Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прынясе Пракаповіч мадэрнізацыю?


Пётар Пракаповіч, архіўнае фота
Пётар Пракаповіч, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка зрабіў новыя кадравыя перастаноўкі: 70-гадовы Пётар Пракаповіч прызначаны намесьнікам прэм’ер-міністра. Дагэтуль ён займаў пасаду памочніка прэзыдэнта.

Прыканцы мінулага году Лукашэнка скрытыкаваў урад за правал праграмы па мадэрнізацыі. А на прэс-канфэрэнцыі 15 студзеня заявіў, што пакуль ніякай зьмены ўраду ня будзе. Маўляў, калі некага трэба замяніць, то «не заржавее».

Адбыліся зьмены і ў самой адміністрацыі — звольнены з пасады кіраўнік справамі прэзыдэнта Мікалай Корбут.

Пётар Пракаповіч ва ўрадзе зоймецца мадэрнізацыяй эканомікі. Ён прызначаны на пасаду, якая заставалася вакантнай зь мінулага лета.

Паводле былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, прызначэньне Пракаповіча на пасаду, якую раней займаў Сяргей Румас, не прынясе істотных пераменаў:

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір
«Пракаповіч будзе думаць тое, што думае прэзыдэнт. Што чакаць? Поўнай падтрымкі. Гэта ляяльны да прэзыдэнта чалавек. Калі быў Румас, дык Румас стараўся нешта зрабіць, гаварыў так ці ня так. А Пракапавіч ня будзе. Ён будзе думаць дакладна так, як і прэзыдэнт. Лукашэнка пакуль ня хоча значных пераменаў, таму такое прызначэньне. Пракаповіч ніколі ня быў канфліктным чалавекам. Ён ня будзе канфліктным для Мясьніковіча і ў той жа час будзе падтрымліваць усе ідэі прэзыдэнта».

Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта называюць бізнэс-імпэрыяй, якая падкантрольная асабіста Лукашэнку. Яна аб’ядноўвае 80 прадпрыемстваў у Беларусі і за яе межамі. Сярод іх нацыянальныя паркі, санаторыі, гатэльныя комплексы, каля 400 адміністратыўных і грамадзкіх будынкаў, канцэрн «Белмастацпромысылы», а гэта каля 20 фабрык, сельгаспрадпрыемствы па элітным вырошчаваньні харчоў, «Беларускія лятарэі». Пры Лукашэнку сем разоў мяняліся «заўгасы». Першы зь іх, Іван Ціцянкоў, зьбег у Расею і цяпер мае там свой бізнэс. Галіна Жураўкова скончыла сваю кар’еру на лаве падсудных, але Лукашэнка яе памілаваў. Што да Мікалая Корбута, то афіцыйна паведамляецца, што ён пяройдзе на іншую працу. Застаецца вакантнай і пасада першага намесьніка кіраўніка гэтай установы. Анатоль Дазораў звольнены яшчэ на пачатку года.

Леанід Заіка
Леанід Заіка
Эканаміст Леанід Заіка лічыць гэтую структуру абсалютна састарэлай: «Аляксандар Рыгоравіч як дырэктар саўгасу зрабіў у сябе структуру, якая зарабляе грошы для адміністрацыі. Гэта такая прэзыдэнцкая падсобная гаспадарка. Аляксандар Рыгоравіч жа сам авечак вырошчвае. Нехта яшчэ вырошчвае гусей ці курэй. І грошы вырошчваюць. Хаця калі эканоміка працуе нармальна, ніякія дачы, падсобныя ўчасткі патрэбныя ня будуць. Гэтая структура стала занадта рознабаковай, узьнікла свайго роду імпэрыя. Наогул, гэтая структура нікому не патрэбная. Гэта такая славянская азіяцкая структура на фоне ўсеагульнай беднасьці і намэнклятурнага нахабства. Час памяняецца — і ўсе гэта сыдзе ў мінулае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG