Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікдзень, Пасха


Юрась Бушлякоў, Менск

На найбліжэйшую нядзелю прыпадае “сьвята сьвятаў” – Вялікдзень. У глыбокай старажытнасьці на Вялікдзень цешыліся з уваскрэсеньня сонечнага боства, і гэтае сьвята ў гонар абуджэньня прыроды пачынала каляндарны год. У пару хрысьціянства й для хрысьціянаў Вялікдзень – гэта сьвята ў гонар уваскрэсеньня ўкрыжаванага Ісуса Хрыста. Традыцыйнае ў нашай мове слова Вялікдзень убірае ў сябе і хрысьціянскі, і язычніцкі зьмест сьвята. ВялікдзеньВялікі дзень. Вялікі значыць тут – сьвяты. У дыялектнай мове поруч з формаю Вялікдзень ёсьць Вялікадне й Вялікаднік, а яшчэ – Вялічка.

Царква ў Беларусі Вялікдзень называла й называе Пасхаю – ад габрайскага слова пэсах (даслоўна – ‘пераход’). Першапачатна пэсахам габраі звалі веснавую ахвяру ў гонар Бога – ягнё. Пазьней, у VII стагодзьдзі да Нараджэньня Хрыстовага, сьвята Пэсах (Пэйсах) пачалі тлумачыць як дзень памяці, успаміну пра выхад габраяў з Эгіпту. Сучаснае называньне ўваскрэсеньня Хрыстовага Пасхаю нясе глыбокі тэалягічны сэнс, акцэнтуе хрысьціянскі зьмест сьвята. А яшчэ па-беларуску пасхаю або паскаю называем, як вядома, пасьвячоныя на Вялікдзень прадукты, а таксама салодкую велікодную страву з тварагу, звычайна ў форме чатырохграннай піраміды.

На заканчэньне – кароткі моўны напамін. Па-беларуску скажам, што чакаем Вялікадня, посьцім перад Вялікаднем – пры зьмене слова Вялікдзень разьвіваецца ўстаўны а. Усё тое, што зьвязана зь Вялікаднем, – велікоднае. Найбліжэйшымі перадсьвяточнымі днямі ў “Жывой мове” мы яшчэ пагаворым пра перадвелікодны тыдзень, велікодную традыцыю, у прыватнасьці пра велікодныя пісанкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG