Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвелікодны тыдзень


Юрась Бушлякоў, Менск

Да “сьвята сьвятаў” – Вялікадня – рыхтуюцца цэлы тыдзень – пачынаючы зь Вербніцы, ці, іначай, Вербнай нядзелі. На Вербніцу асьвячаюць у храмах галінкі вярбы – яны сымбалізуюць тыя пальмавыя галінкі, якімі людзі сустракалі Хрыста, калі Ён уваходзіў у Ерусалім. Вытокі Вербніцы – у паганскім кульце зеляніны. Па асьвячэньні галінак вярбы прынята было “пасьцёбваць” імі адзін аднаго, пры гэтым кажучы: “Ня я б’ю – вярба б’е, за тыдзень – Вялікдзень”. Верылі, што такі рытуал дазваляе перадаць чалавеку сілу й хараство вярбы. Гавораць яшчэ: “Будзь здароў, як вада, а расьці, як вярба”.

За Вербніцаю надыходзіць поўны перадвелікоднага клопату Вялікі, ці Белы, або – яшчэ – Страсны тыдзень. У першы дзень Вялікага тыдняЧысты панядзелак – вернікі датрымліваюць асабліва строгі пост. У Чысты панядзелак і наступны за ім Чысты аўторак няможна было трымаць у доме нічога бруднага – каб не напалі хваробы, ні на людзей, ні на жывёлу. Сераду Вялікага тыдня ў народнай традыцыі называюць дравяной – у дравяную сераду трэба вымыць дома ўсе драўляныя рэчы. Чацьвер перадвелікоднага тыдня – Чысты або Вялікі чацьвер. “Чысты чацьвер вулкі чысьціць, дваркі мяце, сьлядкі кладзе… к сьвятому Вялічку”. У Чысты чацьвер наводзяць парадак дома й абвязкова мыюцца – каб быць чыстымі й здаровымі цэлы год. За Чыстым чацьвяргом прыходзіць Вялікая або Чырвоная пятніца – апошні дзень, калі “посьцяць шчырым постам”. І, нарэшце, дзень перад ВялікаднемВялікая, Велікодная субота – час пячы пасху й фарбаваць яйкі. Напамін пра велікодную традыцыю працягнем заўтра – пагаворым пра яйкі пісанкі, крашанкі, маляванкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG