крэдыт купіла мабільны тэлефон коштам адзін мільён рублёў. Дагэтуль яна штомесяц выплачвае «Сомбелбанку» па 200 тысяч. Яна падлічыла, што мабільнік ёй абыдзецца ў два зь лішкам мільёны. Такім чынам яна пераплаціць больш чым удвая.
«Спачатку я была рада, што вось так усё цудоўна. А калі прыехала дадому і перачытала дамову — я была ў шоку і трансе».
Пад тыя працэнты, які зараз просяць банкі, Алена больш крэдытаў браць ня хоча.
«Крэдыт — гэта кабала... Але з тымі заробкамі, якія ў нас, і ростам цэн нешта купіць нерэальна».
Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі пагаджаецца са спадарыняй Аленай — у цяперашніх умовах браць крэдыты ня варта.
Спадар Палхоўскі згадвае выпадак, калі РРБ-Банк раней прапаноўваў крэдыты пад 30 працэнтаў гадавых, але прасіў яшчэ паўтара працэнта ў месяц так званых камісійных. Рэальна выходзіла больш за 100 працэнтаў.
«Банкі заблытвалі кліентаў, і атрымлівалася, што крэдыт нібыта прывабны. Але калі яго возьмеш і пачынаеш аплачваць, то выходзіць цэлая кабала».
Цяпер Нацбанк слушна прымусіў камэрцыйныя банкі раскрываць свае рэальныя працэнтныя стаўкі:
«Гэта станоўчае рашэньне, якое скіраванае на кліента. Цяпер кліент будзе дакладна бачыць і разумець, колькі ён будзе плаціць, а не вылічваць, што там яшчэ напісана дробным шрыфтам дзе-небудзь у канцы дамовы, што банкі яшчэ навыдумлялі».
Тое, што банкі раскрылі цяпер свае завоблачныя працэнты па крэдытах, спадар Палхоўскі тлумачыць агульнай дарагоўляй крэдытных рэсурсаў у эканоміцы:
«Яны ня могуць быць таннымі з-за жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, якая зараз рэалізуецца ў краіне, стрымліваньня росту рублёвай масы».
Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі ў цяперашніх умовах сам не бярэ спажывецкіх крэдытаў і іншым ня раіць гэта рабіць, асабліва калі браць пад увагу інфляцыю:
«Я ўпэўнены, што Нацбанк працягне зьніжаць інфляцыю. Ён ведае, як гэта рабіць, мае адпаведныя інструмэнты. Таму інфляцыя будзе спадаць. А стаўкі зараз вельмі высокія, і можна такіх крэдытаў набраць, што вельмі складана будзе выплачваць».
Валеры Палхоўскі мяркуе, што крэдытныя рэсурсы павінны патаньнець. Паводле асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі да канца году стаўка рэфінансаваньня Нацбанку складзе 13–15 працэнтаў. Спадар Палхоўскі прагназуе стаўку рэфінансаваньня да канца году ў памеры каля 20 працэнтаў — на 10 пунктаў меней, чым на пачатку году. Калі зараз браць крэдыт, то плаціць давядзецца на падпісаных цяпер умовах.
«Трэба быць пільнымі і ў высокія фіксаваныя стаўкі ня ўвязвацца. У стаўкі 30–40 працэнтаў, фіксаваныя, я б цяпер ня ўвязваўся. Толькі на кароткія пэрыяды, на пару месяцаў, калі невялікія аб’ёмы плацяжоў».