Як называем па-беларуску ўдзельнiка гульнi? І ў сэнсе забавы, забаўляньня, i таксама ў значэньнi суперніцтва, якое вядзем паводле пэўных правiлаў, рэгулярна ўжываецца ў нас назоўнiк гульня, тым ня менш удзельнiка гульнi часта мянуюць iграком – забываюцца на слова гулец. Ёсьць, здаецца, нават комплекс боязi назоўнiка гулец – нiбыта ён нечым нядобры. Баяцца ў гэтым разе ня трэба: гулец – заканамернае ўтварэньне ад дзеяслова гуляць. Той, хто нешта выдае, – выдавец, хто косiць – касец, той, хто курыць, – курэц, хто плыве – плывец, хто прадае – прадавец. Такую ж самую форму мае й назоўнiк з значэньнем чалавека, якi гуляе, – гэты чалавек – гулец. У цяперашнiм лiтаратурным маўленьнi, калi маюць на ўвазе супернiцтва, канкурэнцыю, ужываюць, як правiла, дзеяслоў гуляць (а не iграць (граць)): гуляць у тэнiс, гуляць у карты, гуляць у хованкi. Раз мы гуляем, значыцца мы гульцы. Зьвярну яшчэ ўвагу, што гульца нязьменна фіксуюць нарматыўныя слоўнiкi нашай мовы.
Ігрок, як i формы iграч, iгрэц, дарэчы, калi гаворка iдзе пра iгру, іграньне (граньне), найперш, вядома, іграньне на музычным iнструмэнце. Словамi iгрок, iграч, iгрэц у народнай беларускай мове называлi й называюць музыку. Гавораць у нас: i жнец, i шавец, i на дудзе iгрэц; або – амаль тое самае – i шавец, i кравец, i ў дуду iгрэц.
Стараймася быць больш пасьлядоўныя ў сваёй мове – не забываймася на добрае беларускае слова гулец. Вось жа, у гульні гуляюць гульцы.