Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гады ў рады


Юрась Бушлякоў, Менск

Што гаворым пры сустрэчы чалавеку, зь якім бачымся рэдка, якога даўно ня бачылі? У такой сытуацыі можам скарыстаць фразэму гады ў рады. Беларускае спалучэньне гады ў рады ўжываецца, вядома ж, ня толькі пры вітаньнях. Калі мы робім нешта занадта рэдка, зусім нерэгулярна – гэта значыць, што робім гады ў рады: заходзім, да прыкладу, да кагось гады ў рады, пераведваем некага гады ў рады, гады ў рады чытаем нейкую газэту. Фразэма часам ужываецца й з адваротным парадкам кампанэнтаў – рады ў гады. Чаму так гавораць: гады ў рады й рады ў гады? Магчыма, асноваю фразэмы стаў вобраз гадоў, якія ўва ўяўленьні чалавека выстройваюцца ў рады. Зрэшты, трэба пагадзіцца з дасьледнікам фразэалёгіі Іванам Лепешавым: такая не зусім лягічная зьвязка словаў – гады ў рады – у значнай ступені магла быць абумоўленая проста рыфмаю. “У такіх рыфмаваных выразах, – піша Лепешаў, – фармальнае нярэдка пераважае над лягічным”.

І апошні штрышок. Гады ў рады – ня проста рэгулярнае ў нашай мове спалучэньне словаў. Гэта – уласнабеларуская фразэма, і вядомая яна толькі ў нашай мове. Напомню, пры сустрэчы з тым, каго даўно ня бачылі, можам сказаць: “Гады ў рады бачымся”, – або проста: “Гады ў рады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG